пераклады // сімфонія // слоўнікі

Біблія » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Другое да Карыньцянаў 1 разьдзел

1 Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат, — царкве Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі па ўсёй Ахайі:
2 ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Багаслаўлены Бог і Ацец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Ацец міласэрдзя і Бог усякага пацяшэньня,
4 што пацяшае нас у кожным горы нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, што ў усялякім горы, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас самых!
5 Бо, водле таго, як памнажаюцца ў нас мукі Хрыстовыя, гэтак памнажаецца Хрыстом і пацеха нашая.
6 Ці тужым мы, дык дзеля вашае пацехі і збаўленьня, якое дзеецца перажываньнем тых жа мук, якія й мы церпім; ці ўцяшаемся, дык дзеля вашае пацехі і збаўленьня.
7 І надзея нашая аб вас цьвёрдая, бо ведаем, што вы ўчасьнікі як мук нашых, так і пацяшэньня.
8 Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі аб нашым горы, што сталася нам у Азіі, бо бязьмерна цяжка было нам праз сілу, ажно не спадзяваліся астацца жывымі.
9 Але самыя ў сабе мелі прыгавор сьмяротны, каб спадзявацца не на самых сябе, а на Бога, што мертвых ускрашае.
10 Які і выбавіў нас ад гэткае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяемся, што й яшчэ выбаўляць будзе
11 пры дапамозе і вашай малітве за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
12 Бо пахвала нашая гэткая: пасьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў прастаце й яснаце Божай, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі на сьвеце, асабліва-ж у вас.
13 І мы пішам вам ня іншае, як тое, што вы ці чытаеце, ці разумееце, дый спадзяюся, што даканца зразумееце,
14 як вы часткова і зразумелі ўжо ў нас, што будзем пахвалой вашай, таксама, як і вы нашай, у дзень Госпада Ісуса.
15 І з гэтай пэўнасьцяй меўся я прыйсьці да вас раней, каб вы другі раз мелі ласку,
16 ды праз вас прайсьці ў Македонію, з Македоніі-ж ізноў прыйсьці да вас, а вы правялі-б мяне ў Юдэю.
17 Маючы гэткае жаданьне, ці-ж я лёгкадумна нешта зрабіў? Ці, што я надумываю, водле цела надумываю, каб было ў мяне то так, так, то не, не?
18 Верны-ж Бог, што слова нашае да вас ня было так і не!
19 Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, пра Якога мы ў вас абвяшчалі, — і я, і Сілуан, і Цімахвей, — ня быў так і не, але было ў Ім так.
20 Бо колькі ёсьць абяцаньняў Божых, у Ім так і ў Ім амін, на славу Богу праз нас.
21 Той жа, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,
22 Які і запячатаў нас, і даў задатак Духа ў сэрцах нашых.
23 Я-ж Бога клічу ў сьведкі на душу маю, што, ашчаджаючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынт
24 не затым, што пануем над вераю вашай, — але мы дапамагаем радасьці вашай: бо верай вы цьвёрдыя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое Пасланьне Паўлы да Карыньцянаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991


2023. Створана з любоўю для тых, хто разважае пра Бога і шукае Яго.