1 Сталася-ж у Іконіі, увайшлі яны разам у сынагогу Жыдоўскую ды прамаўлялі гэтак, што ўве́равала вялікая грамада Жыдоў і Грэкаў.
2 Жыды-ж, што ня ве́равалі, падбурылі й варожа настроілі проці братоў душы паганаў.
3 Аднак, яны прабылі даволі часу, адважна прамаўляючы аб Госпадзе, Які сьве́дчыў слову міласьці свае́й і даваў рукамі іхнімі рабіць знакі й цуды.
4 І падзялілася грамада мястовая: і адны былі з Жыдамі, другія-ж з Апосталамі.
5 Калі-ж пагане й Жыды з начальнікамі сваімі напалі на іх, каб зьняважыць ды пабіць каме́ньмі,
6 дык яны, ве́даючы, уцяклі ў ме́сты Лікаонскія Лістру й Дэрбу ды ў ваколіцу
7 і былі тамака й прапаве́дывалі Эвангельле.
8 У Лістры-ж не́йкі чалаве́к, не валадаючы нагамі, сядзе́ў, бо ад чэрава матчынага быў храмы́ й ніколі не хадзіў.
9 Ён слухаў, як прамаўляў Паўла. Той, паўзіраўшыся на яго і бачучы, што ма́е ве́ру дзеля спасе́ньня,
10 сказаў моцным голасам: Стань на ногі твае́ проста! І падскочыў ды хадзіў.
11 Народ-жа, бачучы, што зрабіў Паўла, падняў голас свой, мовячы па лікаонску: Богі ў чалаве́чай паста́ці зыйшлі да нас!
12 І называлі Варнаву Зэўсам, а Паўлу Гэрмэсам, бо быў павадыром у слове.
13 А жрэц Зэўса, настаўленага перад ме́стам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі к варотам, хаце́ў разам з народам забіць іх.
14 Апосталы-ж Варнава й Паўла, пачуўшы, разьдзе́рлі вопраткі свае́ ды кінуліся ў народ, крычучы й гаворачы:
15 Мужы! што вы гэта робіце? Мы такія-ж людзі пакутныя, як і вы, абвяшчаем вам Эвангельле, каб адвярнуліся ад усіх гэтых марнотаў да Бога Жывога, Які стварыў не́ба й зямлю й мора дый усё, што ў іх,
16 а ў мінулых родах дапусьціў, каб усе́ народы йшлі сваімі шляхамі,
17 ды не пакінуў сьведчыць аб Сабе́, робячы дабро, даючы нам з не́ба дажджы й по́ры ураджайныя, ды напаўняючы е́жай і ўце́хай сэрцы нашыя!
18 І, прамаўляючы гэтае, ле́дзьве спынілі народ, каб не забівалі для іх.
19 З Антыохіі-ж і Іконіі прыйшлі Жыды і, падбурыўшы народ ды ўкаменаваўшы Паўлу, вывалаклі яго за ме́ста, думаючы, што ён паме́р.
20 Калі-ж абступілі яго вучні, ён устаў ды ўвайшоў да ме́ста і назаўтрае з Варнаваю выйшаў у Дэрбу.
21 Абвясьціўшы-ж Эвангельле гэнаму ме́сту ды прыдбаўшы многа вучняў, вярнуліся назад у Лістру й Іконію й Антыохію,
22 умацоўваючы душы вучняў, заклікаючы трываць у ве́ры, ды што праз шмат мукаў трэ’ нам увайсьці ў Царства Божае.
23 Паназначаўшы-ж ім, ускладаючы рукі, старшых па царквох, ды памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога ўве́равалі.
24 І, прайшоўшы праз Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію.
25 І, расказаўшы слова ў Пэрзе, пайшлі ў Атталію
26 ды стуль адплылі ў Антыохію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на дзе́ла, якое выпаўнілі.
27 Апынуўшыся там і склікаўшы царкву, абвясьцілі, што ўчыніў з імі Бог ды як расчыніў дзьве́ры ве́ры паганам.
28 І былі тамака немалы час з вучнямі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеяньні Сьвятых Апосталаў, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.