1 Гора мне, бо я як астаткі пасьля збору летніх пладоў, як пасьля збору вінаграда; ніводнай ягады да ежы, ані сьпелага плоду, якога пажадае мая душа.
2 Ня стала міласэрных на зямлі, няма шчырага паміж людзьмі; усе думаюць аб праліваньні крыві, кожны ловіць сеткаю свайго брата.
3 Рукі іх скіраваныя на тое, каб рабіць благое; начальнік патрабуе падаткаў, а судзьдзя судзіць за хабар, а магнаты выказываюць благія пажаданьні сваёй душы і псуюць справу.
4 Найлепшы з іх, як асот, а справядлівы горш цёрну; дзень прадвесьнікаў Тваіх, адведаньне Тваё наступнае; цяпер застае іх смута.
5 Ня верце прыяцелю, ня давярайце правадыру; ад лежачай на ўзлоньні тваім сьцеражы дзьверы вуснаў тваіх.
6 Бо сын не шануе бацькі, дачка паўстае супроць маці, нявестка супроць сьвякрухі, а непрыяцелям кожнага — хатнія яго.
7 А я буду глядзець на Госпада, ад Бога буду я чакаць майго збаўленьня; Бог мой пачуе мяне.
8 Не весяліся з мяне непрыяцелька мая, хаця я ўпаў, але ўстану; хаця я ў цемры, але Гаспод — сьвет для мяне.
9 Я буду несьці гнеў Госпада, бо я зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць маёй справы і ня выканае суд нада мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвет і я пабачу праўду яго.
10 І пабачыць гэта няпрыяцелька мая і сорам пакрые яе гаворачую: — дзе ёсьць Гаспод Бог твой? Будуць мае вочы глядзець, як яна будзе таптанай, падобна гразі на вуліцах.
11 У той дзень, калі пабудаваныя будуць сьцены твае, у той дзень далёка разыдзецца вырашэньне.
12 У той дзень будуць прыходзіць да цябе з Асырыі і з Эгіпскіх местаў і ад Эгіпту аж да ракі і ад мора да мора і ад гары да гары.
13 А зямля тая будзе пустыняю за жыхароў сваіх, за плады іх учынкаў.
14 Пасьві народ Твой ляскаю Тваёю, авечак спадчыны Тваёй, што жывуць асобна ў лесе сярод Карміла; няхай пасьвяцца яны на Басане і Галаадзе, як у старыя дні.
15 Пакажу яму дзіўныя справы, як у тыя дні, калі ты выйшаў з Эгіпскай зямлі.
16 Пабачаць гэта народы і засаромяцца, пры ўсёй сваёй магутнасьці: наложаць руку на вусны, а вушы іх аглохнуць,
17 будуць лізаць пыл, як зьмяя, як земляныя чэрві выпаўзуць яны з ямаў сваіх, спалохаюцца Госпада Бога нашага і будуць баяцца цябе.
18 Які-ж Бог ёсьць падобны Табе, які-б даровываў бязпраўе і праходзіў міма злачынстваў астаткаў Сваёй спадчыны. Ён ня гневаецца вечна, бо любіць міласэрдзьдзе.
19 Ён ізноў зьмілуецца над намі, скасуе нашыя бязпраў’і і ўкіне ў марскую глыбіню ўсе нашыя грахі.
20 Пакажашся праўдамоўным Якубу, а міласэрным — Абрагаму, як прысягнуў бацьком нашым, з даўных дзён.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Міхея, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
