Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 14 Адкрыцьце 14 разьдзел

1 І глянуў я, і вось Ягня́ стаіць на гарэ Сыоне, і з ім сто сорак чатыры тысячы, якія маюць імя Айца Ягонага напісанае на лобе іх.
2 І пачуў я голас з не́ба, быццам гук ад множства водаў, ды быццам гук грымоту вялікага; і чуў я голас гусьляроў, на гусьлях сваіх іграючых;
3 і пяюць яны як-бы пе́сьню новую перад пасадам і перад чатырма́ жывёламі і старыкамі; і ніхто ня мог навучыцца пе́сьні гэнае, апрача тых ста сараку чатырох тысячаў, што вы́куплены ад зямлі.
4 Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі, бо яны чыстыя; гэта тыя, што йдуць сьле́дам за Ягнём, куды-б Яно ні пайшло. Яны выкуплены ад людзе́й, першакí Богу й Ягняці.
5 І ў вуснах у іх няма́ хітрава́ньня: бо беззага́нныя яны перад пасадам Божым.
6 І ўгле́дзіў я другога Ангела, лятучы́ пасярод не́ба, які ме́ў ве́чнае Эвангельле, каб абвяшчаць жы́харам зямлі і ўсім плямёнам, і родам, і языкам, і народам,
7 ды гаварыў вялікім голасам: Бойцеся Бога і аддайце хвалу Яму, бо прыйшоў час суду Ягонага; і паклане́цеся Стварыцелю не́ба й зямлі, і мора, і крыніцаў вод.
8 І другі Ангел ішоў сьле́дам, мовячы: Упаў, упаў Вавілён, ме́ста вялізнае, бо юрным віном блуду свайго напаіў усе́ народы.
9 І трэці Ангел ішоў сьле́дам за імі, мовячы вялікім голасам: Калі хто паклоніцца зьве́ру й абразу́ ягонаму ды пры́ме кляймо на лоб свой ці на руку сваю,
10 той пíціме віно гне́ву Божага, налітае без даме́шкі ў чару гне́ву Ягонага, і будзе мучы́цца ў вагні ды ў се́рцы перад сьвятымі Ангеламі і перад Ягнём;
11 і дым му́кі іх будзе ўзьнімацца на ве́чныя вякí, і няма́ супакою ўдзе́нь і ўначы тым, што пакланяюцца зьве́ру й абразу́ ягонаму, ды хто прыняў кляймо іме́ньня ягонага.
12 Тут цярплівасьць сьвятых; тут тыя, што захоўваюць за́паведзі Бога і ве́ру Ісу́саву.
13 І пачуў я голас з не́ба, які казаў мне́: Напішы: адгэтуль шчасьлівыя мёртвыя, што ўміраюць у Госпадзе. Запраўды́, кажа Дух: каб супачылі ад трудоў сваіх, і ўчынкі іх ідуць сьле́дам за імі.
14 І глянуў я: і вось хмара бе́лая, і на хмары сядзіць падобны да Сына Чалаве́чага, маючы на галаве́ Свае́й вянок залаты і ў руцэ Свае́й востры се́рп.
15 І выйшаў із храму другі Ангел ды гукнуў вялікім голасам да Сідзя́чага на хмары: Пашлі се́рп Твой ды жні; бо прыйшла для Цябе́ гадзіна жніва́, бо жніво́ зямлі дасьпе́ла.
16 І кінуў Сідзя́чы на хмары се́рп Свой на зямлю, і зямля́ была пажа́та.
17 І другі Ангел выйшаў із храму, што на не́бе, ды сам маючы востры се́рп.
18 І выйшаў із ахвярніку іншы Ангел, што ма́е ўладу над агнем, і вялікім крыкам крыкнуў маючаму востры се́рп, мовячы: Пашлі твой востры се́рп ды зьбяры гронкі вінаграду зямлі, бо ўжо дасьпе́лі я́гады яго.
19 І кінуў Ангел се́рп свой на зямлю, і сабраў вінаград зямлі, і кінуў у ступу вялізную гне́ву Божага;
20 і патапталі ў ступе́ вонках ме́ста, і выйшла кроў із ступы ажно да ву́здаў конскіх на тысячу шэсьцьсот стадыяў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.