Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Данілы 8 Кніга Данілы 8 разьдзел

1 У трэці год панаваньня караля Бальтазара паказалася мне, Даніле, відзеж, пасьля тае, якая паказалася мне раней.
2 І бачыў я ў відзежы, а калі бачыў, быў я ў Сузан, галоўным горадзе ў Эламскай акрузе, — і бачыў я ў відзежы, як-бы быў я каля ракі Улай.
3 Узьняў я вочы мае і пабачыў: вось адзін баран стаіць каля ракі; у яго два рагі, а гэныя два рагі былі высокія, а адзін як-бы вышэйшы ад другога, а вышэйшы вырас пазьней.
4 Бачыў я, як гэны баран бадаў на захад і на поўнач і на поўдзень і ніякі зьвер ня мог яму супроцьстаяць і ніхто ня мог уратаваць ад яго; ён рабіў, што хацеў і стаўся вялікім.
5 Я ўважна глядзеў на гэта і вось з захаду йшоў казёл па абліччы ўсёй зямлі, не датыкаючы зямлі: у гэтага казла быў рог паміж ягонымі вачыма.
6 Ён пайшоў на таго барана, які меў рогі і якога я бачыў стоячага каля ракі і кінуўся на яго ў вялікай злосьці сваёй.
7 Бачыў я, як ён, наблізіўшыся да барана, раз’ярыўся на яго і ўдарыў барана і зламаў у яго абодвы рагі, і ня было ў барана сілы супроцьстаяць і кінуў яго на зямлю і патаптаў яго і ня было нікога, хто-б мог выратаваць барана з ягонай моцы.
8 Тады казёл вельмі ўзьвялічыўся, але калі ён узмацаваўся, дык зламаўся вялікі рог і на ягонае месца выйшлі чатыры, скіраваныя ў староны чатырох нябесных вятроў.
9 З аднаго з іх выйшаў невялікі рог, які вельмі вырас на поўдзень і на ўсход і да прыгожай краіны,
10 і вырас аж да нябеснага войска і скінуў з гэнага войска і зораў частку на зямлю і патаптаў іх.
11 Ён узьняўся, нават, да гэтмана гэтага войска і аднятая была ў Яго штодзённая ахвяра і закінута было месца Ягонай сьвятыні.
12 Таксама і гэнае войска пераданае было разам з штодзённай ахвярай за несправядлівасьць і ён, кідаючы праўду на зямлю, дзеяў і шчасьцілася яму.
13 І пачуў я аднаго сьвятога гаворачага і сказаў гэты сьвяты некаму, які пытаўся: — колькі часоў абымае гэтая відзеж аб штодзённай ахвяры і аб апусташаючай несправядлівасьці, калі сьвятыя і войска будуць патаптаныя?
14 І сказаў мне: — дзьве тысячы трыста вечароў і раніцаў і тады сьвятыня ачысьціцца.
15 А калі я, Даніла, глядзеў на гэтую відзеж і шукаў ейнай разгадкі, тады стаў каля мяне, на выгляд, як муж.
16 І пачуў я голас чалавечы з Улаю, які, клікнуўшы, сказаў: — Гаўрыла, вытлумач яму гэтую відзеж.
17 І ён падыйшоў да месца, дзе я стаяў і калі ён падыйшоў спужаўся я і ўпаў на аблічча маё і сказаў ён мне: — ведай, сын чалавечы, што відзеж у азначаным часе выпаўніцца.
18 І калі ён гаварыў са мною, я ляжаў бяз чуцьця на зямлі, але ён дакрануўся да мяне і паставіў мяне на месца маё
19 і сказаў: — вось я адчыняю табе, што будзе ў апошнія дні гневу, бо будзе канец азначанага часу.
20 Баран, якога ты бачыў, з двума рагамі — гэта каралі: Мідыйскі і Пэрскі.
21 А гэны касматы казёл — гэта кароль Грэцкі, а вялікі рог паміж ягонымі вачыма, гэта першы кароль;
22 ён зламаўся і замест яго выйшлі чатыры рагі, гэта чатыры каралеўствы паўстануць з гэтага народу, але не з ягонай сілай.
23 А пры канцы іхнага каралеўства, калі злачынцы выпаўняць злачынствы свае, устане кароль безсаромны і хітры;
24 і ўзмоцніцца ягоная сіла, хаця і не ягонай сілай, і ён будзе рабіць вялікія спусташэньні і будзе яму паводзіцца і дзеяць і губіць моцных і народ сьвятых.
25 А пры ягоным розуме і хітрасьці будзе мець посьпех у руцэ яго і сэрцам сваім ён узвысіцца і ў мірны час шмат іх зьнішчыць і паўстане супроць Валадара валадароў, але будзе скрышаны — ня рукою.
26 Відзеж жа аб вечары і раніцы, аб якім сказана — сама праўда, але ты схавай гэную відзеж, бо спраўдзіцца за шмат часоў.
27 Тады я, Даніла, самлеў і хварэў некалькі дзён, потым устаў і займаўся каралеўскімі справамі і зьдзіўлены быў гэнай відзежай, аднак гэтага ніхто ня бачыў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Данілы, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.