1 Як ужо многія браліся напісаць аповесьць аб зусім добра вядомых сярод вас здарэньнях,
2 як пераказалі нам тое быўшыя з самага пачатку вачавідцамі і слугамі Слова,
3 то прыйшло на думку і мне, пільна разьведаўшы аб усім ад пачатку, як сьлед апісаць табе, высокапаважаны Феафіле,
4 каб ты даведаўся праўду аб тых словах, якіх цябе навучылі.
5 Быў у дні Ірада, цара Юдэйскага, сьвяшчэньнік з Авіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка яго з дачок Ааронавых; і было імя яе Альжбета.
6 Былі-ж яны абое праведныя перад Богам, паступаючы паводле прыказаньняў і законаў Госпада беззаганна.
7 І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбета была няплодная, і абое яны былі паджылыя ў гадох сваіх.
8 І сталася, калі ў парадку свае чаргі служыў ён перад Богам,
9 выпала яму паводле звычаю сьвяшчэньнікаў увайсьці ў царкву Гасподнюю кадзіць;
10 а ўся маса народу вонках малілася ў час каджэньня.
11 І зьявіўся яму Ангел Гасподні, стоячы справа ля кадзільнага ахвярніку.
12 І спалохаўся Захарыя, убачыўшы яго, і зьняў яго страх.
13 Ангел жа сказаў яму: ня бойся, Захарыя; бо выслухана малітва твая, і жонка твая Альжбета ўродзіць табе сына, і дасі яму імя — Іоан.
14 І будзе табе радасьць і ўцеха, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня яго.
15 Бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ў чэраве маткі свае.
16 І многіх з сыноў Ізраілявых наверне да Госпада Бога іх.
17 І пройдзе перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяных да мудрасьці праведных, каб прыгатаваць Госпаду народ падгатоўлены.
18 І сказаў Захарыя Ангелу: Па чым пазнаю я гэтае? То-ж я стары, і жонка мая ў гадох пажылых.
19 І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыіл, што перад Богам стаю, і пасланы гаварыць з табою і абвясьціць табе гэтае.
20 І вось, будзеш ты маўчаць, і ня здолееш гаварыць да дня, калі гэтае станецца: за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час.
21 І ждаў народ Захарыю і дзівіўся, што ён марудзіць у царкве.
22 Выйшаўшы-ж, ён ня мог гаварыць да іх: і пазналі, што бачыў зьяву ў царкве; і ён ківаў і астаўся немы.
23 І сталася, як скончыліся дні службы яго, вярнуўся ён у дом свой.
24 Пасьля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка яго, і таілася пяць месяцаў, ды гаварыла:
25 так учыніў мне Госпад у дні гэтыя, як глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі.
26 У шосты-ж месяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў места Галілейскае, называнае Назарэт,
27 да дзевы, заручанай з мужам іменьнем Язэп, з дому Давідавага; імя-ж дзевы — Марыя.
28 Ангел, увайшоўшы да яе, сказаў: радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; багаслаўлена ты між жанок.
29 Яна-ж, убачыўшы яго, спалохалася ад слоў яго і разважала, што-б гэта было за прывітаньне такое?
30 І сказаў ёй Ангел: ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога.
31 І вось зачнеш у чэраве і народзіш Сына і дасі Яму імя: Ісус.
32 Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго,
33 і царыць будзе над домам Якава давеку, і царству Яго ня будзе канца.
34 Марыя-ж сказала Ангелу: як гэта будзе, калі я ня знаю мужа?
35 І ў адказ сказаў ей: Дух Сьвяты найдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе: вось чаму й тое, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назавецца.
36 Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе, хоць і называнай няплоднай.
37 Бо-ж у Бога ніводнае слова ня будзе немагчымым.
38 І сказала Марыя: вось я — слуга Госпада; няхай станецца мне па слову твайму. І адыйшоў ад яе Ангел.
39 Устаўшы-ж Марыя ў тыя дні борзда пайшла ў горную краіну, у места Юдзіна.
40 І ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету.
41 І сталася, як Альжбета ўчула прывітаньне Марыі, узварухнулася дзіцятка ў чэраве яе, і Альжбета напоўнілася Духам Сьвятым.
42 І загаласіла моцным голасам і сказала: багаслаўлена ты між жанок, і багаслаўлены плод чэрава твайго.
43 І адкуль гэтае мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне?
44 Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ў чэраве маім.
45 І шчасьліва паверыўшая: бо збудзецца сказанае ёй ад Госпада.
46 І сказала Марыя: вялічае душа мая Госпада;
47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу Спасіцелю маім,
48 што глянуў Ён на пакорнасьць рабы свае, бо адгэтуль шчасьліваю называцімуць мяне ўсе роды,
49 бо вялікае ўчыніў мне Дужы; і сьвятое імя Яго;
50 і міласьць Яго ў роды радоў для тых, што баяцца Яго.
51 Учыніў сілу рукой сваёй; рассеяў гордых думкамі сэрца іх;
52 адабраў у моцных пасады, узьвялічыў пакорных,
53 галодных здаволіў дабром, а багатыроў адпусьціў ні з чым.
54 Прыняў Ізраіля, слугу свайго, успомніў міласьць,
55 як гаварыў да айцоў нашых, да Аўраама і насеньня яго давеку.
56 Прабыла-ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.
57 Альжбеце-ж настаў час радзіць, і яна ўрадзіла сына.
58 І пачулі суседзі ды сваякі яе, што ўзьвялічыў Госпад міласьць сваю над ёю, і цешыліся з ёю.
59 У восмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хацелі назваць яго па іменьню бацькі яго Захарыям.
60 На гэтае маці яго сказала: не, а назваць яго Іоанам.
61 І сказалі ёй: нікога няма ў родзе тваім, хто зваўся-б гэтым іменьнем.
62 І пыталіся на мігах у бацькі, як бы ён хацеў назваць яго.
63 Ён зажадаў дошчачку і напісаў: Іоан імя яму. І ўсе дзівіліся.
64 І ў той жа час расчыніліся вусны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, багаслаўлючы Бога.
65 І страх узьняўся сярод суседзяў іх; і расказвалі пра ўсё гэтае па ўсёй нагорнай старане Юдэйскай.
66 І ўсе чуўшыя ўзялі гэтае да сэрца свайго і гаварылі: што-ж гэта будзе за дзіця? І рука Госпадава была з ім.
67 І Захарыя, бацька яго, напоўніўся Сьвятым Духам і прарочыў, кажучы:
68 Багаслаўлены Госпад Бог Ізраіляў, што адведаў народ свой і даў выбаўленьне яму;
69 і падняў рог спасеньня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,
70 (як апавясьціў вуснамі быўшых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх),
71 спасе нас ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх ненавідзячых нас;
72 і ўчыніць ласку бацьком нашым і спамяне сьвяты тастамант свой,
73 прысягу, што кляўся Аўрааму, бацьцы нашаму, даць нам,
74 не з баязьні, па выбаўленьні з рукі ворагаў нашых
75 служыць Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага.
76 І ты, дзіцятка, назавешся прарокам Усявышняга, бо пройдзеш наперад прад абліччам Госпада — прыгатаваць шляхі Яму,
77 даць народу пазнаць спасеньне ў адпушчэньні грахоў яго,
78 па ўнутранаму міласэрдзю Бога нашага, якім адведаў нас Усход з вышыні,
79 прасьвяціць тых, што ў цемры і ў цяню сьмяротным, пакіраваць ногі нашыя, на дарогу міра.
80 Дзіця-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.
Зноскі:
9 + вершы 21, 22 — царква = храм.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991