Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Рут 4 Кніга Рут 4 разьдзел

1 Бооз выйшаў да брамы і сеў там. І вось ідзе міма сваяк, аб якім гаварыў Бооз. І сказаў яму Бооз: — зайдзі сюды і сядзь тутака. Той зайшоў і сеў.
2 Бооз узяў дзесяць чалавек з пасярод старэйшых места і сказаў: — сядзьце тутака. І яны селі.
3 І сказаў Бооз сваяку: — Ноэмі вярнуўшыся з краіны Маабіцкай прадала частку поля, якая належала да брата нашага Элімелеха.
4 Вось пастанавіў я давесьці гэта да тваіх вушэй, гаворачы: — купі гэтае поле перад седзячымі тут і перад старэйшымі народу майго; хочаш выкупіць — выкупляй, а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне і я буду ведаць, бо апрача цябе няма нікога бліжэйшага да выкупу, а я пасьля цябе. Тады той адказаў: — я выкуплю.
5 Бооз сказаў: — калі ты выкупіш поле ў Ноэмі, дык ты павінен атрымаць і Рут Маабіцянку, жонку памершага, і павінен узяць у замуства, каб узнавіць імя памершага ў спадчыне яго.
6 І сказаў той сваяк: — не магу выкупіць, каб ня згубіць спадчыны сваёй. Выкупі ты, бо я не магу выкупіць.
7 Раней быў такі звычай у Ізраілі пры выкупе і пры замене, для ўзмацаваньня якой-небудзь справы: адзін здымаў чаравік свой і даваў другому і гэта было довадам уступаньня права ў Ізраіля.
8 Тады сказаў сваяк Боозу: — купі сабе; і зьняў чаравік свой і даў яму.
9 Тады сказаў Бооз старэйшым і ўсяму народу: — вы цяпер сьветкамі таму, што я купляю ўсё, што было Элімелехава і ўсё Хілеёнава і Магалёнава з рук Ноэмі.
10 Дагэтага і Рут Маабіцянку, жонку Магалёна, бяру сабе за жонку, каб пакінуць імя памершага ў спадчыне ягонай і каб ня зьнікла імя памершага паміж братамі яго і з брамаў места гэтага. Вы гэтага сёньня сьветкамі.
11 І сказаў увесь народ, што быў пры браме і старэйшыя: — мы сьветкамі. Няхай дасьць табе Гаспод жонку, якая ўзыходзіць у дом твой, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве збудавалі дом Ізраільскі. Набывай багацьце ў Эфрафе і няхай славіцца імя тваё ў Бэтлееме.
12 Няхай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога радзіла Тамар Юдзе з насеньня таго, якое дасьць табе Гаспод ад гэтай жанчыны.
13 І ўзяў Бооз Рут і была яму за жонку. І ўвайшоў ён да яе і Гаспод даў ёй цяжарнасьць і яна радзіла сына.
14 І гаварылі жанчыны да Ноэмі: — багаслаўлены Гаспод, што Ён не пакінуў цябе цяпер бяз спадкаемцы! Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі.
15 Ён будзе табе пацехай і будзе харчаваць цябе ў старасьці, бо яго радзіла нявестка твая, якая любіць цябе, якая лепшая для цябе ад сямёх сыноў.
16 І ўзяла Ноэмі гэтае дзіцё, узяла яго на ўзлоньне сваё і была яму пястункай.
17 Суседкі далі яму імя, гаворачы: — у Ноэмі радзіўся сын і назвалі яго Абідам. Ён — бацька Есея, бацькі Давідавага.
18 А вось род Фарэса: Фарэс радзіў Гэсрона;
19 А Гэсрон радзіў Рама, а Рам радзіў Амінадаба;
20 А Амінадаб радзіў Наасона, а Наасон радзіў Сальмона;
21 А Сальмон радзіў Бооза, а Бооз радзіў Абеда;
22 А Абед радзіў Есея, а Есей радзіў Давіда.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Рут, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.