1 І сталася, як Ён у адным ме́сцы маліўся, калі перастаў, адзін з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзе! наўчы нас маліцца, як і Іоан наўчыў вучняў сваіх.
2 Ён сказаў ім: калі мо́ліцеся, гаварыце: Ойча наш, каторы ёсьць у Нябёсах! Няхай сьвяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая, як у не́бе, так і на зямлі.
3 Хлеб наш штодзе́нны дай нам сягоньня
4 і даруй нам даўгі нашыя, як і мы даруем даўжніком нашым; і ня ўводзь нас у спакушэньне, але захавай нас ад злога.
5 І сказаў ім: Не́хта з вас, маючы сябру, прыйдзе да яго і скажа яму: сябра! пазыч мне́ тры булкі хле́ба,
6 бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне́, і мне́ няма́ чаго даць яму;
7 а той з хаты скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне́; дзьве́ры ўжо замкнёны, і дзе́ці мае́ са мною ў пасьце́лі; не магу ўстаць і даць табе́.
8 Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму дзеля дружбы з ім, дык дзеля дакучлівасьці яго, ўстаўшы, дасьць яму, колькі просіць.
9 І Я кажу вам: прасе́це, і да́дзена вам будзе; шукайце і знойдзеце; сту́кайце, і адчыняць вам;
10 бо ўсякі, хто просіць, дастае́; і хто шукае, знаходзіць; і хто сту́кае, адчыняць таму.
11 Хто з вас бацька, калі сын папросіць хле́ба, дасьць яму камень? Ці, калі папросіць ры́бы, дасьць яму зьмяю заме́ст рыбы?
12 Ці, калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна?
13 Дык вось, калі вы, благія, уме́еце добрыя дая́ньні даваць дзе́цям вашым, тым бале́й Аце́ц Нябе́сны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго.
14 І раз выгнаў Ён чарта́, які быў не́мы; і, калі чорт выйшаў, не́мы стаў гаварыць; і народ быў зьдзіўлены.
15 Іншыя-ж з іх гаварылі: Ён выганяе чарто́ў сілаю Вэльзэвула, кня́зя чарто́ў.
16 А іншыя, спакушаючы, трэбавалі ў Яго знаме́ньня з не́ба.
17 Але Ён, ве́даючы памышле́ньні іх, сказаў ім: усякае царства, разьдзяліўшаеся само ў сабе́, апусьце́е, і дом, разьдзяліўшыся сам у сабе́, упадзе́.
18 Калі-ж і шата́н разьдзяліўся сам у сабе́, то як устаіць царства яго? А вы ка́жаце, што Я сілаю Вэльзэвула выганяю чартоў;
19 і калі Я сілаю Вэльзэвула выганяю чартоў, то сыны вашыя кім выганяюць іх? Затым яны будуць судзьдзямі вам.
20 Калі-ж Я пальцам Божым выганяю чартоў, то значыць прыйшло да вас Царства Божае.
21 Калі дужы́ з аружжам пілнуе свой дом, тады ў бясьпе́чнасьці яго мае́масьць;
22 калі-ж дужэйшы за яго нападзе́ на яго і пераможа яго, тады возьме ўсё аружжа яго, на якое спадзяваўся, і раздасьць дабро́ яго.
23 Хто не са Мною, той проці Мяне́; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
24 Калі нячысты дух выйдзе з чалаве́ка, то ходзіць па бязводных мясцо́х, шукаючы супакою, і, не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.
25 І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным;
26 тады йдзе́ і бярэ з сабою се́м другіх духаў, больш злых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там: і бывае для чалаве́ка таго апо́шняе горш за пе́ршае.
27 І сталася, як Ён гаварыў гэтае, адна жанчына, азваўшыся з народу, сказала Яму: шчасьлівае нутро, насіўшае Цябе́, і грудзі, Цябе́ карміўшыя!
28 А Ён сказаў: шчасьлівыя чуючыя слова Божае і выпаўняючыя яго.
