Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Марка 9 Паводле Марка 9 разьдзел

1 І казаў ім: Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць каралеўства Божага, прыходзячага ў моцы.
2 І пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, і Якуба, і Яна і завёў іх адных на высокую гару асобна. І перамяніўся перад імі.
3 І зрабілася адзежа ягоная ясная і вельмі белая, як сьнег, якое бялільнік на зямлі ня можа выбяліць.
4 І зьявіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам.
5 І азваўшыся Пётр сказаў Езусу: Вучыцель, добра нам тут быць, і зрабем тры палаткі: табе адну, і Майсею адну, і Гальяшу адну.
6 Бо ён ня ведаў, што гаварыў, таму што былі перапужаўшыся са страху.
7 І паўстаў воблак, каторы іх ахінуў, і выйшаў голас з воблака, кажучы: Гэта Сын мой наймілейшы, яго слухайце.
8 І зараз, аглянуўшыся кругом, нікога больш ня ўбачылі, апроч толькі Езуса з сабою.
9 І калі яны зыходзілі з гары, загадаў ім, каб нікому не расказвалі, што яны бачылі, аж пакуль Сын чалавечы не ўваскрэсьне з умерлых.
10 І затрымалі слова пры сабе, пытаючыся паміж сабою, што значыць: «Калі ўваскрэсьне з умерлых».
11 І пыталіся ў яго, кажучы: Дык што-ж фарызэі і кніжнікі кажуць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?
12 Ён адказваючы, сказаў ім: Гальяш, прыйшоўшы перш, наладзіць усё; а як-жа напісана ёсьць аб Сыне чалавечым, каб многа перацярпеў і быў узгарджаны?
13 Але кажу вам, што прыйшоў і Гальяш, і зрабілі яму, што хацелі, так як напісана аб ім.
14 І прыйшоўшы да вучняў сваіх, убачыў вялікую грамаду каля іх і кніжнікаў, спорачых з імі.
15 І зараз увесь народ, угледзеўшы Езуса, зьдзівіўся, і спужаліся, і прыбегшы, віталі яго.
16 І спытаўся ў іх: Аб чым вы паміж сабою спорыце?
17 І адказваючы адзін з грамады сказаў: Вучыцель, я прывёў да цябе майго сына, які мае нямога духа,
18 каторы дзе ня схопіць яго, б’е яго аб зямлю, і пеніцца, і скрыгоча зубамі, і сохне. І я казаў тваім вучням, каб выгналі яго, і не маглі.
19 Ён, адказваючы ім, сказаў: О народзе няверны, дакуль-жа я буду ў вас? Дакуль буду вас цярпець? Прывядзеце яго да мяне.
20 І прывялі яго. І калі ўбачыў яго, зараз-жа дух затрос яго і ўпаўшы на зямлю, качаўся, панячыся.
21 І спытаўся ў ягонага бацькі: Сколькі часу, як гэта з ім здарылася? А ён сказаў: Ад дзяцінства,
22 і часта кідаў яго ў вагонь і ў ваду, каб яго загубіць; але калі што можаш, памажы нам, зжаліўшыся над намі.
23 Езус-жа сказаў яму: Калі можаш верыць усё магчыма для веручага.
24 І зараз ускрыкнуўшы бацька хлопца сказаў са слязьмі: Веру, Пане, памажы маей няверы!
25 І калі ўбачыў Езус грамаду, што зьбяглася, прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: Глухі і нямы духу, я загадываю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!
26 І закрычаўшы і моцна яго страсануўшы, выйшаў з яго; і зрабіўся як нежывы, так што многія гаварылі: Што памёр.
27 Езус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
28 І калі ўвайшоў у дом, вучні ягоны пыталіся ў яго асобна: Чаму мы не маглі выгнаць яго?
29 І сказаў ім: Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост.
30 І выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і не хацеў, каб хто ведаў.
31 А навучаў вучняў сваіх і казаў ім: Што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей, і заб’юць яго, і забіты на трэці дзень уваскрэсьне.
32 Але яны не разумелі слова і баяліся ў яго пытацца.
33 І прыйшлі ў Капарнаум. Калі яны былі ў доме, спытаўся ў іх: Аб чым вы ў дарозе гаварылі?
34 Але яны маўчалі, бо ў дарозе яны паміж сабою спрачаліся, хто з іх большы?
35 І сеўшы паклікаў дванаццацёх і сказаў ім: Калі хто хочы быць першым, будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.
36 І ўзяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і абняўшы яго, сказаў ім:
37 Хто прыйме аднаго з гэтакіх дзяцей у імя маё, не мяне прыймае, але таго, хто паслаў мяне.
38 Адказаў яму Ян, кажучы: Вучыцель, мы бачылі нейкага, што ў імя тваё выгяняў д’яблаў, ён ня ходзіць за намі і мы яму забаранілі.
39 Езус-жа сказаў: Не забараняйце яму; бо няма нікога, хто-б чыніў у імя маё цуды і мог-бы зараз дрэнна аба мне гаврыць.
40 Бо хто ня проціў вас, той за вас.
41 Бо хто-б даў вам напіцца кубак вады ў імя маё, затым што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць сваей нагароды.
42 А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, якія вераць у мяне, лепш яму было-б, каб прывязалі млынавы камень за шыю яго і кінулі ў мора.
43 І калі горшыць цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, чым маючы дзьве рукі ісьці ў пекла, у вагонь неўгасаючы,
44 дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.
45 І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгаваму ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы дзьве нагі быць укінутым у пекла няўгаснага агню,
46 дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.
47 Калі-ж вока тваё горшыць цябе, вырві яго; лепш табе аднавокім увайсьці ў каралеўства Божае, чым маючы двое вачэй быць кінутым у пекла вагню,
48 дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.
49 Бо кожны будзе агнём пасолены, кожная ахвяра будзе сольлю пасолена.
50 Соль добрая рэч; але калі соль будзе несалёная, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце паміж сабою.

