1 І пачаў ім гаварыць у прыповесьцях: Чалавек засадзіў вінаграднік, і абгарадзіў плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і аддаў яго ў арэнду земляробам і выехаў.
2 І ў час паслаў да земляробаў слугу, каб узяць ад земляробаў з плоду вінаградніка.
3 Яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі бяз нічога.
4 І зноў паслаў да іх другога слугу, і таго ранілі ў галаву і зьняважылі.
5 І ізноў паслаў другога, а таго забілі; і шмат іншых, адных б’ючы, а другіх забіваючы.
6 Дык яшчэ маючы аднаго сына найдаражэйшага, і таго паслаў уканцы да іх, кажучы: Што ўшануюць сына майго.
7 Але земляробы сказалі паміж сабою: Гэта насьледнік; пойдзем, заб’ём яго, і наша будзе спадчына.
8 І схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.
9 Дык што зробіць гаспадар вінагардніка?Прыйдзе і выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым.
10 І ці вы ня чыталі гэтага пісаньня: «Той камень, каторы адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла.
11 Ад Пана гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?» (Пс. 117,:22).
12 І стараліся яго ўзяць, ды баяліся грамады, бо зразумелі, што да іх сказаў гэтую прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі.
13 І паслалі да яго некаторых з фарызэяў і гэрадыянаў, каб злавіць яго на слове.
14 Яны прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і не зважаеш на нікога, бо не глядзіш на асобу людзкую, але папраўдзе навучаеш дарогі Божай. Ці можна даваць падатак цэзару, ці не даваць?
15 Ён, ведаючы іхную хітрасьць, сказаў ім: Што вы мяне спакушаеце? Прынясеце мне дынар, каб я пабачыў.
16 Яны-ж прыняслі яму. І сказаў ім: Чый гэта воблік і надпіс? Кажуць яму: Цэзараў.
17 Езус-жа адказваючы сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. І дзівіліся з гэтага.
18 І прыйшлі да яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўкрасеньня, і пыталіся ў яго, кажучы:
19 Вучыцель, Майсей нам напісаў, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возьме ягону жонку і ўскрасіць патомства брату свайму.
20 Было-ж сем братоў, і першы ўзяў жонку і памёр, не аставіўшы патомства.
21 І ўзяў яе другі, і памёр, і ані гэты не аставіў патомства. І трэці таксама.
22 І бралі яе гэтаксама сямёх, і не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла і жанчына.
23 Дык ва ўскрасеньні, калі ўскрэснуць, каторага з іх яна будзе жаною? Бо сямёх мелі яе за жонку.
24 І адказваючы Езус сказаў ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце Пісаньняў ані моцы Божай?
25 Бо калі ўваскрэснуць з умерлых, ня будуць ані жаніцца, ані выхадзіць замуж, але будуць як анёлы ў небе.
26 А аб умерлых, што яны ўваскрэснуць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майсея, як Бог ля куста сказаў яму, гаворачы: Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Вых. 3:6).
27 Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся.
28 І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў, як яны спрачаліся і бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся ў яго: Якое ёсьць першае з усіх прыказаньне?
29 Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказаньне ёсьць: «Слухай, Ізраіль! Пан Бог твой ёсьць адзін Бог;
30 і любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваею, і ўсей думкай тваею, і ўсей сілай тваею» (Паўл. Пр. 6:45). Гэта ёсьць першае прыказаньне.
31 А другое ёсьць падобнае да яго: «Любі бліжняга твайго як самога сябе» (Лев. 19:18). Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма.
32 І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог і няма іншага апрача яго;
33 і каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсею сілаю, і любіць бліжняга як самога сябе — гэты болей за ўсе жэртвы і ахвяры.
34 Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, сказаў яму: Ты недалёка ад каралеўства Божага. І ніхто ўжо ня сьмеў пытаць у яго.
35 І азваўшыся казаў Езус, навучаючы ў сьвятыні: Як-жа кажуць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць Сын Давіда?
36 Бо сам Давід кажа ў Духу сьвятым: «Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1).
37 Дык сам Давід заве яго Панам, і скуль-жа ён сын ягоны? І вялікая грамада ахвотна яго слухала.
38 І казаў ім у сваей навуцы: Сьцеражэцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у даўгіх вопратках, і быць вітанымі на рынку,
39 і сядзець на першых лавах у бажніцах, і першыя месцы на вячэрах;
40 якія аб’ядаюць дамы ўдоваў пад прыкрыўкай доўгай малітвы. Гэтыя атрымаюць цяжэйшы прысуд.
41 І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат.
42 Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, яна палажыла дзьве манэткі, што выносіць грош.
43 І паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэта беданая ўдава палажыла болей за ўсіх, што клалі ў скарбону.
44 Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з недастатку свайго ўсё, што мела, увесь свой пражытак.
Каментары ці зноскі:
10 Гл. Мт. 21:42.
13 Гл. Мт. 22:16.
15 Гл. Мт. 22:17.
23 Гл. Мт. 22:28.
27 Гл. Мт. 22:32.
34 Адказ Езуса на пытаньне: «Якое ёсьць першае з усіх прыказаньне» спадабаўся нават таму кніжніку і пасьля гэтага фарызэі перасталі пытацца ў Езуса, бо праканаліся, што ім ня ўдасца злавіць яго ў славах.
37 Гл. Мт. 22:44.
38 Народ пры рабоце насіў кароткае адзеньне, а фарызэі і кніжнікі, каб дадаць сабе болей павагі, насілі доўгае адзеньне, па самыя косткі.
40 Гл. Мт. 23:14.
44 Езус, каторы глядзіць на сэрца чалавека, вышэй ставіць гэту дробную ахвяру ўдавы, чым багатыя дары ўсіх іншых разам узятых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.