29 Калі-ж народ пачаў зьбірацца грамадой, Ён пача́ў гаварыць: род гэты нягодны; ён шукае знаме́ньня, і знаме́ньне ня будзе да́дзена яму, апрача знаме́ньня Іоны прарока;
30 бо, як Іона быў знаме́ньнем для Ніневійцаў, так будзе і Сын Чалаве́чы для роду гэтага.
31 Царыца Паўднёвая ўстане на суд з людзьмі роду гэтага і засудзіць іх, бо яна прыхо́дзіла ад краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямо́навай, і вось тут бале́й за Салямо́на.
32 Ніневійцы ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пака́яліся ад навуча́ньня Іонінага, і вось тут бале́й за Іону.
33 Ніхто, запаліўшы сьве́чку, не стаўляе яе́ ў патайным ме́сцы, ці пад судзіну, але на ліхтару́, каб увахо́дзячыя бачылі сьвятло́.
34 Сьве́тач це́ла ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, то і ўсё це́ла тваё будзе сьве́тлае, а калі яно будзе благое, то й це́ла тваё будзе цёмнае.
35 Дык глядзі-ж, каб сьвятло́, што ў табе́, ня было це́мрай.
36 Калі-ж це́ла тваё ўсё сьве́тлае і ня ма́е ніводнае цёмнае часткі, то будзе сьвяціцца ўсё так, як бы сьве́тач асьвяціў цябе́.
37 Калі Ён гаварыў гэтае, адзін фарысэй прасіў Яго да сябе́ абе́даць; Ён прыйшоў ды супачыў.
38 Фарысэй жа зьдзівіўся, што Ён не абмыў рук перад ядой.
39 Але Госпад сказаў яму: цяпе́р вы, фарысэі, чару і місу звонку ачышча́еце, а нутро вашае напоўнена драпе́жнасьцяй ды злосьцяй.
40 Неразумныя! ці ня Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае?
41 Падавайце ле́пш ахвяру з таго, што́ ў вас ёсьць, тады ўсё будзе ў вас чыстае.
42 Але го́ра вам, фарысэям, што даецё дзясятую частку з мяты, руты і ўсякага зе́льля і ня дбаеце аб суд і любоў Божую; і гэтае трэба было рабіць, ды таго не пакідаць.
43 Го́ра вам, фарысэям, што любіце пе́ршыя ме́сцы ў школах і паклоны на торжышчах.
44 Го́ра вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, бо вы быццам магілы ўкрытыя, што людзі ходзяць над імі й ня ве́даюць таго.
45 На гэтае не́хта з законьнікаў сказаў Яму: Вучыцель, кажучы гэтае, Ты й нас крыўдзіш.
46 Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, го́ра, што наклада́еце на людзе́й цяжары церазме́рныя, а самыя і адным пальцам сваім не краняцё цяжараў.
47 Го́ра вам, што строіце скле́пы прарокам, бацькі-ж вашыя забівалі іх;
48 гэтым вы сьве́дчыце аб учынках бацькоў вашых і згаджаецеся з імі, бо яны забівалі прарокаў, а вы будуеце ім скле́пы.
49 Дзеля гэтага і прамудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных заб’юць, а другіх вы́жануць.
50 Няхай зы́шчыцца ад роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьве́ту,
51 ад крыві Авэля да крыві Захарыі, забітага між жэртвенікам і храмам. Запраўды кажу зам: зы́шчыцца ад роду гэтага.
52 Го́ра вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуме́ньня: самыя не ўвайшлі і ўваходзячым перашкодзілі.
53 Калі ж Ён гаварыў ім гэтае, кніжнікі ды фарысэі пачалі вельмі прыставаць да Яго і дапытывацца ў Яго аб многае,
54 цікуючы на Яго і стараючыся ўлавіць не́шта з вуснаў Яго, каб абвінаваціць Яго.
Каментары ці зноскі:
14 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чорт» на → «дэман».
15 + вершы 18−20 — Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чарто́ў» на → «дэманаў».
43 школа = сынагога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.