1 Пры складцы-ж, што для сьвятых, рабе́це і вы так, як я ўстанавіў у цэрквах Галяцкіх:
2 у пе́ршы дзе́нь тыдня кожны з вас няхай складае ў сябе́ і захоўвае, як яму вядзе́цца, каб не рабіць збораў тады, як я прыду.
3 Калі-ж прыду, дык, якіх вы́бераце, тых пашлю з пісьмамі зане́сьці ваш дар у Ерузалім.
4 А калі прыстойна будзе і мне́ пайсьці, дык са мною по́йдуць.
5 Я-ж прыду да вас, калі прайду Македонію (бо праз Македонію праходжу).
6 У вас жа можа забаўлюся, або й перазімую, каб вы мяне́ праводзілі, куды пайду.
7 Бо не хачу бачыцца з вамі цяпе́р мімаходам, але спадзяюся прабыць у вас трохі часу, калі Госпад дазволіць.
8 У Эфэсе-ж прабуду да пяцідзесятніцы,
9 бо для мяне́ адчынены вялікія і шырокія дзьве́ры, і многа праціўнікаў.
10 Калі-ж прыдзе да вас Цімахве́й, глядзе́це, каб быў у вас бясьпе́чны; бо дзе́ла Госпада робіць, як і я;
11 дык няхай ніхто не пагарджае ім, але правядзе́це яго ў супакоі, каб ён прышоў да мяне́; бо жду яго з братамі.
12 Што да брата Апалёса, дык я ве́льмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас; ды ён зусім ня ме́ў ахвоты ісьці цяпе́р, але прыдзе, калі яму будзе зручна.
13 Чувайце, стойце ў ве́ры, будзьце мужнымі і цьвёрдымі!
14 Усё ў вас няхай у любві робіцца.
15 Малю-ж вас, браты: вы ве́даеце сям’ю Сьцяпанаву, што яна ёсьць пачатак Ахайі, і што яны аддалі сябе́ на служэньне сьвятым;
16 дык каб і вы былі пакорлівымі гэтакім дый кожнаму, хто памагае нам і працуе.
17 Я рады з прыходу Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка; яны папоўнілі для мяне́ вашую нястачу.
18 Бо яны мой дух супакоілі дый ваш. Дык паважайце гэтакіх.
19 Вітаюць вас усе́ цэрквы Азійскія; вітаюць вас шчыра ў Госпадзе Акіла і Прыскілла з іх дамовай царквой.
20 Вітаюць вас усе́ браты. Прывітайце адзін аднаго сьвятым пацалункам.
21 Прывітаньне мае́й рукой, Паўлавай.
22 Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафема! Няхай пры́дзе наш Госпад!
23 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі;
24 любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце́ Ісусе. Амін.
Каментары ці зноскі:
Да Карыньцян пе́ршае, напісанае з Філіпаў праз Сьцяпана і Фартуната, і Ахаіка, і Цімахве́я.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першае Пасланьне Паўлы да Карыньцянаў, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.