Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 12 Адкрыцьце 12 разьдзел

1 І знак вялізны паказаўся на не́бе: жанчына, апра́неная ў сонца, і ме́сяц пад нагамі ў яе́, і на галаве яе́ вянок із дванаццацёх зорак.
2 І, быўшы ўцяжку, крычэла ад болю і мукаў радзільных.
3 І паказаўся другі знак на не́бе: вось зьме́й вялізарны, як агонь чырвоны, з сямёма галовамі й дзесяцьма́ рагамі, і на галовах яго се́м дыадэмаў;
4 і хвост ягоны ўвалок траціну зорак з не́ба ды кінуў іх на зямлю. І зьме́й стануў перад жанчынай, што ме́лася радзíць, каб, як уродзе, зжэрці дзіця яе́.
5 І ўрадзíла сына, хлопчыка, што ма́е пасьвіць усе́ народы па́ліцай зяле́знай; і ўзята дзіця́тка яе́ да Бога й пасаду Ягонага,
6 і жанчына ўцякла ў пустыню, дзе ма́е ме́сца, ад Бога прыгатаванае, каб кармілі яе́ тамака тысяча дзьве́сьце шэсьцьдзесят дзён.
7 І ўзьнялася вайна на не́бе: Міха́л і Ангелы ягоныя ваявалі са зьме́ем, і зьме́й ваяваў ды ягоныя Ангелы,
8 ды не асілілі, і не знайшлося ўжо ме́сца для іх на не́бе.
9 І скінены быў той зьме́й вялізарны, вужака стараве́чны, называны д’ябалам і сатаной, што зводзе з дарогі простай усе́нькі сьве́т, — скінены на зямлю, і з ім разам скінены ангелы ягоныя.
10 І пачуў я голас вялікі, мовячы ў не́бе: Цяпе́р настала спасе́ньне і сіла і царства Бога нашага, ды ўлада Хрыста Ягонага: бо скінены паклёпнік на братоў нашых, што дзе́нь і ноч вінаваціў іх брахліва перад Богам нашым.
11 І яны перамаглі яго Крывёю Ягняці і словам сьве́дчаньня свайго ды ня ўлюбілі душ сваіх ажно да сьме́рці.
12 Дзеля гэтага радуйцеся, нябёсы і тыя, што жывуць у іх! Гора жы́харам зямлі і мора, бо зыйшоў да вас д’ябал у гне́ве вялікім, ве́даючы, што ня шмат ма́е часу.
13 І, як угле́дзіў зьме́й, што ён скінены на зямлю, пачаў ён перасьле́даваць жанчыну, што ўрадзіла хлапчанё.
14 І да́дзены жанчыне двое крыльляў вялікага арла, каб ляце́ла ў пустыню на ме́сца сваё ад аблічча вужакі, дзе-б кармілася пару́, по́ры ды паўпары́.
15 І пусьціў вужака за жанчынай ваду із роту свайго, быццам раку́, каб рака́ пане́сла яе́.
16 І памагла жанчыне зямля, і расчыніла зямля вусны свае́ ды праглынула раку́, што пусьціў зьме́й із роту свайго.
17 І раз’юшыўся зьме́й на жанчыну і пайшоў ваяваць з рэштай із насе́ньня яе́, што захоўваюць за́паведзі Божыя і маюць сьве́дчаньне Ісуса Хрыста.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.