Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Данілы 7 Кніга Данілы 7 разьдзел

1 У першы год Бальтазара, караля Бабілёнскага, Даніла бачыў сон і прарочыя відзежы на ложы сваім. Тады запісаў ён сон, вылажыўшы сутнасьць справы.
2 Гаворачы, Даніла сказаў: — бачыў я ў начной відзежы маёй — вось чатыры вятры нябесныя змагаліся на вялікім моры
3 і чатыры вялікія зьвяры выйшлі з мора, непадобныя адзін на аднаго.
4 Першы, як леў, але ў яго арлінныя крылы; я глядзеў пакуль ня былі ў яго вырваныя крылы і быў ён узьняты ад зямлі і стаў на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае дано было яму.
5 Потым яшчэ зьвер другі, падобны да мядзьведзя, стаяў з аднэй стараны і тры іколы ў роце яго, паміж зубамі яго. І гаварылі да яго: — устань, нажарыся досыць мяса.
6 Затым бачыў я — вось яшчэ зьвер, як леапард; на сьпіне ў яго чатыры птушыных крылы і чатыры галавы было ў гэтага зьвера і дана была яму ўлада.
7 Пасьля бачыў я ў начных відзежах, — вось зьвер чацьверты, страшны і вельмі моцны; у яго вялікія зялезныя зубы; ён жор і крышыў, а астачу таптаў нагамі. Ён рожны быў ад усіх іншых зьвяроў і было ў яго дзесяць рагоў.
8 Я глядзеў на гэтыя рогі і вось выйшаў паміж імі меншы рог і тры з ранейшых рагоў былі зломленыя перад ім і вось у гэтым розе былі вочы, падобныя вачом чалавечым і вусны, якія гаварылі гордыя словы.
9 Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі пасады і сеў Старавечны; вопратка на ім была белая, як сьнег і валасы галавы яго, як чыстая воўна; пасад яго, як полымя вагністае, а колы яго, як палымеючы вагонь.
10 Вагністая рака выплывала і праходзіла перад Ім; тысяча тысячаў служыла Яму, а дзесяць тысячаў тысяч стаяла перад Ім; суд сеў і адчыніліся кнігі.
11 Бачыў я тады, што за гордыя словы, якія гаварыў рог, зьвер быў на вачох маіх забіты і цела ягонае было зьнішчанае і адданае на спаленьне вагнём.
12 І ў іншых зьвяроў была адабраная іх улада і час іхняга жыцьця быў ім даны да часу, да азначанага часу.
13 Бачыў я ў начных відзежах, вось з хмарамі нябеснымі йшоў падобны да Сына чалавечага, дайшоў да Старавечнага і быў падведзены да Яго.
14 І была Яму даная ўлада, слава і каралеўства, каб усе народы, плямёны і языкі служылі Яму; валадарства Яго — валадарства вечнае, якое не міне і каралеўства Ягонае не зруйнуецца.
15 Устрывожыўся дух мой, у мяне — Даніле і відзеж галавы маёй спужала мяне.
16 Тады я падыйшоў да аднаго з стоячых там і спытаўся яго аб значаньні ўсяго і вытлумачыў мне значаньне сказанага:
17 гэтыя вялікія зьвяры, якіх чатыры, гэта чатыры каралі, якія паўстануць з зямлі.
18 Яны прымуць каралеўства сьвятых найвышэйшых месцаў і будуць валодаць каралеўствам на векі вякоў.
19 Тады захацеў я мець вытлумачэньне аб чацьвертым зьверы, які быў іншы ад усіх і вельмі страшны, з зялезнымі зубамі і меднымі кіпцюрамі; які жор і крышыў, а астачы таптаў нагамі.
20 Таксама аб дзесяцёх рагох, якія былі ў яго на галаве і аб апошнім, перад якім выпалі тры, — аб тым самым розе, у якога былі вочы і вусны, якія гаварылі гордыя словы і які па выгляду зрабіўся большы ад іншых.
21 Я бачыў, як гэны рог змагаўся са сьвятымі і перамагаў іх,
22 пакуль не прыйшоў Старавечны і даны быў суд сьвятым найвышэйшых месцаў і наступіў час, каб гэтае каралеўства атрымалі сьвятыя.
23 Аб гэтым ён сказаў: — чацьверты зьвер — чацьвертае каралеўства будзе на зямлі, іншае ад усіх іншых каралеўстваў, якое будзе жорці ўсю зямлю, таптаць і крышыць яе.
24 А дзесяць рагоў значаць, што з гэнага каралеўства паўстане дзесяць каралёў і пасьля іх паўстане іншы, рожны ад папярэдніх і зьнішчыць трох каралёў.
25 І будзе гаварыць словы супроць Найвышэйшага і прыгнятаць сьвятых Найвышэйшага; нават уздумае адмяніць у іх часы і законы і яны будуць пераданыя ў руку яго аж да часу і часоў і поў часу.
26 Потым засядзе суд і адбярэ ў яго ўладу губіць і нішчыць да канца,
27 каралеўства-ж і ўлада і каралеўская веліч у ўсім паднеб’і данае будзе народу сьвятых Найвышэйшага, каралеўства Якога — каралеўства вечнае і ўсе валадары будуць служыць і слухаць Яго.
28 Цяпер канец слова. Мяне, Данілу, вельмі ўстрывожылі думкі мае і твар мой зьмяніўся на мне, але слова я захаваў у сэрцы маім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Данілы, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.