Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Іоана 12 Эвангельле Іоана 12 разьдзел

1 За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе́ быў Лазар умёршы, якога Ён ускрасіў.
2 Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугоўвала, Лазар жа быў сярод супачываўшых з Ім за сталом.
3 Марыя-ж, узяўшы хунт дарагога чыстага нардовага але́ю, памазала ногі Ісусавы і вы́церла валасамі сваімі ногі Яго, і дом напоўніўся па́хам ад міра
4 Тады адзін з вучняў Яго, Юда Сымонаў Іскарыёт, які маніўся прадаць Яго, сказаў:
5 чаму не прадалі гэтага але́ю за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?
6 А сказаў жа гэта не дзе́ля таго, што клапаціўся аб убогіх, але дзеля таго, што быў зло́дзей і ме́ў пры сабе́ скарбонку і насіў, што туды кідалі.
7 Ісус жа сказаў: пакінь яе́; яна захавала гэта на дзе́нь пахаваньня Майго,
8 бо ўбогіх заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне́ не заўсёды.
9 І шмат хто з Жыдоў даве́даўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, што Ён ускрасіў.
10 Архірэі-ж пастанавілі забіць і Лазара,
11 бо дзеля яго многа Жыдоў прыходзілі і ўве́равалі ў Ісуса.
12 Наза́ўтрае множства народу, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе́ ў Ерузалім,
13 узялі пальмовае ве́цьце і выйшлі на спатканьне Яму і крычэлі: Оса́нна, багасла́ўлен, што йдзе́ ў імя Госпада, Цар Ізраіляў!
14 Ісус жа, знайшоўшы асьлятка, се́ў на яго, як напісана:
15 ня бойся, дачка́ Сыонская! вось Цар твой ідзе́, се́дзячы на маладым асьле́.
16 Вучні Яго сьпярша не разуме́лі гэтага, толькі, як уславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што гэтак было напісана аб Ім, і гэтае зрабілі Яму.
17 Народ жа, які быў з Ім ране́й, сьве́дчыў, што Ён вы́клікаў з магілы Лазара і ўскрасіў Яго.
18 Вось чаму спаткаў Яго народ, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.
19 Фарысэі-ж гаварылі між сабою: глядзіце, нічога не даб’емся! Уве́сь сьве́т ідзе́ за Ім.
20 Былі-ж і Грэкі сярод прыйшоўшых дзеля адпу́сту ў сьвята.
21 Яны падыйшлі да Піліпа, што быў з Віфсаіды Галіле́йскае, і прасілі яго, кажучы: па́не, нам хочацца бачыць Ісуса.
22 Піліп ідзе́ і кажа аб гэтым Андрэю; і Андрэй з Піліпам наказалі Ісусу.
23 А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшла гадзіна ўславіцца Сыну Чалаве́чаму.
24 Запраўды́, запраўды́ кажу вам: калі пшанічнае зе́рне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, то астане́цца адно, а калі замрэ, то дасьць багаты плён.
25 Хто любіць душу сваю, загубіць яе́; і той, што ненавідзіць душу сваю на гэтым сьве́це, захавае яе́ ў жыцьцё ве́чнае.
26 Хто Мне́ служыць, няхай ідзе́ Маім шляхам; і дзе́ Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне́ служыць, будзе ў пашане ў Айца Майго.
27 Цяпе́р душа Мая ўзварушана; і што Мне́ сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але-ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.
28 Ойча, услаў імя Тваё! І зыйшоў з не́ба голас: і ўславіў, і яшчэ ўслаўлю.
29 Народ, які стаяў і чуў гэтае, казаў: гэта быў гром. Другія казалі: Ангел прамовіў да Яго.
30 І адказаў Ісус і сказаў: не дзеля Мяне́ быў гэты голас, але дзеля вас.
31 Цяпе́р суд сьве́ту гэтаму; цяпер князь гэтага сьве́ту выгнаны будзе вон.
32 І Я, як буду падняты з зямлі, усіх прыва́блю да Сябе́.
33 Гаварыў жа Ён гэтае, паказуючы, якою сьме́рцяй ме́ўся паме́рці.
34 Народ адказаў Яму: мы чулі з закону, што Хрыстос істнуе ве́чна; дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы? Хто гэты Сын Чалаве́чы?
35 І сказаў ім Ісус: яшчэ на кароткі час з вамі сьвятло́; хадзіце, пакуль ма́еце сьвятло́, каб не агарнула вас це́мра; бо хто ходзіць у це́мры, той ня ве́дае, куды йдзе́.
36 Пакуль сьвятло́ з вамі, ве́рце ў сьвятло́, каб сына́мі сьвятла́ сталіся. Сказаўшы гэтае, Ісус адыйшоў і ўкрыўся ад іх.
37 І, хоць гэтулькі цудаў зрабіў Ён перад імі, яны ня ўве́равалі ў Яго:
38 каб збылося слова Ісаі прарока, які казаў: Госпадзе! хто паве́рыць пачутаму ад нас, і каму адкрылася рука́ Гасподня? (Ісая 53:1.)
39 Дзеля таго не маглі ўве́раваць, што, як ізноў сказаў Ісая:
40 Асьляпіў вочы іх і сэрца іх абярнуў у ка́мень, каб ня бачылі вачы́ма і не зразуме́лі сэрцам і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх.
41 Гэта сказаў Ісая, калі бачыў сла́ву Яго і гаварыў аб Ім.
42 Аднак і з начальнікаў многія ўве́равалі у Яго, але дзеля фарысэяў не вызнава́лі Яго, каб ня вы́лучылі іх з школы,
43 бо ўлюбілі бале́й сла́ву людзку́ю, чым сла́ву Бо́жую.
44 Ісус жа крыкнуў і сказаў: хто ве́руе ў Мяне́, не ў Мяне́ ве́руе, але ў Паслаўшага Мяне́.
45 І хто бачыць Мяне́, бачыць Паслаўшага Мяне́.
46 Я сьвятло́м прыйшо́ў у сьве́т, каб кожны, хто ве́руе ў Мяне́, не астаўся ў це́мры.
47 І калі хто пачуе Мае́ словы і не паве́рыць, Я ня суджу́ яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьве́т, але спасаць сьве́т.
48 Хто адкідае Мяне́ і ня прыймае слоў Маіх, ма́е судзьдзю для сябе́: сло́ва, што Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзе́нь;
49 бо не ад Сябе́ казаў Я, але Аце́ц, што паслаў Мяне́, Ён даў Мне́ загад, што́ казаць і гаварыць.
50 І ве́даю, што прыказа́ньне Яго ёсьць жыцьцё ве́чнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне́ Аце́ц, каб гаварыў.

Каментары ці зноскі:

42 школа = сынагога.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.