Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

1 да Цімахвея 6 Першае да Цімахвея 6 разьдзел

1 Рабы́, што пад ярмом, павінны лічыць паноў сваіх годнымі ўсякае пашаны, каб ня было ганьбаваньня на імя Божае і на навуку.
2 Тыя-ж, што ве́рных маюць за паноў, няхай ня будуць нядбалымі, бо яны — браты; але тым бале́й няхай паслугуюць ім, што яны ве́рныя і ўмілаваныя, прымаючы дабро. Гэтага навучай і заклікай.
3 Калі-ж хто навучае інакш і ня йдзе́ за здаровымі словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і за навукай аб багабойнасьці,
4 той загардзе́ў, нічога ня ве́даючы, але хворы на змаганьне і спрэчкі, ад чаго бывае зайздрасьць, сварка, лаянкі, благія падазрэньні,
5 пустыя гутаркі між людзьмі папсаванага розуму, што згубілі праўду і думаюць, быццам багабойнасьць служыць дзеля прыбытку. Ухіляйся ад гэтакіх.
6 Вялікі-ж набытак быць багабойным і здаволеным.
7 Бо мы нічога ня прыне́сьлі на сьве́т; дык ясна, што й нічога вы́нясьці ня можам.
8 Маючы-ж ежу і вопратку, будзем здаволены гэтым.
9 Тыя-ж, што жадаюць узбага́чвацца, па́даюць у спакушэньне і ў се́ці, і ў многія неразумныя і шкадлівыя пажаданьні, што топяць людзе́й у зьніштажэньні й загубе;
10 бо корань усяго благога ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому некаторыя ўхіліліся ад ве́ры і самі сябе́ аддалі на многія мукі.
11 Ты-ж, чалаве́ча Божы, уцякай ад гэтага, але пасьпява́й у праўдзе, багабойнасьці, ве́ры, любві, цярплівасьці, ціхасьці;
12 змагайся добрым змаганьнем ве́ры, дзяржыся за жыцьцё ве́чнае, да якога ты і пакліканы, дый ты вызнаў добрае вызна́ньне перад многімі сьве́дкамі.
13 Перад Богам, усё ажыўляючым, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьве́дчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнаньне, загадываю табе́
14 захаваць гэту запаведзь чыстай, беззаганнай, аж да зьяўле́ньня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15 якое ў свой час адкрые шчасьлівы й адзіны магутны Цар Цароў і Госпад гаспадароў,
16 адзіны, што ма́е несьмяротнасьць, жыве́ ў сьвятле́ недаступным, якога ніхто із людзе́й ня бачыў і бачыць ня можа. Яму чэсьць і дзяржава ве́чная. Амін.
17 Багатым у гэтым ве́ку загадывай, каб яны ня думалі шмат аб сабе́, ані спадзяваліся на багацьце няпэўнае, але на Бога Жывога, што дае́ нам усё шчодра дзеля ўслады;
18 каб яны рабілі дабро, багаце́лі добрымі ўчынкамі, былі шчодрыя, дзяліліся,
19 зьбіраючы сабе́, як скарб, добры грунт дзеля будучыны, каб дастаць жыцьцё ве́чнае.
20 О, Цімахве́ю, захоўвай пераданае табе́, ухіляючыся ад паганага пустаслоўя і перакорлівасьці фальшывага знаньня,
21 пахваляючыся якім, некаторыя ўхіліліся ад ве́ры. Ласка з табою. Амін.

Каментары ці зноскі:

Да Цімахвея першае напісана з Ляодыкіі, што ёсьць сталічнае места Фрыгіі Пакатыянскае.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае Пасланьне Паўлы да Цімахвея, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.