Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 25 Паводле Матэуша 25 разьдзел

1 Тады падобнае будзе каралеўства нябеснае да дзесяці дзяўчат, якія, узяўшы свае сьветачы, выйшлі насустрэч маладому і маладой.
2 Пяць-жа з іх было неарзумных, а пяць разумных.
3 Але пяць неарзумных, узяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы,
4 а разумныя ўзялі алівы ў пасудзіны свае з сьветачамі.
5 Калі-ж малады замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.
6 Але ўпоўнач узьняўся крык: вось малады ідзе, выходзьце насустрач яму!
7 Тады ўсталі гэныя ўсе дзўчаты і наладзілі свае сьветачы.
8 Неразумныя-ж сказалі мудрым: Дайце нам вашай алівы, бо сьветачы нашыя гаснуць.
9 Адказалі разумныя, кажучы: Каб часам не хваціла нам і вам, ідзеце лепш да прадаўцоў і купеце сабе.
10 Калі-ж яны пайшлі купляць, прыйшоў малады, і каторыя былі гатовыя, увайшлі з ім на вясельле і былі зачынены дзьверы.
11 Уканцы-ж прыйшлі і другія дзяўчаты, кажучы: Пане, Пане, адчыні нам!
12 Але ён, адказваючы, сказаў: Сапраўды кажу вам, я ня знаю вас.
13 Дык чуйце, бо ня ведаеце дня ані гадзіны.
14 Бо так як чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слуг і перадаў ім сваё дабро.
15 І даў аднаму пяць талентаў, другому-ж два, а іншаму адзін, кожнаму паводле яго сілы, і зараз ад’ехаў.
16 Той-жа, што дастаў пяць талентаў, пайшоў, зарабляў на іх і здабыў яшчэ пяць.
17 Таксама і той, што дастаў два, здабыў другія два.
18 А той, што дастаў адзін, пайшоўшы, закапаў у зямлю і схаваў грошы пана свайго.
19 Пасьля-ж доўгага часу вярнуўся пан гэных слуг і зрабіў з імі разрахунак.
20 І прыступіўшы, каторы быў дастаў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: Пане, ты мне даў пяць талентаў, вось я здабыў другія пяць.
21 Сказаў яму пан ягоны: Добра, слуга добры і верны, таму што ты быў верны над малым, над многім цябе пастаўлю, увайдзі ў радасьць пана твайго.
22 Прыступіў-жа і той, што дастаў два таленты і сказаў: Пане, ты мне даў два таленты, вось я здабыў яшчэ два.
23 Сказаў яму пан ягоны: Добра, слуга добры і верны, таму што ты быў верны над малым, над многім цябе пастаўлю, увайдзі ў радасьць пана твайго.
24 А прыступіўшы і той, што дастаў адзін талент, сказаў: Пане, я ведаю, что ты чалавек срогі: жнеш, дзе не пасеяў і зьбіраеш, дзе не разсыпаў.
25 І я, баючыся, пайшоў і схаваў талент твой у зямлю, вось маеш, што тваё.
26 Адказваючы-ж пан ягоны сказаў яму: Слуга благі і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не разсыпаў.
27 Дык трэба было табе аддаць мае грошы банкірам і я, вярнуўшыся, узяў-бы што маё з прыбыткам.
28 Дык вазьмеце ад яго талент і дайце таму, што мае дзесяць талентаў.
29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і будзе мець дастатак, а ў таго, хто ня мае, будзе аднята ў яго і тое, што ён, здаецца, мае.
30 А некарыснага слугу выкіньце ў вонкавую цемру, там будзе плач і скрыгот зубоў.
31 Калі-ж прыйдзе Сын чалавечы ў славе сваей і ўсе анёлы з ім, тады сядзе на пасадзе славы сваей,
32 і зьбяруцца перад ім усе народы, і аддзеліць іх адных ад другіх, як пастыр аддзяляе авец ад казлоў,
33 і паставіць авец-то па правай руцэ сваей, а казлоў па левай.
34 Тады скажа Кароль тым, што направа ад яго будуць: Прыйдзеце, багаслаўленыя Айца майго, атрымаеце каралеўства, прыгатаванае вам ад закладзін сьвету.
35 Бо я быў галодны і вы далі мне есьці; быў засьмягшы і вы далі мне піць; быў гасьцём і вы прынялі мяне;
36 нагім і вы прыадзелі мяне; хворым і вы адведалі мяне; быў у вастрозе і вы прыйшлі да мяне.
37 Тады адкажуць яму справядлівыя, кажучы: Пане, калі мы бачылі цябе галодным і накармілі цябе, засьмягшы і далі табе піць?
38 Калі-ж мы бачылі цябе гасьцём і прынялі цябе, нагім і прыадзелі цябе?
39 Або калі мы бачылі цябе хворым, або ў вастрозе і прыйшлі да цябе?
40 І адказваючы Кароль скажа ім: Сапраўды кажу вам, сколькі вы зрабілі аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, мне зрабілі.
41 Тады скажа і тым, што налева будуць: Ідзеце ад мяне праклятыя ў вагонь вечны, каторы ёсьць прыгатаваны д’яблу і анёлам яго.
42 Бо я быў галодны і вы не далі мне есьці, быў засьмягшы і вы не далі мне піць,
43 быў гасьцём і вы не прынялі мяне, хворым і ў вастрозе і вы не адведалі мяне.
44 Тады адкажуць яму і тыя, кажучы: Пане, калі мы цябе бачылі галодным, або засьмягшым, або гасьцём, або нагім, або хворым, або ў вастрозе і не паслухалі цябе?
45 Тады адкажа ім, кажучы: Сапраўды кажу вам, сколькі разоў вы ня ўчынілі аднаму з гэтых найменшых, вы і мне ня ўчынілі.
46 І пойдуць гэтыя на муку вечную, а справядлівыя ў жыцьцё вечнае.

