Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Данілы 3 Кніга Данілы 3 разьдзел

1 Кароль Набухаданосар зрабіў залатую статую, вышынёю шэсьцьдзесят лакцёў, шырынёю шэсьць лакцёў; паставіў яе на полі Дэір, у Бабілёнскай краіне.
2 Тады паслаў кароль Набухаданосар сабраць князёў, намесьнікаў, гэтманаў, галоўных судзьдзяў, праўнікаў, урадаўцаў і ўсіх краёвых намесьнікаў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае адкрыцьцё статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар.
3 І сабраліся намесьнікі, гэтманы, галоўныя судзьдзі, скарбнікі, праўнікі, урадаўцы і ўсе краёвыя намесьнікі на адкрыцьцё статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар і сталі перад статуяй, якую паставіў Набухаданосар.
4 Тады спавесьнік голасна абвесьціў: — паведамляюцца вам народы, плямёны і языкі:
5 Калі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, падайце і кланяйцеся залатой статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар,
6 а хто не ўпадзе іне паклоніцца, той зараз будзе ўкінены ў распаленую вагнём печ.
7 Дзеля гэтага, калі ўсе народы пачулі гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, дык усе народы, плямёны і языкі ўпалі і пакланіліся залатой статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар.
8 У тым-жа часе прыступілі некаторыя халдэі, жалячыся на жыдоў.
9 Яны сказалі каралю Набухаданосару: — кароль! жыві вечна!
10 Ты, кароль, даў загад, каб кожны чалавек, які пачуе гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў і сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упаў і пакланіўся залатой статуі,
11 а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той павінен быць укінены ў распаленую вагнём печ.
12 Знайшліся аднак некаторыя жыды, якіх ты паставіў над справамі Бабілёнскай краіны — Сэдрах, Місах і Абдэна; гэтыя ня слухаючыся твайго загаду, не кланяюцца тваім багом і не кланяюцца залатой статуі, якую ты паставіў.
13 Тады Набухаданосар у гневе і ярасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Абдэна і былі яны прыведзеныя да караля.
14 Набухаданосар сказаў ім: — Ці вы ўмысна, Сэдрах, Місах і Абдэна не шануеце маіх багоў і не кланяецеся залатой статуі, якую я паставіў?
15 Цяпер, калі вы гатовы, як толькі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, падайце і кланяйцеся статуі, якую я зрабіў, калі-ж вы не паклоніцеся, дык зараз-жа будзеце ўкіненыя ў распаленую вагнём печ і тады які Бог збавіць вас ад маёй рукі?
16 Адказалі Сэдрах, Місах і Абдэна і сказалі каралю Набухаданосару: — мы ня дбаем аб тое, што адказаць табе на гэта.
17 Бог наш, якому мы кланяемся, мае сілу выратаваць нас ад распаленай вагнём печы і вызваліць нас ад тваёй рукі.
18 Калі-ж і не здарыцца так, дык няхай будзе табе кароль ведама, што мы ня будзем кланяцца тваім багом і не паклонімся залатой статуі, якую ты паставіў.
19 Тады Набухаданосар так раз’ярыўся на Сэдраха, Місаха і Абдэна, што зьмяніўся выгляд ягонага твару і загадаў, каб распалілі печ сем разоў мацней, чым яе звычайна распалівалі,
20 і самым сільным мужом з свайго войска загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Абдэна і ўкінуць іх у распаленую вагнём печ.
21 Тады гэных мужоў зьвязалі ў плашчох іх і вопратках іх і ў павязках галавы і іншых адзежах іх і ўкінулі ў распаленую вагнём печ.
22 А дзеля таго, што каралеўскі загад быў суровы і печ была вельмі распаленая, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, што кідалі Сэдраха, Місаха і Адбэна,
23 а гэныя тры мужы — Сэдрах, Місах і Абдэн, упалі зьвязаныя ў распаленую вагнём печ.
24 Кароль Набухаданосар зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў, гаворачы сваім магнатам: — ці-ж ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў вагонь? Тыя адказываючы сказалі: — запраўды так, кароль.
25 На гэта ён адказаў: — вось я бачу чатырох мужоў незьвязаных, якія ходзяць сярод вагню і няма ім ніякай шкоды, а асоба чацьвертага падобная да сына Божага.
26 Тады Набухаданосар падыйшоў да атворыны печы і сказаў: — Сэдрах, Місах і Абдэн, слугі Найвышэйшага Бога, выйдзеце і падыйдзеце! Тады Сэдрах, Місах і Абдэн выйшлі з пасярод вагню.
27 І сабраліся князі, намесьнікі, гэтманы і каралеўскія райцы і пабачылі, што над целамі гэтых мужоў вагонь ня меў сілы і валасы на іх галаве не апаліліся і вопраткі іхныя не зьмяніліся і нават запаху вагню ня было ад іх.
28 Тады сказаў Набухаданосар: — багаслаўлёны Бог Сэдраха, Місаха і Абдэна, Які паслаў свайго Ангела і вызваліў слугаў сваіх, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся каралеўскага загаду і перадалі целы сваі, каб ня служыць і не кланяцца іншаму Богу, апрача Бога свайго.
29 Ад мяне выдаецца загад, каб з кожнага народу, племені і языка, хто скажа якое-небудзь блюзьнерства на Бога Сэдраха, Місаха і Абдэна, быў парубаны на кавалкі і дом ягоны зруйнаваны, бо няма іншага Бога, які-б мог так ратаваць.
30 Тады кароль узвысіў Сэдраха, Місаха і Абдэна ў Бабілёнскай краіне.
31 Набухаданосар, кароль, усім народам, плямёнам і языком, жывучым па ўсёй зямлі: мір вам няхай памножыцца!
32 Знакі і цуды, якія ж учыніў са мною Найвышэйшы Бог, лічу я адпаведным расказаць.
33 Як вялікія ягоныя знакі! Як магутныя Ягоныя цуды! Ягонае каралеўства — вечнае каралеўства і Ягонае валадараньне ад народу да народу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Данілы, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.