1 І будзе ў апошнія дні: гара дому Госпада будзе пастаўленай на чале гораў і ўзвысіцца над узгоркамі і паплывуць да яе народы.
2 І пойдуць шматлікія народы і скажуць: — прыйдзеце і ўзыдзем на гару Госпада і ў дом Бога Якубавага і будзе навучаць нас шляхоў сваіх і будзем хадзіць ягонымі сьцежкамі, бо з Сыёну выйдзе закон, а слова Госпада з Ерусаліму.
3 І будзе Ён судзіць многія народы і абвінавачыць многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць мячы свае на лемяшы і дзіды свае на сярпы; ня ўздыме народ на народ мяча і ня будзе больш вучыцца ваяваць,
4 але кожны будзе сядзець пад сваім вінаградам і пад сваім фігавым дрэвам і ня будзе нікога, хто-б іх спужаў, бо вусны Госпада Сабаота сказалі гэта.
5 Бо ўсе народы хадзіць будуць, кожны ў імя свайго бога, а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага на вякі вякоў.
6 У той дзень, гаворыць Гаспод, зьбяру кульгаючае і зграмаджу выгнанае і тых, на каго я навёў бяду.
7 І дам кульгаючай нашчадкаў, а далёка выгнанае зраблю моцным народам і Гаспод будзе валадарыць над імі на гары Сыён, ад цяпер аж на векі.
8 А ты, вежа статку, узгорак дачкі Сыёну, ведай, што да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае валадарства, каралеўства да дачок Ерусаліма.
9 Чаму-ж цяпер ты так моцна крычыш? Ці-ж у цябе няма караля? Ці-ж ня стала ў цябе райцаў, што схапілі цябе мукі, як родзячую.
10 Цярпі і мучайся больлю дачка Сыёну, як родзячая, бо цяпер ты выйдзеш з места і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Бабілёну. Там будзеш збаўленай, там збавіць цябе Гаспод ад рукі тваіх ворагаў.
11 А цяпер сабралася супроць цябе шмат народаў, якія гавораць: — няхай будзе спаганены Сыён і няхай глядзіць на гэтае нашае вока.
12 Але ня ведаюць яны думак Госпада і не разумеюць Ягонай рады, што Ён сабраў іх, як снапы на ток.
13 Устань-жа і малаці, дачка Сыёну, бо Я зраблю твой рог зялезным, а капыты твае зраблю меднымі і пакрышыш шмат народаў і прысьвеціш Госпаду карысьці іх і багацьці іх Валадару ўсяе зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Міхея, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.