Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

2 да Карыньцянаў 6 Другое да Карыньцянаў 6 разьдзел

1 Мы-ж, як памочнікі, молім вас, каб ласка Божая не надарма́ была прынята вамі.
2 (Бо сказана: у час прые́мны Я выслухаў цябе́ і ў дзе́нь збаўле́ньня памог табе́ (Ісая 49:8). Вось і цяпе́р час прые́мны, вось цяпе́р дзе́нь збаўле́ньня!)
3 Мы нікому не кладзе́м ніякага спаткне́ньня, каб ня было зьняважа́на служэньне.
4 Але ў-ва ўсім выяўляем сябе́, як служкі Божыя, у вялікай цярплівасьці, у горы, у недастатках, у ўціску,
5 пад ударамі, у вастрогах, у выгнаньні, у працы, у чуваньні, у пастох,
6 у чыстасьці, у мудрасьці, у ве́лічы душы, у дабраце́, у Духу Сьвятым, у любві некрывадушнай,
7 у слове праўды, у сіле Божай, з зброяй праўды ў правай і ў ле́вай руцэ,
8 праз славу й ганьбу, заганы й пахвалы; нібы ашуканцы, ды справядлівыя,
9 як няве́дамыя, але пазнаваныя; як паміраючыя, ды вось жыве́м; як кара́ныя, ды не забіваныя;
10 як засмуча́ныя, ды заўсёды вясёлыя; як жабракі, ды многіх збагачаючыя; як нічога ня маючыя, ды ўсім валадаючыя.
11 Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае расшырана.
12 Вам ня це́сна ў нас, але ў сэрцах вашых це́сна.
13 Дзеля гэткае-ж заплаты (кажу, як дзецям,) пашы́рцеся і вы.
14 Не хадзе́це пад чужым ярмом з няве́рнымі; бо якая лучнасьць праведнасьці з беззаконьнем? Што супольнага ў сьвятла́ ды з це́мраю?
15 Што за згода між Хрыстом і Вэліалам? Ці якая частка ве́рнаму з няве́рным?
16 Дык якая супольнасьць храму Божаму з ідальскім? Бо вы — храм Бога Жывога, як сказаў Бог: Пасялюся ў іх і хадзіць буду; і буду Богам іхнім, і яны народ Мне́ будуць (Лявіт 25:16).
17 Дзеля гэтага выйдзіце спасярод іх і адлучыцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас (Ісая 52:11);
18 І буду вам за Айца, і вы будзеце Мне́ за сыно́ў і дачо́к, — кажа Госпад Уседзяржыцель (Ерамія 3:19; Осія 1:11).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое Пасланьне Паўлы да Карыньцянаў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.