Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Прыказкі 1 Прыказкі Салямона 1 разьдзел

1 Прыказкі Салямона, сына Давідавага, караля Ізраільскага,
2 для пазнаньня мудрасьці і павучэньня, для зразуменьня выслову мудрасьці,
3 для зразуменьня правілаў розуму, справядлівасьці, суду і слушнасьці,
4 для даньня простым цямлівасьці, юнаку веды і разважлівасьці.
5 Паслухае іх мудры, прыбудзе яму веды і разумны знойдзе мудрыя рады,
6 каб зразумеў прыказкі і мудрую мову, словы мудрых і іхныя загадкі.
7 Пачатак мудрасьці гэта страх Госпада; дурныя пагарджаюць мудрасьцяй і павучэньнем.
8 Слухай, сын мой, павучэньня твайго бацькі і не адкідай навукі тваёй маці,
9 бо гэта прыгожы вянок для тваёй галавы і ўпрыгажэньне для тваёй шыі.
10 Сын мой, калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся;
11 калі будуць гаварыць: — хадзі з намі, зробім засадку для забойства, падпільнуем нявіннага без прычыны,
12 жывых праглынем, як магіла, цалком, як зыходзячых у гроб;
13 набярэм усялякай каштоўнай маемасьці, напоўнім нашыя дамы дабычаю;
14 лёс твой ты будзеш кідаць разам з намі, адзін склад будзе ў усіх нас.
15 Сын мой, не хадзі-ж з імі ў дарогу, устрымай тваю нагу ад іхных сьцежак,
16 бо ногі іх бягуць да благога і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві.
17 Бо як надарэмна стаўляюцца сеткі перад вачыма птушак,
18 так і тыя робяць засадку на сваю кроў і падсьцерагаюць свае душы.
19 Такія шляхі кожнага, хто пажадае чужую маемасьць: яна адбірае жыцьцё ў завалодаўшага ёю.
20 Мудрасьць кліча на вуліцы, на пляцох уздымае свой голас,
21 у галоўных месцах сходаў, каля ўваходаў у брамы, гаворыць свае казаньні:
22 — дакуль няведнікі будзеце любіць няведу; насьмявальнікі насьмяваньне; дакуль дурныя будуць ненавідзець умецтва?
23 Навярнецеся ад майго абвінавачаньня, вось выдам вам мой дух і апавешчу вам мае словы.
24 Я клікала, а вы ня слухалі; працягвала руку маю, а ніхто не зважаў,
25 але вы адкінулі ўсе мае рады, а абвінавачаньняў маіх не прынялі.
26 Затое і я пасьмяюся з вашай загубы; уцешуся, калі нойдзе на вас жах,
27 калі нойдзе на вас, як бура, жах і бяда, як віхор, калі прыйдзе на вас туга і ўціск.
28 Тады будзеце мяне клікаць, а не пачую вас; зраньня будзеце шукаць мяне і ня знойдзеце.
29 За тое, што яны ненавідзелі веду і не выбралі сабе страху Божага;
30 не прынялі рады маёй, пагардзілі маймі абвінавачаньнямі;
31 за тое будуць яны спажываць плады сваіх шляхоў і насучацца сваімі радамі.
32 Бо ўпорства няведнікаў заб’е іх, а нядбайнасьць дурных згубіць іх,
33 але хто слухаецца мяне, той будзе жыць бязпечна і супакойна і ня будзе баяцца благога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Прыказкі Салямона, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.