Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 15 Паводле Матэуша 15 разьдзел

1 Тады прыйшлі да яго кніжнікі і фарызэі з Ерузаліму, кажучы:
2 Чаму твае вучні пераступаюць установу старшых? Бо не абмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
3 Ён-жа адказваючы сказаў ім: Чаму і вы пераступаеце прыказаньне Божае дзеля вашай установы? Бо сказаў Бог:
4 «Паважай бацьку і матку» (Вых. 20:12), і: «Хто-б наругаўся бацьку або матцы, няхай сьмерцяй памрэ» (Вых. 21:17).
5 А вы кажаце: Хто-б сказаў бацьку або матцы: «ахвярай ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца»,
6 той ня будзе паважаць бацьку свайго або маткі сваей. І скасавалі вы прыказаньне Божае дзеля вашай установы.
7 Крывадушнікі, добра прарочыў аб вас Ізаій (Із. 29:13), кажучы:
8 «Народ гэты паважае мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад мяне;
9 дарэмна-ж яны пакланяюцца мне, вучачы навук і чалавечых прыказаньняў».
10 І паклікаўшы да сябе грамады, сказаў ім: Слухайце і зразумейце.
11 Ня тое апаганьвае чалавека, што ўваходзіць у рот, але тое апаганьвае чалавека, што з рота выходзіць.
12 Тады вучні ягоны, падыйшоўшы, сказалі яму: Ці ведаеш, што фарызэі, пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?
13 Ён-жа, адказаўшы, сказаў: Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец мой нябесны, будзе вырвана з коранем.
14 Пакіньце іх! Яны сьляпыя і павадыры сьляпых. Калі-ж сьляпы сьляпога вядзе, то абодва ўваляцца ў яму.
15 А Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Растлумач нам гэтую прыповесьць.
16 Ён-жа сказаў: Няўжо і вы яшчэ без зразуменьня?
17 Ці-ж вы не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у рот, ідзе ў жывот і выкідаецца вон?
18 А тое, што выходзіць з рота, з сэрца ідзе — і гэта апаганьвае чалавека.
19 Бо з сэрца ідуць благія думкі, забойствы, чужалоствы, распуствы, зладзействы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.
20 Вось гэта апаганьвае чалавека, але есьці неабмытымі рукамі не апаганьвае чалавека.
21 І Езус, выйшаўшы адтуль, пайшоў у староны Тыру і Сыдону.
22 І вось жанчына Канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала, кажучы яму: Зжалься нада мною, Пане, Сыне Давіда! Дачку маю цяжка мучыць нячысты!
23 Ён не адказаў ёй ні слова. І падыйшоўшы вучні ягоны прасілі яго: Адпусьці яе, бо крычыць за намі.
24 Ён-жа, адказаўшы, сказаў: Я пасланы толькі да авец, якія згінулі з дому Ізраіля.
25 Але яна прыйшла і пакланілася яму, кажучы: Пане, памажы мне.
26 Ён адказаўшы сказаў: Ня добра браць хлеб дзяцей і кідаць сабакам.
27 Але яна сказала: Так, Пане! Але і шчаняты ядуць з крошак, якія падаюць з стала іхных гаспадароў.
28 Тады Езус у адказ сказаў ей: О жанчына, вялікая твая вера, няхай табе станецца, як ты хочаш! І аздаравела дачка яе ад тае гадзіны.
29 І калі Езус адыйшоў адтуль, прыйшоў да Галілейскага мора і , узыйшоўшы на гару, сядзеў там.
30 І падыйшло да яго многа грамадаў, маючы з сабой нямых, сьляпых, кульгавых, калекіх і многа іншых; і клалі іх ля ног ягоных і аздаравіў іх,
31 так што дзівіліся грамады, бачачы нямых гаворачы, кульгавых ходзячы, сьляпых відзячы і вялічалі Бога Ізраільскага.
32 Езус-жа, паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў: Шкада мне грамады, бо ўжо тры дні трываюць пры мне і ня маюць чаго есьці, а не хачу іх адпусьціць галодных, каб не аслабелі ў дарозе.
33 І сказалі яму вучні: Скуль-жа нам узяць у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць такую вялікую грамаду?
34 І сказаў ім Езус: Колькі маеце хлябоў? Яны-ж адказалі: Сем і некалькі рыбак.
35 І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі.
36 І ўзяўы сем хлябоў і рыбы і ўчыніўшы падзяку, ламаў і даваў сваім вучням, а вучні давалі народу.
37 І елі ўсе і наеліся. А што асталося з кавалкаў, набралі сем поўных кашоў.
38 Было-ж тых, што елі, чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
39 І адпусьціўшы грамаду, увайшоў у лодку і прыбыў у ваколіцы Мэгэдану.

