Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

2 да Карыньцянаў 11 Другое да Карыньцянаў 11 разьдзел

1 О, каб вы хоць крыху пацярпе́лі маю неразумнасьць! Але вы й це́рпіце мяне́!
2 Бо я руплюся аб вас рупнасьцяй Божай, бо я заручыў вас з адным мужам, каб паставіць перад Хрыстом чыстую дзе́ву.
3 Але баюся, каб, як зьме́й хітрасьцяй свае́й зьвёў Еву, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся, (адыйшоўшы) ад прастаты ў Хрысьце́.
4 Бо, калі-б хто, прыйшоўшы, пачаў абвяшчаць другога Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі-б вы прынялі іншага духа, якога ня прымаеце, або іншае Эвангельле, якога не дасталі, дык вы былі-б ве́льмі цярплівымі.
5 Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад вышэйшых Апосталаў,
6 бо, хоць я дурны ў слове, але ня ў ве́дзе, бо-ж мы ў-ва ўсім зусім ве́дамы вам.
7 Ці саграшыў я тым, што паніжаў сябе́, каб узвысіць вас, бо задарма навучаў вас Эвангельля Божага?
8 У другіх цэркваў браў я, дастаючы́ ўтрыманьне дзеля служэньня вам, і, быўшы ў вас, ды це́рпячы недастатак, нікому не дакучаў, бо недастатак мой папоўнілі браты, што прыйшлі з Македоніі;
9 дый у-ва ўсім я стараўся і пастараюся быць вам не цяжкім.
10 Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне́, дык пахвала гэтая ня будзе аднята ў мяне́ ў зе́млях Ахайі.
11 Дзеля чаго? Ці што ня люблю вас? Богу ве́дама!
12 Але, што ро́блю, і буду рабіць, каб адрэзаць по́вад жадаючым поваду, каб, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі ж, як і мы.
13 Бо гэтакія фальшывыя апосталы, крывадушныя працаўнікі, прыкідаюцца Апосталамі Хрыстовымі.
14 І ня дзіва: бо-ж і сам шатан прыкідаецца ангелам сьве́тласьці,
15 дык невялікая рэч, калі і служкі яго прыкідываюцца служкамі праўды; але кане́ц іх будзе водле іх учынкаў.
16 Ізноў кажу: няхай ніхто не палічыць мяне́ дурным; а калі не, дык прыме́це мяне́ хоць як дурнога, каб і мне́ крыху чым пахваліцца.
17 Што́ кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як-бы ў дурноце пры гэткай адвазе на пахвалу.
18 Як многія хваляцца паводле це́ла, дык і я буду хваліцца.
19 Бо вы людзі разумныя, ахвотна це́рпіце дурных;
20 це́рпіце, калі хто вас паняволівае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вывышшаецца, калі хто б’е́ вас па твару.
21 На сорам кажу, што мы як-быццам абяссілелі. А калі хто адважаецца ў чым (кажу па дурноце), дык адважаюся і я.
22 Яны Жыды? і я. Яны Ізраільцяне? і я. Яны насе́ньне Аўраамавае? і я.
23 Хрыстовыя служкі? (здурэўшы кажу) я бале́й: шмат бале́й у працы, бязьме́рна ў ранах, бале́й у вастрогах і многа разоў пры сьме́рці.
24 Ад Юдэяў пяць разоў дастаў па сорак без аднаго (ўдараў);
25 тройчы білі мяне́ кіямі, аднойчы каменавалі; тры разы разьбіваўся карабе́ль, ноч і дзе́нь прабыў у глыбіні.
26 Многа быў у падарожжах, у небясьпе́ках на рэках, у небясьпе́ках ад разбойнікаў, у небясьпе́ках ад зямлякоў, у небясьпе́ках ад паганаў, у небясьпе́ках у ме́сьце, у небясьпе́ках між фальшывымі братамі,
27 у працы і ў зьнемажэньні, часта ня сплючы, у голадзе і смазе, часта ў пастох, у холадзе й нагаце́.
28 Апрача пабочных (спраў), у мяне́ што-дня зборка, турбота аб усіх цэрквах.
29 Хто зьнямагаецца, каб і я не зьнямагаўся? Хто спакушаецца, каб і я не гарэў?
30 Калі мне́ трэба хваліцца, дык буду хваліцца маім бяссільлем.
31 Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, багасла́ўлены наве́кі, ве́дае, што я ня лгу.
32 У Дамаску наме́сьнік цара Арэты пілнаваў ме́ста Дамашчанаў, жадаючы схапіць мяне́;
33 і я ў карзіне быў спушчаны з вакна па сьцяне́ і ўцёк ад рук ягоных.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое Пасланьне Паўлы да Карыньцянаў, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.