1 Бальтазар, кароль, зрабіў вялікую бяседу для тысячы сваіх магнатаў і перад вачыма тысячы піў віно.
2 А калі Бальтазар піў віно, загадаў прынесьці залатое і серабранае начыньне, якое Набухаданосар, ягоны бацька, забраў з ерусалімскай сьвятыні, каб піць з іх каралю, ягоным магнатам, ягоным жонкам і ягоным наложніцам.
3 Тады прынесьлі залатое начыньне, якое было ўзятае са сьвятыні Дому Божага ў Ерусаліме і пілі з іх кароль і ягоныя магнаты, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы,
4 а, п’ючы віно, славілі залатых, сярэбраных, медных, зялезных, дзераўляных і каменных багоў.
5 У той-жа час выйшлі пальцы чалавечай рукі і пісалі супроць сьвечніка на вапне сьцяны каралеўскага палацу і бачыў кароль частку пішучай рукі.
6 Тады кароль зьмяніўся ў твары сваім, стрывожыліся ягоныя думкі, вязаньні ягоных бёдраў аслабелі, а калены пачалі біцца адно аб другое.
7 З усяе сілы закрычэў кароль, каб прывялі вешчбітаў, халдэяў і варажбітоў; кароль пачаў гаварыць і сказаў Бабілёнскім мудрацом: — хто прачытае напісанае і вытлумачыць мне ягонае значэньне, той будзе апранены ў чырвоную вопратку і дадуць яму залаты ланцуг на шыю і будзе трэцім у каралеўстве, пасьля мяне.
8 І ўвайшлі ўсе каралеўскія мудрацы, але не маглі прачытаць напісанага і вытлумачыць ягонае значаньне.
9 Кароль Бальтазар вельмі ўстрывожыўся і зьмяніўся выгляд ягонай твары і ўстрывожыліся ягоныя магнаты.
10 Каралева-ж з прычыны словаў караля і магнатаў увайшла ў бяседнае памешканьне, пачала гаварыць і сказала: — кароль, жыві вечна! Няхай і цябе ня трывожаць твае думкі і няхай не зьмяняеца выгляд твайго твару;
11 ёсьць у тваім каралеўстве муж у якім дух сьвятога Бога. За часоў твайго бацькі былі ў ім знойдзены сьвет і розум і мудрасьць, падобная мудрасьць багоў і кароль Набухаданосар, твой бацька, паставіў яго на чале ўсіх мудрацоў, вешчбітаў, халдэяў і варажбітоў, сам бацька твой кароль,
12 бо ў нім, у Даніле, якога кароль назваў Бальтазарам, аказаўся высокі дух, веда і розум, здольныя тлумачыць сны, выясьняць загадковыя і разьвязываць цяжкія рэчы. Дык няхай паклічуць Данілу і ён вытлумачыць значаньне.
13 Тады быў прыведзены Даніла да караля і кароль гаворачы сказаў: — Ці ты Даніла, адзін з палоных сыноў Юдэйскіх, якіх бацька мой, кароль, прывёў з Юдэі?
14 Я чуў аб табе, што Дух Божы ў табе і сьвет і розум і вялікая мудрасьць знойдзеныя ў табе.
15 Вось прыведзеныя былі да мяне мудрацы і варажбіты, каб прачытаць гэтае напісанае, але яны не маглі вытлумачыць мне гэтага.
16 А аб табе я чуў, што ты можаш тлумачыць значаньне і разьвязываць цяжкія рэчы, дык калі можаш прачытаць гэтае напісанае і вытлумачыць мне ягонае значаньне, дык будзеш апранены ў чырвоную вопратку і залаты ланцуг будзе на тваёй шыі і трэцім валадаром будзеш па мне ў каралеўстве.
17 Тады адказаў Даніла і сказаў каралю: — дары твае няхай застануцца ў цябе і чэсьць аддай іншаму, напісанае я прачытаю каралю і вытлумачу значаньне.
18 Кароль! Найвышэйшы Бог дараваў бацьку твайму Набухаданосару каралеўства, веліч, чэсьць і славу.
19 Перад велічай, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і языкі дрыжэлі і баяліся яго, каго хацеў забіваў ён, каго хацеў пакідаў у жывых; каго хацеў узвышаў, а каго хацеў паніжаў.
20 Калі аднак сэрца ягонае зрабілася вельмі гордым і дух ягоны зрабіўся пышны, ён быў скінуты з свайго каралеўскага пасаду і пазбаўлены славы сваёй,
21 і адлучаны ён быў ад сыноў чалавечых і сэрца ягонае сталася падобным зьвярынаму і жыў ён з дзікімі асламі, пасьвіўся травою, як вол, і нябесная раса крапіла ягонае цела, пакуль ён не пазнаў, што над каралеўствам чалавечым пануе найвышэйшы Бог і ўстанаўляе над ім каго хоча.
22 Ты, сын ягоны Бальтазар, не ўпакорыў свайго сэрца, хаця ведаў усё гэтае,
23 але узьняўся супроць Госпада нябёс і начыньне Ягонага Дому прынесьлі да цябе і ты, і магнаты твае, жонкі твае і наложніцы твае пілі з іх віно і ты славіў сярэбраных, залатых, медных, зялезных, дзеравяных і каменных багоў, якія ня бачаць, ня чуюць, не разумеюць, а Бога, у руцэ Якога дыханьне тваё, ты не праславіў.
24 За гэта пасланая была ад яго частка рукі і напісаныя пісьмёны.
25 І вось што напісана: мэнэ, мэнэ, тэкэль, упарсін.
26 Вось і значаньне словаў: мэнэ — зьлічыў Бог каралеўства тваё і пастанавіў скончыць яго;
27 Тэкэль — ты ўзважаны і знойдзены вельмі лёгкім;
28 Пэрэс — разьдзелена тваё каралеўства і адданае мідам і пэрсам.
29 Тады па загаду Бальтазара апранулі Данілу ў чырвоную вопратку і ўзлажылі на ягоную шыю залаты ланцуг і абвесьцілі яго трэцім валадаром у каралеўстве.
30 У тую-ж ноч Бальтазар, кароль халдэйскі, быў забіты
31 і Дары мідзянін прыняў каралеўства, маючы шэсьцьдзесят два гады.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Данілы, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
