Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Марка 10 Паводле Марка 10 разьдзел

1 І адтуль, устаўшы, прыйшоў за Ярданам у граніцы Юдэі. І зыйшліся ізноў да яго грамады, і ён, як меў звычай, ізноў навучаў іх.
2 І прыступіўшы фарызэі пыталіся ў яго, прабуючы яго: Ці можна мужу пакінуць жонку?
3 А ён адказваючы, сказаў ім: Што вам загадаў Майсей?
4 Яны сказалі: Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць.
5 Езус, адказваючы ім, сказаў: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты загад;
6 але на пачатку стварэньня Бог учыніў іх мужчынай і жанчынай.
7 «Дзеля гэтага чалавек пакіне бацьку свайго і матку і прыстане да жонкі сваей;
8 і будуць двое ў вадным целе. І так ужо ня два, але адно цела» (Гэн. 2:24).
9 Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
10 І ў доме ізноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа.
11 І сказаў ім: Хто-б пакінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе.
12 І калі-б жонка пакінула свайго мужа і выйшла за другога, чужаложыць.
13 І прыносілі да яго дзяцей, каб ён дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на іх, што прыносілі.
14 Калі ўгледзеў іх Езус, неахвотна знёс і сказаў ім: Дазвольце дзеткам прыходзіць да мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць каралеўства Божае.
15 Сапраўды кажу вам: Хто-б ня прыняў каралеўства Божага, ня ўвойдзе ў яго.
16 І абыймаючы іх і кладучы на іх рукі, багаславіў іх.
17 І калі выйшоў у дарогу, нехта прыбегшы і ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго: Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?
18 Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
19 Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, не гавары фальшывага сьведчаньня, не рабі ашуканства, паважай твайго і матку.
20 А ён адказваючы сказаў яму: Вучыцель, гэтага ўсяго я пільнаваўся ад моладасьці маей.
21 Езус-жа, паглядзеўшы на яго, узлюбіў яго і сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, прадай, што маеш і дай убогім і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь, ідзі за мною.
22 Той, засьмуціўшыся дзеля слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікія маемасьці.
23 І глянуўшы навакол, Езус сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў каралеўства Божае!
24 Вучні-ж вельмі зьдзівіліся са слоў яго. Але Езус ізноў адказваючы сказаў ім: Дзеткі, як цяжка тым, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў каралеўства Божае.
25 Лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха ігольнае, чым багатаму ўвайсьці ў каралеўства Божае.
26 Яны тым болей дзівіліся, гаворачы самі да сябе: І хто-ж можа збавіцца?
27 А Езус, паглядзеўшы на іх, сказаў: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.
28 І пачаў яму Пётр гаварыць: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою.
29 Езус адказваючы сказаў: Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто-б пакінуў дом, або сёстраў, або бацьку, або матку, або дзяцей, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі,
30 які-б не атрымаў у сто раз столькі цяпер, у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў, і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае.
31 А многа першых будуць апошнімі, а апошніх першымі.
32 Былі-ж яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. І Езус ішоў перад імі, а яны вельмі дзівіліся і, ідучы ззаду, баяліся. І ўзяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім мела стацца.
33 Што вось ідзём у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы архісьвятарам і кніжнікам і старшым, і асудзяць яго на сьмерць, і выдадуць яго паганам;
34 і будуць зьдзекавацца над ім, і будуць пляваць на яго, і будуць бічаваць яго, і заб’юць яго, і на трэці дзень уваскрэсьне.
35 І прыступілі да яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэявы, кажучы: Вучыцель, мы хочам, каб што-колечы будзем прасіць, ты зрабіў нам.
36 А ён сказаў ім: Што вы хочаце, каб я вам зрабіў?
37 І сказалі: Дай нам, каб мы сядзелі адзін па тваей правай, а другі па тваей левай руцэ ў славе тваей.
38 Езус-жа сказаў ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы можаце піць келіх, які я піў, або быць ахрышчанымі хростам, якім я хрысьціўся.
39 Яны-ж сказалі яму: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які я піў, то вы піць будзеце, і хростам, якім я хрысьціўся, будзеце ахрышчаны;
40 але сядзець па правай руцэ маей або па левай не мая справа даць вам, але каму прыгатавана.
41 І пачуўшы дзесяцёх пачалі абурацца на Якуба і Яна.
42 Езус-жа, пакілкаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца валадарамі народаў, пануюць над імі, і іх князі маюць над імі ўладу.
43 А паміж вамі ня так; але хто-б хацеў быць большым, будзе вашым слугою;
44 і хто-б хацеў быць першым між вамі, будзе слугою ўсіх.
45 Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.
46 І прыйшлі ў Ерыхон. І калі ён выходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні і вялікая грамада, сядзеў каля дарогі жабруючы сьляпы Бартымэй, сын Тымэя.
47 Ён, калі пачуў, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычаць і казаць: Езусе, сыне Давіда, зжалься нада мною!
48 І многія сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён яшчэ болей крычаў: Сыне Давіда, зжалься нада мною!
49 І Езус стаўшы загадаў паклікаць яго. І клікнулі яго, кажучы яму: Надзейся, устань, кліча цябе.
50 Ён, пакінуўшы сваю вопратку ускочыўшы, прыйшоў да яго.
51 І адказваючы Езус сказаў яму: Што хочаш, каб я табе зрабіў? А сьляпы сказаў яму: Вучыцель, каб мне відзець.
52 Езус-жа сказаў яму: ідзі, вера твая зрабіла цябе здаровым. І зараз-жа відзеў і пайшоў за ім дарогаю.
53 Вучні ведалі, якая ненавісьць з боку фарызэяў і кніжнікаў чакала на Езуса ў Ерузаліме і дзеля гэтага дзівіліся, што Езус ішоў у Ерузалім і баяліся.

Каментары ці зноскі:

9 Гл. Мт. 19:7.

12 Разыход мужа і жонкі ў выпадку чужалоства і цяпер дазволены (сэпарацыя), толькі новай сувязі яны рабіць ня маюць права, бо тады чужаложаць. Хрыстус тут моцна падчырківае гэтае права Нов. Закону.

17 Гэта быў багаты дзяцюк, аб каторым у Мт. 19:16-30.

21 Гэты ласкавы пагляд Езуса на таго дзяцюка быў доказам, што дзяцюк праўдк казаў і сапраўды вёў добрае і справядлівае жыцьцё.

24 Ня так грошы, як прывязаннасьць да іх ёсьць перашкодай на дарозе да неба.

25 Гл. Мт. 19:24.

30 «Устораз столькі» — азначае тут, што Бог нагародзіць чалавека шмат цэньнейшымі дарамі за ўсе ахвяры, якія ён зрабіў для Бога. Нават каліб здарыліся і прасьледы, то ўсёжтакі дары Божыя будуць бальшымі за ахвяры людзкія.

31 Многа «першых» г. зн. жыдоў, якія першыя былі пакліканы да каралеўства Божага, будуць апошнімі, а пагане — першымі.

38 Келіхам і хростам заве Езус тут сваю муку. Гл. Мт. 20:21 і наступн.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.