1 І ён увайшоў ізноз у бажніцу, і быў там чалавек, які меў сухую руку.
2 І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб абвінаваціць яго.
3 І сказаў чалавеку, маючаму сухую руку: Стань пасярэдзіне.
4 І сказаў ім: Ці дазволена ў суботу рабіць дабро, ці зло? Жыцьцё ратаваць, ці загубіць? А яны маўчалі.
5 І спаглянуўшы на іх з гневам, засмуціўшыся дзеля сьлепаты іхнага сэрца, сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.
6 А фарызэі, выйшаўшы, зараз зрабілі нараду з гэрадыянамі проціў яго, як-бы яго загубіць.
7 Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў да мора і пайшла за ім вялікая грамада з Галілеі і Юдэі,
8 і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя што каля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што чыніў, прыйшлі да яго.
9 І сказаў вучням сваім, каб для яго была прыгатавана лодка, дзеля грамады, каб ня ціснулі яго.
10 Бо многіх аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб дакрануцца да яго.
11 І духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы:
12 Ты ёсьць Сын Божы. І многа ім гразіў, каб не выяўлялі яго.
13 І ўзыйшоўшы на гару, паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў і прыйшлі да яго.
14 І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім і каб паслаць іх на навучаньне.
15 І даў ім уладу аздараўляць немачы і выганяць д’яблаў.
16 І даў Сымону імя Пётр;
17 і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Боанэргэз, што значыць: Сыны грому;
18 і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матэуша, і Тамаша, і Якуба Альфэявага, і Тадэуша, і Сымона Канаанца,
19 і Юдаша Іскарыёта, каторы і выдаў яго.
20 І прыйшлі ў дом. І зыйшлася ізноў грамада, так што не маглі ані хлеба паесьці.
21 А калі пачулі сваякі, выйшлі, каб узяць яго, бо казалі, што ашалеў.
22 А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузаліму, казалі, што мае Бэльзэбуба і што ўладай д’ябэльскага князя выганяе д’яблаў.
23 І паклікаўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: Як-жа можа д’ябал д’ябла выганяць?
24 І калі каралеўства само ў сабе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць тое каралеўства.
25 І калі дом проціў сябе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць гэны дом.
26 А калі д’ябал паўстане сам проціў сябе, ён ёсьць разьдзяліўшыся, і ня зможа ўстаяць, але канец яму.
27 Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом дужага, разграбіць рэчы дужага, калі перш ня зьвяжа дужага і тады разграбіць ягоны дом.
28 Сапраўды кажу вам, што ўсе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзьнерствы, якімі-б яны блюзьнілі,
29 але хто-б блюзьніў проціў Духа Сьвятога, ня будзе мець адпушчэньня на векі, але будзе падлеглы вечнаму граху.
30 Затым што казалі: Ён мае нячыстага духа.
31 І прыйшлі матка ягона і браты, і стоячы на дварэ, паслалі да яго паклікаць яго.
32 А грамада сядзела каля яго. І сказалі яму: Вось матка твая і браты твае на дварэ шукаюць цябе.
33 І адказваючы ім, сказаў: Хто-ж мая матка і браты мае?
34 І спаглянуўшы на тых, што навакол яго сядзелі, сказаў: Вось матка мая і браты мае.
35 Бо хто-б чыніў волю Божую, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.
Каментары ці зноскі:
4 Фарызэі не маглі заперачыць, што навука Хрыста аб сьвяткаваньні суботы правільная, але так-жа не хацелі прызнацца да сваіх памылак і затым маўчалі. Гл. Мт. 12:12.
6 Гэрадыяны — гэта былі прыхільнікі дынастыі Гэрада В. і мелі вялікія ўплывы ў караля Галілеі, Гэрада Антыпы. Фарызэі ненавідзелі гэрадыян, але каб згубіць Езуса, уваходзяць у змову нават з сваімі ворагамі. Езус паходзіў з Назарэту, які быў пад уладай Гэрада Антыпы.
7 Мора Галілейскае г. зн. возера Гэнэзарэт.
12 Хрыстус забараняў духам нячыстым выяўляць яго перадчасам як Мэсыяша, каб гэтым не дражніць і не сьцягваць на сябе гневу ворагаў. Хрыстус не хацеў мець нічога супольнага з нячыстымі духамі і ня мог пазволіць, каб д'ябал, бацька ўсялякай ілжы, быў у ролі апостала і даваў пасьведчаньні аб ім.
14 Хрыстус вызначыў дванаццаць апосталаў, каб заўсёды з ім прабывалі, бо дагэтуль апосталы не заўсёды былі пры Езусе, але адыходзілі да сваіх заняткаў.
21 Ворагі Хрыста распушчалі аб ім розныя весткі, так што нават сваякі Хрыстовы прыйшлі, каб узяць яго і завясьці назад у Назарэт і гэтым выратаваць ад прасьледу фарызэяў.
22 Тут выступаюць ужо і кніжнікі, якія прыйшлі аж з Ерузаліму, каб сьлядзіць за Езусам, а так-жа, каб паніжаць яго ў вачах народу.
27 Хрыстус паказвае тут, што ён перамог д'ябла, бо выганяе яго, пустошыць ягоны дом і ягонае каралеўства.
29 Гл. Мт. 12:31.
30 Падаецца тут прыклад граху проціў Духа Сьвятога: фарызэі і кніжнікі ведалі, што д'ябал д'ябла не выганяе, аднак-жа гаварылі гэтак проціў усякай вачавіднасьці і свайму пракананьню. Дык грэх проціў Духа Сьв. — гэта сьведамае запярэчаньне ясна пазнанай праўды.
31 Аб «братох» Хрыстуса гл. Мат. 12. 12:46. Дзеля натаўпу яны не маглі ўвайсьці ў дом, але стаялі на дварэ.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.