1 Першую аповесьць, Тэафілю, учыніў я аб усім, што Ісус рабіў ды навучаў
2 да дня, у які ўзьнёсся, даўшы праз Духа Сьвятога загады Апосталам, якіх выбраў,
3 ды прад якімі зьяўляўся жывы пасьля мукаў Сваіх у чысьленых зьявах, у працягу сараку дзён паказываючыся ім ды кажучы аб царстве Божым.
4 І, сабраўшы іх, загадаў ім не выхадзіць з Ерузаліму, а чакаць на абвешчанае ад Айца, аб чым вы чулі ад мяне:
5 што Іоан хрысьціў вадой, а вы цераз колькі дзён будзеце ахрышчаны ў Духу Сьвятым.
6 Дык яны, зыйшоўшыся разам, пыталіся ў Яго, кажучы: Госпадзе, ці ня ў гэтым часе адбудуеш царства Ізраілю?
7 Ён жа сказаў да іх: ня вам ведаць час ці пару, што Ацец паклаў у ўладзе Сваёй;
8 але прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі і ў Ерузаліме, і ў-ва ўсей Юдэі й Самарыі, ды ажно па край зямлі.
9 І, сказаўшы гэтае, Ён узьнёсся перад вачыма іхнімі, і хмара ўзяла Яго ад вачэй іх.
10 Калі-ж яны пільна ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось двое мужоў станулі перад імі ў белых вопратках,
11 дый сказалі яны: Мужы Галілейскія! Чаго стаіцё, узіраючыся на неба? Гэты Ісус, узяты ад вас на неба, прыдзе гэтак сама, як бачылі вы Яго ўзыходзячы на неба.
12 Тады яны вярнуліся ў Ерузалім з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузаліму, за дзень суботні ходу.
13 І, увайшоўшы, узыйшлі ў сьвятліцу, дзе былі Пётр і Якуб, і Іоан і Андрэй, Піліп і Хама, Баўтрамей ды Мацьвей, Якуб Алфеявы й Сымон Зілот, ды Юда Якубаў.
14 Усе яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі й Марыяй, Маткай Ісусавай, ды братамі Ягонымі.
15 І ў гэныя дні Пётр, устаўшы сярод вучняў, сказаў (а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх).
16 Мужы браты! Тое пісаньне, якое праз вусны Давідавыя Дух Сьвяты прадказаў пра Юду, што быў павадыром тых, каторыя ўзялі Ісуса, — мусіла збыцца;
17 быў ён палічаны з намі, і лёс вызначыў яму частку ў служэньні гэтым,
18 але цаной крыўды прыдбаў ён зямлю і, рынуўшыся, разьдзерся папалове, і вывалілася з яго ўсё шлуньне ягонае.
19 І сталася ведама ўсім жыхарам Ерузаліму; дык поле гэнае названа ў іхняй гутарцы Акельдама, гэта ёсьць зямля крыві.
20 Бо напісана ў кнізе псальмаў: Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто ня жыве ў ім, дый: дагляд ад яго возьме другі. (Псальм 68:26; 108:8)
21 Дык трэба, каб із тых мужоў, што зыходзіліся з намі праз увесь час, як прыходзіў і адыходзіў ад нас Госпад Ісус,
22 пачынаючы ад хрышчэньня Іоанавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін із іх стаўся-бы разам з намі сьведкай уваскрасеньня Яго.
23 І паставілі двух: Язэпа, званага Варсавай, па мянюшцы Юста, ды Мацьвея;
24 і, молячыся, казалі: Ты, Госпадзе, які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, каго Ты выбраў,
25 каб узяў частку ў служэньні гэтым і апостальстве, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на сваё месца.
26 І кінулі жэрабе аб іх, і выпала жэрабе на Мацьвея, і далучаны быў да адзінаццацёх Апосталаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеяньні Сьвятых Апосталаў, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991