1 Сымон Пётра, слуга і апостал Ісуса Хрыста, да тых, што прынялі з намі роўна дарагую веру па праўдзе Бога нашага і Збавіцеля Ісуса Хрыста:
2 ласка і мір вам няхай памножыцца ў пазнаньні Бога і Ісуса, Госпада нашага.
3 Як Божаю сілай Яго даравана нам усё патрэбнае дзеля жыцьця й пабожнасьці, праз пазнаньне Паклікаўшага нас славаю і цнатою,
4 якімі дараваны нам найвялікшыя і дарагія абяцаньні, каб праз іх сталіся вы ўдзельнікамі Божае прыроды, ухіліўшыся ад тленьня ў пажаданьні, што ў сьвеце,
5 дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсё стараньне, пакажыце ў веры вашай цнату, у цнаце-ж розум,
6 у розуме стрыманасьць, у стрыманасьці цярплівасьць, у цярплівасьці пабожнасьць,
7 у пабожнасьці браталюбства, а ў браталюбстве любоў.
8 Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажацца будзе, дык вы не астанецёся бязьдзейнымі і бяз плоду ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрысга;
9 у кім жа няма гэтага, той сьляпы, нявісны, забыўся аб ачышчэньні ранейшых грахоў сваіх.
10 Дзеля гэтага, браты, балей і балей старайцеся рабіць цьвёрдым вашае прызваньне й выбраньне: гэтак робячы, ніколі не спаткнецёся,
11 бо гэтак адчыніцца вам вольны ўваход у вечнае царства Госпада нашага і збавіцеля Ісуса Хрыста.
12 Дзеля гэтага я ніколі не перастану напамінаць вам аб гэтым, хоць вы й ведаеце гэта і ўмацованы ў гэтай праўдзе.
13 Справядлівым жа лічу, пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне, пабуджаць вас напамінаньнем,
14 ведаючы, што хутка пакіну гэту маю будыніну, як і Госпад наш Ісус Хрыстос мне адкрыў.
15 Буду-ж старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды ўспаміналі гэтыя рэчы.
16 Бо мы абвясьцілі вам сілу й прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за міфамі йдучы, але быўшы вачавідцамі велічы Яго.
17 Бо Ён прыняў ад Бога Айца чэсьць і славу, калі ад вялізарнае славы зыйшоў да Яго гэтакі голас: Гэты ёсьць Сын Мой Улюблены, Якому спагадаю.
18 І гэты голас, як зыходзіў з неба, мы чулі, быўшы з Ім на сьвятой гарэ.
19 Дый маем найпэўнейшае слова прарочае; і вы добра робіце, што зварочваецеся да яго, як да сьветача, што сьвеціць у цёмным месцы, пакуль не разаднее і ня ўзыдзе дзяньніца ў сэрцах вашых,
20 ведаючы перадусім, што ніякае прароцтва ў пісаньні ня дзеецца сваім уласным разьвязаньнем.
21 Бо ніколі прароцтва ня выказвалася воляй чалавечай, але выказвалі яго сьвятыя людзі Божыя, ведзеныя Духам сьвятым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другое Пасланьне Пётры, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991