1 Паўла Апостал, (выбраны не людзьмі і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, што ўскрасіў Яго з мертвых,)
2 і ўсе браты, што са мною, цэрквам галятыйскім:
3 ласка вам і мір ад Бога Айца і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста,
4 Які аддаў сябе за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад сучаснага веку крывадушнасьці, па волі Бога і Айца нашага,
5 Якому слава на векі вякоў. Амін.
6 Дзіўлюся, што вы гэтак хутка адвярнуліся ад паклікаўшага вас ласкай Хрыстовай да іншага дабравешчаньня,
7 якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць такія, што вас трывожаць і хочуць перавярнуць Эвангельле Хрыстовае.
8 Але, калі-б навет мы або Ангел з неба пачаў дабравесьціць па-над тое, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе анатэма!
9 Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: хто дабравесьціць вам па-над тое, што вы прынялі, няхай будзе анатэма!
10 Бо ці-ж я людзей шукаю, ці Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Бо калі-б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыстовым.
11 Апавяшчаю-ж вас, браты, што Эвангельле, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае;
12 бо я ані прыняў яго ад чалавека, ані навучыўся, але праз адкрыцьце Ісуса Хрыста.
13 Бо вы чулі аб маім ранейшым жыцьці ў Юдэйстве, што я бяз меры перасьледаваў Божую Царкву і пустошыў яе,
14 і апераджаў у юдэйстве многіх равесьнікаў у родзе маім, будучы найбольш руплівым аб бацькаўскія пераказы мае.
15 Калі-ж Богу ўгодна было, выбраўшы мяне ад чэрава маткі маей і паклікаўшы ласкай сваей,
16 адкрыць у-ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, — дык я не пачаў зараз-жа радзіцца з целам і крывёю
17 і не пайшоў у Ерузалім да Апосталаў, што былі да мяне, а пайшоў у Арабію ды йзноў вярнуўся ў Дамаск.
18 Пасьля, цераз тры гады, хадзіў я ў Ерузалім бачыцца з Пётрай і прабыў у Яго пятнаццаць дзён.
19 Другога-ж з Апосталаў я ня бачыў нікога, апрача Якуба, брата Госпадавага.
20 А што пішу вам, дык вось перад Богам, што не маню.
21 Пасьля пайшоў я ў староны Сірыі і Кілікіі.
22 Абліччам жа быў я няведамы цэрквам Юдэі, што ў Хрысьце,
23 а толькі чулі яны, што той, хто калісь перасьледаваў нас, цяпер добравесьціць веру, якую раней нішчыў;
24 і славілі за мяне Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланьне Паўлы да Галятаў, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991