1 Я, Набухаданосар, жывучы ў супакоі ў доме маім і шчасна ў палацы маім,
2 меў сон, які спужаў мяне і думкі, якія я меў на ложы маім і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.
3 Дзеля [гэтага] быў мною выданы загад прывесьці да мяне Бабілёнскіх мудрацоў, каб яны вытлумачылі мне значаньне сну.
4 Тады прыйшлі мудрацы і варажбіты, халдэі і вешчбіты; я расказаў ім сон, але яны не маглі вытлумачыць мне ягонае значэньне.
5 Нарэшце прыйшоў да мяне Даніла, імя якога Бальтазар — паводле імені майго бога і ў якіх дух сьвятога Бога. Яму расказаў я сон.
6 Бальтазар, першы з пасярод мудрацоў! Я ведаю, што ў табе дух сьвятога Бога і ніякая тайніца не за цяжкая для цябе; вытлумач мне відзеж майго сну, які я бачыў і ягонае значэньне.
7 Відзежы галавы маёй на ложы маім былі такія: вось я бачыў сярод зямлі вельмі высокае дрэва.
8 Вялікае было гэтае дрэва і моцнае; высата яго дасягала да неба і бачнае было да краёў усяе зямлі.
9 Галіны яго былі прыгожыя, а пладоў шмат і пожыў для ўсіх быў на ім; пад ім была цень палявому зьверу, а на ягоных галінах жылі птушкі нябесныя і ад яго кармілася ўсялякае стварэньне.
10 І бачыў я ў відзежах галавы маёй, на ложы маім: вось зыйшоў з неба Вартаўнік і Сьвяты.
11 Голасна ўсклікнуўшы Ён сказаў: — зрубеце гэтае дрэва, абрубеце ягоныя галіны, абтрасеце лісьцьцё яго і раскідайце ягоныя плады; няхай разьбягуцца зьвяры з пад яго і птушкі з ягоных галінаў,
12 але галоўны карэнь яго пакіньце ў зямлі і няхай будзе ён зьвязаны зялезным і медным ланцугом і на палявой траве кропіцца нябеснай расою, а пасецца няхай на траве з палявымі зьвярамі.
13 Няхай адымецца ад яго чалавечае сэрца, а будзе яму данае сэрца зьвярынае і пройдзе над ім сем часоў.
14 Загадам Вартаўніка азначана гэта і станецца паводле прыгавору Сьвятых, каб ведалі людзі, што Найвышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго таму, каму хоча і стаўляе над ім самога лядачага з людзей.
15 Такі сон бачыў я, кароль Набухаданосар, а ты, Бальтазар, скажы мне значаньне, бо ніхто з мудрацоў у маім каралеўстве ня мог вытлумачыць ягонага значаньня, але ты можаш, бо Дух сьвятога Бога ў табе.
16 Тады Даніла, якому імя Бальтазар, задумаўся адну гадзіну і думкі ягоныя трывожілі яго. Кароль пачаў гаварыць і сказаў: — няхай ня трывожыць цябе сон і ягонае значаньне. — Бальтазар адказаў і сказаў: — Валадару мой, няхай споўніцца гэты на тых, якія цябе ненавідзяць, а на ворагаў тваіх ягонае значаньне.
17 Вялікае і моцнае дрэва, якое ты бачыў, вышыня якога сягала неба і бачнае было па ўсёй зямлі.
18 На якім былі прыгожыя галіны і шмат пладоў і пожыў для ўсіх, пад якім жылі палявыя зьвяры і на галінах якога жылі птушкі нябесныя,
19 Гэта ты — кароль, які ўзьвялічыўся і ўзмацаваўся, а велічыня твая ўзрасла і дасягла да неба і ўлада твая да канцоў зямлі.
20 А што кароль бачыў Вартаўніка і Сьвятога, зыходзячага з неба, які сказаў: — зрубеце гэтае дрэва і зьнішчыце яго, толькі галоўны карэнь яго пакіньце ў зямлі і няхай будзе ён у зялезных і медных ланцугох крапіцца сярод палявой травы нябеснай расою, а з палявымі зьвярамі няхай пасецца, пакуль ня пройдзе сем часоў,
21 дык вось значаньне гэтага і вось пастанова Найвышэйшага, якая асягне валадара майго, караля:
22 адлучаць цябе ад людзей і будзеш ты жыць з палявымі зьвярамі і травою будзеш пасьціся, як вол, а раса нябесная будзе крапіць цябе, пакуль зыйдзе сем часоў над табою, пакуль пазнаеш, што Найвышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго, каму хоча.
23 А што загадана пакінуць галоўны карэнь дрэва, гэта значыць, што каралеўства тваё застанецца пры табе, калі пазнаеш, што нябёсы пануюць.
24 Дзеля гэтага, кароль, няхай спадабаецца табе мая рада: скасуй грахі твае праўдаю, а бязпраў’і твае міласэрдзьдзем да бедных. Вось чым можаш прадоўжыць свой супакой.
25 Усё гэта збылося з каралём Набухаданосарам.
26 Пасьля зыходу дванацьцацёх месяцаў, прахаджываючыся на каралеўскім палацы ў Бабілёне,
27 сказаў кароль: — Ці-ж гэта не вялікі Бабілён, які я збудаваў сілаю маёй моцы, каб быў сталіцаю каралеўства і на славу маёй велічы?
28 А калі гэтая мова была яшчэ ў вуснах караля, вось быў голас з неба: — гавораць табе, кароль Набухаданосар, каралеўства тваё адыйшло ад цябе.
29 І адлучаць цябе ад людзей і будзеш ты жыць з палявымі зьвярамі, травою будзеш пасьціся, як вол і сем часоў пройдзе над табою, пакуль пазнаеш, што Навышэйшы пануе над чалавечым каралеўствам і дае яго, каму хоча.
30 Зараз-жа споўнілася гэтае слова над Набухаданосарам, бо адлучаны ён быў ад людзей, еў траву, як вол, а нябесная раса крапіла ягонае цела, так што вырасьлі на ім валасы, як у льва, а кіпцюры, як у птушкі.
31 А пасьля зыходу гэных дзён, узьняў я, Набухаданосар, вочы ў неба і вярнуўся розум мой да мяне і багаславіў я Найвышэйшага, а Існуючага ўсхваліў і праславіў, якога валадарства — валадарства вечнае, а каралеўства яго ад народу да народу.
32 А ўсе жывучыя на зямлі нічога ня значаць. Паводле Сваёй волі паступае з нябесным войскам і жывучымі на зямлі і няма нікога, хто-б мог супроцьдзеяць яму і сказаць: — што робіш?
33 У той час вярнуўся да мяне розум мой і да славы каралеўства майго вярнулася аздоба і годнасьць мая; тады шукалі мяне князі і райцы мае, а [я] ўзмацаваўся на каралеўстве і веліч мая яшчэ больш узьвялічылася.
34 Цяпер я, Набухаданосар, хвалю, вывышаю і слаўлю нябеснага караля, усе справы Якога праўдзівыя, а шляхі правільныя, а які можа зьнішчыць гордых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Данілы, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