Каментары ці зноскі:

1 Прыйшлі яны аж з Ерузаліму, каб слядзіць за Езусам і зьбіраць матар'ял для абвінавачаньня.

2 Такога абмываньня рук не загадываў Майсей, а ўвялі яго, як рэлігійную цэрэмонію, жыдоўскія вучыцялі (рабіны) і кніжнікі (вучоныя ў законе). Хто не заховываў гэтай цэрэмоніі, падпадаў, паводле навукі кіжнікаў, пад пракляцьце.

3 Фарызэі і кніжнікі нават ясныя загады Божыя перакручвалі і падстасоўвалі іх пад свае навукі і ўстановы. Было даўшоўшы да таго, што загады слаўных рабінаў паважалі, як словы самых прарокаў. Дзеля гэтага Хрыстус выступае часам вельмі востра проціў гэтых фарызэйскіх практык, становячыся ў абароне чысьціні прароцкай рэлігіі і гэтым сьцягвае на сябе вялікі гнеў і фарызэяў і кніжнікаў. Яны ад гэтага часу ўжо заўсёды сочаць за Хрыстусам.

5 У жыдоў тады быў такі звычай, што яны некаторыя свае рэчы аддавалі на сьвятыню, як ахвяру. Такая ахвяра звалася пажыдоўску «корбан». Калі жыд аддаў, або толькі абяцаўся аддаць, якую рэч на сьвятыню, то тая рэч ужо ўважалася за пасьвячоную Богу і ня можна было ею карыстацца тым асобам, адносна каторых была зроблена засьцярога. Калі напр. сын сказаў бацьку або матцы: усё, што вам ад мяне належыцца, ёсьць корбан (ахвяра), то бацькі ўжо не маглі крануць гэтых рэчаў, хоць бы цярпелі няведама якую бяду, а тымчасам іншыя асобы, а так-жа сын, маглі гэтымі рэчамі карыстацца. Вось гэты прыклад перакручваньняў прыказаньняў Божых Хрыстус выкідае фарызэям і кніжнікам.

11 «Апаганьвае» — значыць, рабіць чалавека рытуальна нячыстым і паводле практык рабінаў, такі апаганены чалавек вымагае абмываньня.

19 Паводле навукі Хрыстуса жаралом усякага грэху ёсьць благая воля чалавека. Ніякая ежа сама па сабе ня ёсьць маральна благая і грэшная, а можа стацца такою праз непаслухмянасьць Божаму праву. Ужо ў Старым Законе Бог забараняе есьці некаторыя ядоміны, забаранялі таксама апосталы (гл. Ап. Дзеі 15:23-29), забараняе цяпер і Касьцёл Каталіцкі, устанаўляючы для нашага духовага і цялеснага здароўя у некаторыя дні пасты.

24 Хрыстус хацеў выпрабаваць веру і пакорнасьць тае жанчыны. Жанчына аказалася годнай ласкі Хрыстовай.

Хрыстус прыйшоў на гэты сьвет, каб збавіць усіх людзей, але жывучы тут на зямлі, меў з волі Божай агранічыць сваю дзейнасьць толькі да жыдоўскага народу, як абяцаны яму Мэсыяш.

26 Гэтых прыкрых слоў Хрыстус ужывае, каб далей выпрабаваць веру і пакору жанчыны. Хлеб (г. зн. цуды) Хрыстус празначаў для свайго народу (сыноў), а адмаўляў паганам (сабакам). Аднак жанчына патрапіла гэтае прыраўнаньне абярнуць на сваю карысьць.

27 Інакш кажучы, жыды ня будуць скрыўджаны, калі крошкі з іх стала дастануцца паганам.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.