Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 1 Адкрыцьце 1 разьдзел

1 Адкрыцьце Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў раба́м Сваім, што́ мусіць стацца ў хуткім часе, і даў знак, паслаўшы праз Ангела Свайго рабу́ Свайму Іоану,
2 які пасьве́дчыў слова Божае і сьве́дчаньне Ісуса Хрыста, ды тое, што сам бачыў.
3 Шчасьлівы, хто чытае і хто слухае словы прароцтва ды захоўвае напісанае ў ім: бо час блізкі.
4 Іоан да сямёх цэркваў, што ў Азіі: ласка на вас і мір ад Таго, што есьць і што быў і што прыдзе, ды ад сямёх духаў, што перад пасадам Ягоным,
5 і ад Ісуса Хрыста, сьве́дкі верыго́днага, першака́ із мёртвых і павадыра цароў зямных; Яму, палюбіўшаму нас ды ў крыві Сваёй абмыўшага нас ад грахоў нашых,
6 (ды зрабіў нас царамі й сьвяшчэньнікамі Богу і Айцу Свайму), хвала́ і дзяржава на ве́чныя вякí. Амін.
7 Вось, ідзе з хмарамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, што пракалолі Яго; і загалосяць перад Ім усе роды зямлі. Але́, амін.
8 Я ёсьць Альфа і Омэга, пачатак і канец, кажа Госпад, Які ёсьць і быў і прыдзе, Уседзяржыцель.
9 Я — Іоан, і брат ваш, і таварыш у горы і ў царстве, і ў цярпе́ньні Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Патмос, дзеля слова Божага і сьве́дчаньня Ісуса Хрыста.
10 Я быў у духу ў дзе́нь Гасподні і пачуў ззаду за мной вялікі голас, як-бы трубы́, мовячы:
11 Я ёсьць Альфа і Омэга, Пе́ршы й Апошні; і: што бачыш, напішы ў кнігу ды пашлі цэрквам, што ў Азіі: у Эфэс і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыатыру, і ў Сарды, і ў Філядэльфію, і ў Ляодыкію.
12 І я павярнуўся, каб пабачыць голас, што гутарыў са мною, і, павярнуўшыся, угле́дзіў се́м залатых сьве́тачаў
13 і сярод сямёх сьве́тачау — падобнага да Сына Чалаве́чага, апранутага ў доўгую ша́ту і падперазанага праз грудзі залатым паясом;
14 а галава й валасы ў Яго бе́лыя, як бе́лая воўна, як сьне́г; і вочы ў Яго, як полымя агністае;
15 і ногі ў Яго падобныя да ме́дзі, быццам у пе́чы распа́леныя; і голас у Яго быццам гук водаў многіх;
16 і ме́ў Ён у правай руцэ сваёй се́м зорак; і із вуснаў Ягоных выходзіў ме́ч двусе́чны востры; і аблічча ў Яго быццам сонца сьве́ціць у сіле сваёй.
17 І, калі я ўгле́дзіў Яго, я паваліўся к нагам Ягоным, быццам мёртвы; і Ён паклаў на мяне́ Сваю правіцу, мовячы да мяне́: Не палохайся: Я ёсьць Пе́ршы і Апошні ды Жывы;
18 і быў Я мёртвы, і вось жыву на ве́чныя вякí; амін. І маю ключы пе́кла і сьме́рці.
19 Напішы, што ўбачыў ды што ёсьць і што ма́е стацца пасьля гэтага:
20 тайна сямёх зорак, што бачыў ты ў правіцы Маёй, ды се́м сьве́тачаў залатых: се́м зорак — Ангелы сямёх цэркваў, а се́м сьве́тачаў, што ты бачыў, ёсьць се́м цэрквау.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.