Каментары ці зноскі:

1 Шлюб у жыдоў складаўся з умовы, зробленай паміж маладым і маладой у прысутнасьці сьведак. Ад гэтай умовы яны ўжо былі мужам і жонкай. Аднак праз нейкі час маладая аставлася ў доме сваіх бацькоў, адкуль забіраў яе малады з асбліваю цэрэмоніяй і пераводзіў яе ў свой дом. Калі вясельле ўжо прыбліжалася да вёскі маладога, дзяўчаты з тае вёскі выходзілі з сьветачамі (калі гэта было вечарам) на спатканьне маладой пары і былі прошаны разам з усімі на вясельле. Гэты вясельны абрад Хрыстус прадстаўляе ў прыповесьці.

3 Сьветачы гэныя мелі форму лодачкі з накрыўкай. У лодачку налівалі алівы, упраўлялі з аднаго канца кноцік, а за другі дзяржалі і гэтак сьвяцілі.

13 Маладым тут ёсьць Хрыстус, а маладою — Касьцёл ягоны, дзесяць дзяўчат — гэта хрысьціяне, а вясельле — радасьць у небе. Каб папасьці на гэтае вясельле, трэба чуйнасьці і добрых чынаў («алівы»), хто гэтага ня мае, будзе адкінуты.

29 Хто верна служыць Богу, той атрымлівае ад яго ўсё новыя ласкі, а хто жыве ў ляніўстве і нядбаласьці, той траціць памалу ласкі Божыя, а часам заслужыць і на гнеў Божы.

31 Гэтым пасадам (тронам) магчыма будзе воблак.

34 Кароль — гэта Хрыстус.

35 Хрыстус вымагае ад людзей добрых учынкаў, бо ад гэтых учынкаў залежыць нагарода ў небе. На гэтым месцы Хрыстус дзеля прыкладу падае цэлы рад добрых учынкаў, прадусім тых, каторыя адносяцца да міласэрдзя і любові бліжняга, бо ў любові бліжняга (практычна бяручы), зьмяшчаюцца ўсе прыказаньні Божыя.

41 Хрыстус падае тут і кару пекла: утрату Бога і кару агню, хоць не такога як тут на зямлі. Агонь будзе мучыць душы праз нейкую сувязь з душою (так як і цяпер калі цярпіць цела, то цярпіць і злучаная з целам душа. Так і агонь будзе злучаны з душою, асуджанай на кару пекла).

Анёлы тутака — гэта ўсе пасланцы і слугі д'ябла.

45 Калі за адно занядбаньне добрых чынаў Хрыстус будзе гэтак моцна караць, то што гаварыць аб дакананьні злых чынаў!

Хрыстус прадстаўляе тутака апошні суд у форме гутаркі, якая будзе адбывацца паміж судзьдзёю і абвінавачанымі. Сапраўды-ж гэты суд адбудзецца спосабам болей духовым: Хрыстус пры помачы надпрыроднага сьвятла асьвеціць розум кожнага чалавека, так што кожны пазнае ўміг усе свае грахі, дакананыя думкай, словам і чынам і разам з гэтым пазнае, на што ён заслужыў.

46 Хто можа памагчы бліжняму у цяжкім палажэньні і ня хоча, той цяжка абражае Бога і заслужвае на вечнае асуджэньне ў пекле.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 25 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.