Каментары ці зноскі:

12 І Гальяш дзеля справы Божай многа пацярпеў, так як і Ян Хрысьціцель.

14 Народ сьпярша спужаўся, што езус так неспадзявана зьявіўся, быццам пакліканы некім, але потым з радасьцяй вітае Езуса.

23 З гэтага відаць, што бацька ня меў сільнае веры, але адчуваў гэтае і прасіў, каб Езус памог яму сваей ласкай.

28 Паводле многіх Айцоў Касьцёла і пісьменьнікаў, д'яблы розьняцца паміж сабою злосьцяй. Вось гэты род д'яблаў найгоршых ня можа быць выгнаны інакш, як толькі малітваю і постам.

29 Хрыстус ня хоча, каб хто ведаў, дзе ён ёсьць і скрываецца ўжо перад фарызэямі і гэрадыянамі, якія хочуць яго забіць. Гэты час пасьвячае навучаньню сваіх апосталаў.

31 Вучні баяліся яго пытацца, бо людзі наагул ня хочуць глядзець праўдзе ў вочы, асабліва калі гэта праўда няпрыемная і ня хочуць верыць, што прыйдзе няшчасьце.

34 Хрыстус не адкідае тут гіерахіі і старшынства, толькі самой аснове старшынства хоча даць іншага духа. Старшы павінен працаваць для ўсіх, якія знаходзіцца пад яго ўладай.

39 Словы гэтыя адносяцца да таго часу, калі фарызэі і кніжнікі пачалі выступаць проціў Езуса. У той час, хто не выступаў проціў Езуса, мог быць уважаны за прыяцеля. Другім разам і ў іншых абставінах Езус сказаў зусім інакш: «Хто не са мною, той проціў мяне» (Мт. 12:30; Лук. 11:23), але ў сапраўднасьці як там так і тут выражана адна думка, толькі ў іншай форме: чалавек, каторы не працуе для справы Божай, робіцца праціўнікам Божым.

40 Ніводзен, нават дробны добры ўчынак, зроблены дзеля Хрыста, не астанецца без нагароды.

42 Гл. Мт. 5:29.

43 Чарвяк, які точыць душы асуджаных на пякельны агонь, азначае тут згрызоты сумленьня, якія не даюць спакою ў пекле.

48 Кожны чалавек будзе праняты, як-бы пасолены агнём цярпеньня і болю, каб быць прыемным Богу.

У Ст. Законе (Лев. 2:23) быў загад саліць кожную ахвяру, якую складалі Богу, бо соль ёсьць знакам трывалкасьці і несапсутасьці. Такая «соленая» ахвяра ўважалася за мілую Богу. Таксама і чалавек, каб стацца мілым Богу, повінен быць «пасолены» цярпеньнем і самахвярай.

49 І да згоднага жыцьця патрэбна «соль» самаадрачэньня і любові бліжняга.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Марка, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.