Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 16 Адкрыцьце 16 разьдзел

1 І пачуў я голас вялікі з храму, мовячы да сямёх Ангелаў: Ідзе́це й вы́ліце ча́ры гне́ву Божага на зямлю.
2 І пайшоў пе́ршы і выліў ча́ру сваю на зямлю: і зрабіліся благія й агідныя раны ў людзе́й, што ме́лі кляймо зьве́ра, дый у тых, што пакланяліся абразу ягонаму.
3 І другі Ангел выліў чару сваю ў мора: і зрабілася кроў, быццам мёртвага, і ўсякая душа жывая паме́рла ў моры.
4 І трэці Ангел выліў чару сваю ў рэкі й крыніцы водаў: і зрабілася кроў.
5 І пачуў я Ангела водаў, мовячы: Справядлівы Ты, Госпадзе, Які ёсьць і быў і сьвят, што прысудзіў гэтак:
6 бо яны пралілі кроў сьвятых і прарокаў, дык і Ты даў ім кроў піці; яны-ж варты гэтага.
7 І пачуў я другога, які мовіў з ахвярніку: Але́, Госпадзе Божа Ўседзяржыцелю: суды́ Тваі правільныя і справялівыя.
8 І чацьве́рты Ангел выліў чару сваю на сонца: і да́дзена яму паліць людзей у вагні.
9 І палíла людзе́й вялікая сьпе́ка, і блюзьнілі яны проці йме́ньня Бога, Які ма́е ўладу над усімі плягамі, ды не адумаліся даці хвалу Яму.
10 І пяты Ангел выліў чару сваю на пасад зьве́ра: і зацьмілася царства ягонае, і яны кусалі языкі свае́ ад болю
11 і блюзьнілі проці Бога Нябе́снага ад мукаў сваіх ды ран сваіх, ды не пакаяліся ў учынках сваіх.
12 І шосты Ангел выліў чару сваю ў вялікую раку́, у Эўфрат: і высахла вада́ ў ёй, каб прыгатавана была дарога для цароў, што ад усходу сонца.
13 І ўгле́дзіў я з вуснаў зьме́я і з вуснаў зьве́ра і з вуснаў фальшывага прарока тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў:
14 бо гэта духі дэманаў, што робяць знакі, ды што выходзяць на цароў зямлі ды ўсе́нькага сусьве́ту, каб сабраць іх на вайну ў той дзе́нь вялікі Бога Ўседзяржыцеля.
15 Вось, іду, як злодзей: шчасьлівы, хто ня сьпіць ды хавае вопратку сваю, каб не хадзіці яму голаму, і каб ня бачылі сораму яго.
16 І сабраў ён іх у ме́сцы, што па-жыдоўску называецца Армагеддон.
17 І сёмы Ангел выліў чару сваю на паве́тра: і выйшаў голас вялікі із храму нябе́снага, ад пасаду, мовячы: Ста́лася!
18 І ўзьняліся галасы́, і грымоты, і маланкі, і трасе́ньне зрабілася вялікае, якога ня бывала ад часоў, як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткае трасе́ньне! Такое вялізарнае!
19 І распалася ме́ста вялікае на тры часьці, і ме́сты паганскія заваліліся; і Вавілён, ме́ста вялікае, прыпомніўся перад Богам, каб даці яму чару віна я́раснага гне́ву Ягонага.
20 І кожын востраў счэз, і ніводнае гары́ не знайшлося.
21 І выпаў град вялікі, як тале́нты,* з не́ба на людзе́й; і блю́зьнілі людзі проці Бога за ўдары ад граду, бо ўдар ад яго надта цяжкі.

Каментары ці зноскі:

21 тале́нт — вялікая срэбная манэта (кусок серабра).

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.