Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Каласянаў 2 Да Каласянаў 2 разьдзел

1 Хачу-ж, каб вы ве́далі, якую барацьбу маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі, і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў це́ле,
2 каб це́шыліся сэрцы іх, злучаныя ў любві, ды дзеля ўсякага багацьця даска́налага разуме́ньня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
3 у якім усе́ скарбы мудрасьці і ве́даньня схаваны.
4 Кажу-ж гэтае, каб хто-не́будзь ня зьвёў вас, пераконываючы словамі;
5 бо, хаця й няма мяне́ це́лам, але духам я з вамі, радуючыся і ўглядаючыся на ваш лад і цьвёрдасьць ве́ры вашае ў Хрыста.
6 Дык вось, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, хадзе́це ў Ім,
7 укараніўшыся і збудаваныя ў Ім, дый акрэпшы ў веры, як вы былі навучаны, з падзякаю багаце́ючы ёю.
8 Глядзе́це, каб хто ня зьвёў вас філёзофіяй і пустым подступам па пераказу чалаве́чаму, па стыхіям сьве́ту, а не па Хрысту;
9 Бо ў Ім жыве́ ўся поўня Божства цяле́сна,
10 і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады;
11 у Ім вы і абрэзаны абрэзаньнем нерукатворным, зьняўшы з це́ла грахі цяле́сныя ў абрэзаньні Хрыстовым,
12 пахаваныя з Ім у Хрышчэньні; у Ім вы і ўскрэсьлі разам праз ве́ру ў сілу Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых,
13 дый вас, якія былі мёртвыя ў грахох і неабрэзаньні це́ла вашага, ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе́ грахі,
14 зьнішчыўшы навукаю напісанае аб нас рукою, што было супраць нас; і ўзяў Яго спасярод і прыбіў да крыжа;
15 разьдзе́ўшы начальства і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, перамогшы іх у Ім.
16 Дык няхай ніхто не асуджае вас за е́жу, ці піцьцё, ці за ўчасьце́ ў сьвяце, ці маладзіку, ці субоце:
17 гэта ёсьць це́нь таго, што ма́е быць; це́ла-ж Хрыстовае.
18 Няхай ніхто не спакушае вас, накланяючы мудрасьцяй пакоры і служэньнем ангелаў, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, марна пышаючыся розумам це́ла свайго
19 і ня трымаючыся Галавы, ад якое ўсё це́ла, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расьце́ ростам Божым.
20 Дык, калі вы паме́рлі з Хрыстом для стыхіяў сьве́ту, чаго-ж, быццам жывучы ў сьве́це, трымаецеся закону:
21 не чапай, ані прабуй, ані датыкайся, — што́ ўсё на тле́ньне ад ужываньня, —
22 водле за́паведзяў і навукі чалаве́чае?
23 Гэта ма́е толькі выгляд мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрасьці пакоры і мардаваньні це́ла, не ў пашане да сытасьці це́ла.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Каласянаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.