1 І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.
2 І калі ён выходзіў з лодкі, зараз-жа яго пераняў чалавек з грабоў, каторы меў нячыстага духа.
3 Ён меў памешканьне у грабох і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго зьвязаць,
4 бо часта будучы зьвязаны путамі і ланцугамі, рваў ланцугі і разьбіваў путы і ніхто ня мог супакоіць яго.
5 І заўсёды ўдзень і ўначы быў у грабох і горах, крычачы і б’ючы сябе каменьнямі.
6 Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,
7 і крычачы вялікім голасам, сказаў: Што да табе да мяне Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Запрысягаю цябе Богам, каб ты мяне ня мучыў.
8 Бо ён яму казаў: Выйдзі, духу нячысты, з чалавека.
9 І пытаўся ў яго: Як тваё імя? І сказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.
10 І вельмі прасіў, каб іх не выганяў з краіны.
11 А была там каля гары пасучыся вялікая стада сьвіней.
12 І прасілі таго духі, кажучы: Пусьці нас у сьвіньні, каб мы ў іх ўвайшлі.
13 І Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя духі ўвайшлі у сьвіньні і стада з вялікім разгонам кінулася з круцізны ў мора, каля дзьвюх тысяч, і патанулі ў моры.
14 А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі і далі знаць у горад і па палёх. І выйшлі, каб паглядзець, што сталася.
15 І прыйшлі да Езуса і ўбачылі гэнага, што быў апанаваны д’яблам, сядзячага, адзетага і пры здаровым розуме — і спалохаліся.
16 А тыя, што бачылі, расказалі ім, як сталася з тым, што меў д’ябэльства, і аб сьвіньнях.
17 І пачалі прасіць яго, каб адыйшоў з іх граніц.
18 Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны д’яблам, каб быць пры ім.
19 І не дапусьціў яго, але сказаў яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх і паведамі іх, якія вялікія рэчы табе ўчыніў Пан і зжаліўся над табою.
20 І пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкаполі, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Езус — і ўсе дзівіліся.
21 А калі Езус пераплыў на лодцы ізноў на другі бераг, зыйшлася да яго вялікая грамада; і быў ён каля мора.
22 І прыйшоў адзін з старшых над бажніцай, на імя Яір і, убачыўшы яго, упаў да ягоных ног,
23 і вельмі прасіў яго, кажучы: што дачка мая канае, прыйдзі, узлажы руку на яе, каб аздаравела і жыла.
24 І пайшоў з ім. І ішла за ім вялікая грамада і ціснулі яго.
25 А жанчына, каторая дванаццаць гадоў мела цеч крыві
26 і шмат перацярпела ад многіх дахтароў і ўсё сваё выдала і нічога её не памагло, але мелася яшчэ горай,
27 калі пачула аб Езусе, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася да адзежы ягонай;
28 бо казала: што калі толькі да адзежы ягонай дакрануся, буду здарова.
29 І зараз-жа высахла ў яе жарало крыві і пачула на целе, што аздаравела ад хваробы.
30 І зараз-жа Езус, пазнаўшы ў сабе моц, якая з яго выйшла, зьвярнуўшыся да народу, сказаў: Хто дакрануўся да маей адзежы?
31 І казалі яму ягоныя вучні: Відзіш грамаду, якая цісьне цябе і кажаш: «Хто да мяне дакрануўся?»
32 І паглядзеў навакол, каб пабачыць тую, што гэта зрабіла.
33 Жанчына-ж, спалохаўшыся і дрыжачы, ведаючы, што з ею сталася, прыйшла і ўпала перад ім і сказала ўсю праўду.
34 Ён-жа сказаў ей: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хваробы тваей.
35 Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: Што дачка твая памярла, нашто яшчэ турбуеш Вучыцеля?
36 Езус-жа, пачуўшы слова, якое было сказана, прамовіў да старшага над бажніцай: Ня бойся, толькі вер.
37 І не дапусьціў нікога ісьці з сабою, апроч Пятра, Якуба і Яна, Якубавага брата.
38 І прыйшлі ў дом старшага над бажніцай. І ўбачыў трывогу, і плачучых і галосячых моцна.
39 І ўвайшоўшы, сказаў ім: Чаго трывожыцеся і плачаце? Дзяўчына не ўмярла, але сьпіць.
40 І насьмяхаліся з яго. Ён-жа, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку і матку дзяўчыны, і тых, што з ім былі, і ўвайшоў, дзе ляжала дзяўчына.
41 І ўзяўшы руку дзяўчыны, сказаў ей: Таліта кумі, што значыць: Дзяўчына — табе кажу — устань.
42 І зараз-жа дзяўчына ўстала і хадзіла, а было ей дванаццаць гадоў. І астаўпянелі з вялікага дзіва.
43 І загадаў ім моцна, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; і сказаў даць ёй есьці.
Каментары ці зноскі:
2 Марак (5:1-20) і Лукаш (8:26-39) расказваюць аб адным, апанаваным праз д'ябла, а Матэуш (8:28-34) аб двух. У сапраўднасьці было іх двух, але толькі адзін потым хацеў далучыцца да Езуса.
12-13 Гл. выясьненьні Мт. 8:34.
29 «Высахла ў яе жарало крыві» — г. зн. загаілася рана, адкуль ішла кроў.
30 Езус ставіць гэтае пытаньне, каб паказаць перад людзьмі веру гэтай жанчыны.
39 Гл. Мт. 9:24.
43 Езус не хацеў, каб разглашалі гэты цуд, бо ўскрасеньне ўмерлых у вялікай колькасьці ня было мэтай прыходу Езуса на гэты сьвет. Не хацеў так-жа Езус дражніць сваіх ворагаў. Узяў аднак з сабою трох сваіх вучняў, каб праз іх пераказаць гэты цуд наступным пакаленьням.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.