Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Эфэсцаў 6 Да Эфэсцаў 6 разьдзел

1 Дзе́ці, слухайце бацькоў сваіх у Госпадзе, бо гэта справядліва.
2 Паважай бацьку твайго і матку, — гэта пе́ршая за́паведзь з прырачэньнем:
3 каб было табе́ добра, і быў даўгале́тнім на зямлі (Выхад 20:12).
4 І вы, айцы, не дражне́це дзяце́й вашых, але выхоўвайце іх у навуцы і напамінаньні Гасподнім.
5 Рабы́, будзьце паслухмянымі паном сваім водле це́ла, з страхам і дрыжэньнем, у прастаце́ сэрца вашага, як-бы Хрысту,
6 не на вачох толькі паслугуючы, як дагаджаючыя чалаве́ку, але як рабы Хрыстовыя, выпаўняючы волю Божую ад душы,
7 са шчырасьцяй паслугуючы Госпаду, а ня людзям,
8 ве́даючы, што кожны, хто зробіць не́шта добрае атрымае тое ад Госпада, ці ён раб, ці свабодны.
9 І вы, гаспадары, тое-ж рабе́це ім, палягчаючы суровасьць, ве́даючы, што й вам самым ёсьць на нябёсах гаспадар, у якога няма ўвагі на аблічча.
10 Накане́ц, браты мае́, крапчэйце ў Госпадзе і ў магутнасьці сілы Яго;
11 апране́цеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб здолелі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябальскіх;
12 бо наша барацьба ня супраць крыві й це́ла, але супраць начальства, супраць уладаў, супраць сусьве́тных валадароў це́мры гэтага ве́ку, супраць духаў злосьці паднябе́сных.
13 Дзеля гэтага прыме́це ўсю зброю Божую, каб вы маглі ўстаяці ў ліхі дзе́нь і, усё зрабіўшы, астацца стаяць.
14 Дык стойце-ж, падперазаўшы паясьніцы вашыя праўдаю і апрануўшыся ў зброю праведнасьці,
15 і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;
16 а па-над усё вазьме́це шчыт ве́ры, якім зможаце затушыць усе́ разпаленыя стрэлы крывадушніка;
17 і шалом збаўле́ньня вазьме́це, і ме́ч духоўны, які ёсьць слова Божае;
18 усякаю малітваю і просьбаю мале́цеся ў-ва ўсякі час духам і таго пілнуйцеся ў усякім цярпе́ньні і мале́ньні за ўсіх сьвятых
19 дый за мяне́, каб мне́ дадзена было слова на адчыняньне вуснаў маіх, каб адважна абвяшчаць тайну Эвангельля,
20 якога я й паслане́ц у путах, каб у ім быў сьме́лы, як мне́ трэба гаварыць.
21 А каб і вы ве́далі аба мне́, што я ро́блю, усё вам раскажа Тыхік, умілаваны брат і ве́рны служка ў Госпадзе,
22 якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даве́даліся аб нашых справах, і каб ён пацешыў сэрцы вашыя.
23 Мір братом і любоў з ве́раю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
24 Ласка з усімі, што любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў нятле́ннасьці. Амін.

Каментары ці зноскі:

Да Эфэсян пісана з Рыму праз Тыхіка.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Эфэсцаў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.