1 І было за часоў Артаксэркса, які панаваў над стодваццаціпяцю краінамі ад Індыі аж да Этыопіі,
2 што ў той час, як кароль Артаксэркс засеў на свой каралеўскі пасад, які бы у сталічным месьце Сузан,
3 на трэцім годзе свайго панаваньня, ён зрабіў бяседу для ўсіх сваіх князёў і для служачых пры ім, для Пэрскіх і Мідыйскіх гэтманаў і намесьнікаў сваіх краінаў,
4 паказываючы вялікае багацьце свайго каралеўства і славу сваёй велічы на працягу многіх дзён — стапяцідзесяцёх дзён.
5 Каліж скончыліся тыя дні, кароль зрабіў для ўсяго народу, што быў у сталічным месьце Сузан, ад найвялікшага да найменшага, сямідзённую бяседу ў залі ў садзе, пры каралеўскім палацы.
6 Белыя, зялёныя і гіацынтавыя тканіны былі ўмацаваныя бісоннымі і пурпуравымі шнурамі на сярэбраных колцах і мармуровых слупох. Залатыя і серабраныя ложы на памосьце, усланым зялёнымі каменьнямі і мармурам, і пэрламутрам, і шорнымі каменьнямі.
7 Пітво падавалі ў залатым начыньні, у што раз іншым начыньні, і было мноства каралеўскага віна, паводле каралеўскага багацьця.
8 Да піцьця, аднак, згодна з распараджэньнем, нікога не прымушалі, бо так загадаў кароль усім кіраўніком ягонага дому, каб рабілі паводле волі кожнага.
9 І каралева Астын зрабіла таксама бяседу для жанчынаў, у каралеўскім доме караля Артаксэркса.
10 На сёмы дзень, калі кароль развесяліўся ад віна, ён сказаў Мэгуману, Вызце, Гарбану, Бычце, Абачце, Зэтару і Каркасу, сямём скапцом, што служылі перад абліччам караля Артаксэркса,
11 каб прывялі каралеву Астын прад каралеўскае аблічча, у каралеўскай кароне, хочучы паказаць народам і князём яе прыгажосьць, бо яна была вельмі прыгожая.
12 Каралева Астын не захацела, аднак, прыйсьці на каралеўскі наказ праз скапцоў. Дзеля гэтага кароль вельмі разгневаўся і гнеў яго загарэўся ў ім.
13 Тады спытаўся кароль мудрацоў, разумеючых часы, бо быў звычай, што каралеўскія справы разглядаліся ўсімі ведаючымі і законы і правы.
14 Найбліжэйшымі былі тады Карсэна, Шэтар, Адмата, Тарсыс, Марсэна і Мэхуман, сем князёў Пэрскіх і Мідыйскіх, якія маглі глядзець на каралеўскае аблічча і сядзелі першымі ў каралеўстве,
15 што рабіць, згодна з правам, з каралеваю Астын, за тое, што яна ня выканала наказу караля Артаксэркса, данага праз скапцоў?
16 І адказаў Мэмухан перад каралём і князямі: — ня супроць аднаго караля выступіла каралева Астын, а супроць усіх князёў і ўсіх народаў, што жывуць у ўсіх краінах караля Артаксэркса,
17 бо калі паступак каралевы дойдзе да ўсіх жанчынаў, яны пачнуць лёгкаважыць сваіх мужоў і гаварыць: — кароль Артаксэркс наказаў прывесьці каралеву Астын прад сваё аблічча, а яна не прыйшла.
18 Цяпер скажуць тое самае княгіні Пэрскія і Мідыйскія, якія пачулі аб паступку каралевы, усім каралеўскім князём і будзе досыць лёгкаважаньня і сварак.
19 Дзеля гэтага, калі кароль будзе гэта лічыць адпаведным, няхай выйдзе ад яго каралеўская пастанова і няхай будзе ўпісаным у Пэрскія і Мідыйскія законы, якія не адмяняюцца, аб тым, што каралева Астын не будзе ўваходзіць прад аблічча караля Артаксэркса і ейную каралеўскую годнасьць перадасьць кароль іншай, лепшай чым яна.
20 А калі пачуюць аб гэтай каралеўскай пастанове, якая разыдзецца па ўсім каралеўстве, як яно вялікае, тады ўсе жонкі будуць шанавць мужоў сваіх ад вялікага аж да малога.
21 І спадабалася гэная рада каралю і князём і зрабіў кароль згодна з радаю Мэмухана
22 і паслаў лісты ў усе каралеўскія краіны, у кожную краіну яе пісмы і кожнаму народу ягонай мовай, каб кожны муж быў гаспадаром у сваім доме. Гэта было абвешчана кожнаму на ягонай роднай мове.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Эстэры, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.