Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Рымлянаў 10 Да Рымлянаў 10 разьдзел

1 Браты! жаданьне майго сэрца і малітва да Бога аб Ізраілю на збаўле́ньне.
2 Бо сьве́дчу ім, што маюць руплівасьць Божую, ды не па розуму.
3 Бо, не разуме́ючы праведнасьці Божае і стараючыся паставіць уласную праведнасьць, яны не пакарыліся праведнасьці Божай;
4 бо кане́ц закону — Хрытос, дзеля праведнасьці кожнаму ве́руючаму.
5 Майсе́й піша аб праведнасьці, што ад закону: выпаўніўшы яго, чалаве́к жыць ім будзе (Лявіт 18:5).
6 А праведнасьць з ве́ры гэтак кажа: не гавары ў сэрцы тваім: Хто ўзыйдзе на не́ба? — гэта ёсьць Хрыста зьвясьці ўніз (Другазаконьне 30:12);
7 або: хто зыйдзе ў бяздоньне? — гэта ёсьць Хрыста з мёртвых узьвясьці ўве́рх (Другазаконьне 30:13).
8 Але што кажа Пісаньне? Блізка да цябе́ слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім,— гэта ёсьць слова ве́ры, якое абвяшчаем (Другазаконьне 30:14),
9 каб ты, як вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім ве́рыць, што Бог ускрасіў яго з мёртвых, быў бы спасён,
10 бо сэрцам ве́рыцца дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнае́цца дзеля збаўле́ньня.
11 Бо Пісаньне кажа: Кожын, хто ве́руе ў Яго, ня будзе асаромлены (Ісая 28:16).
12 Тут няма розьніцы між Юдэем і Грэкам, бо Ён — Госпад усіх, багаты для ўсіх, што клічуць Яго.
13 Бо кожын, хто пакліча імя Госпада, спасён будзе (Іоіль 2:32).
14 Але я́к клікаць Таго, у Каго ня ўве́равалі? Як ве́рыць у Таго, аб Кім ня чулі? Як чуць без абвяшчаючага?
15 І як абвяшчаць, калі ня будуць пасланыя? Водле напісанага: Як прыгожыя ногі абвяшчаючага мір, прапаве́дываючага добрае! (Ісая 52:7.)
16 Але ня ўсе́ паслухалі Эвангельля, бо Ісая кажа: Госпадзе! Хто паверыў чутаму ад нас? (Ісая 53:1.)
17 Дык ве́ра — ад слуханьня, а слуханьне — ад слова Божага.
18 Але кажу: ці-ж яны ня чулі? Наадварот: на ўсю зямлю разыйшоўся голас іх, і да ме́жаў сусьвету словы іх (Псальм 18:5).
19 Але кажу: ці-ж Ізраіль ня ве́даў? Пе́ршы Майсе́й кажа: я збуджу ў вас рупнасьць не праз народ, узлую вас праз народ бязглузды (Другазаконьне 32:21).
20 А Ісая адважыўся ды кажа: Мяне́ знайшлі тыя, што ня шукалі, абявіўся Я тым, што ня пыталіся Мяне́ (Ісая 65:1).
21 Да Ізраіля-ж кажа: уве́сь дзе́нь працягваў я рукі Мае́ да народу непаслухмянага і ўпартага (Ісая 65:2).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Рымлянаў, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.