АБ ЭВАНЭЛІІ СЬВ. ЛУКАША
Аўтар. Сьв. Лукаш, аўтар трэцяй Эванэліі, быў лекарам. Быў ён родам з грэцкай паганскай сям'і з гораду Антыохіі (у Сырыі). Прыняўшы хрысьціянства, стаўся верным таварышам сьв. Паўла. З гэтым апосталам адбыў другую місыйную падарожу аж да Македоніі, дзе астаўся працаваць пасярод нованаверненых хрысьціянаў. Па сямі гадох ізноў далучыўся да сьв. Паўла і быў ягоным таварышам і супрацоўнікам аж да сьмерці гэтага апостала. Аб апошніх гадох і сьмерці сьв. Лукаша ня маем пэўных даных.
Што сьв. Лукаш ёсьць аўтарам трэцяй эванэліі і Апостал. Дзеяў, аб гэтым згодна сьведчаць сьв. Айцы і пісьменьнікі старадаўнага Касьцёла. Дзеля таго што сам сьв. Лукаш ня відзяў Хрыста, ён пісаў сваю эванэлію з таго, што чуў ад сьв. сьв. Паўла, Пятра, Якуба і іншых асоб, якіх пазнаў у Ерузаліме, а асабліва ад маткі Езуса Хрыста. У прадмове да эванэліі ён выразна кажа, што сам усяго пільна дайшоўшы, апісаў папарадку ўсё, што чуў. У апісаньні падзеяў сьв. Лукаш дзяржаўся хронологічна-географічнага парадку, гэта значыць, апісаў спачатку дзейнасьць Е. Хрыста ў Галілеі, потым у дарозе да Юдэі (праз Самарыю і Пэрэю), потым ізноў у Галілеі, у Юдэі і Ерузаліме.
Мэта. Эванэлія сьв. Лукаша была напісана каля 62 году па Нарадж. Хрыста. Яна напісана добрай грэцкай мовай і мела на мэце абслужыць касьцёлы, заложаныя сьв. Паўлам у М. Азіі і Грэцыі. Касьцёлы гэтыя складаліся з паганаў (грэкаў) і жыдоў. Аднак большасьць была паганаў і затым сьв. Лукаш падчырківае паўсюднасьць Хрыстовага Касьцёла, які бяз ніякай розьніцы павінен абняць сабою і жыдоў і паганаў. Жыды, хоць мелі быць першымі ў Валадарстве Хрыстовым, то адкінуўшы ягону навуку і выдаўшы яго на сьмерць, самі выракліся гэтай ласкі. Аднак і для іх дарога да збаўленьня не зачыненая, трэба толькі пакаяньня і навароту да Хрыста (13:3-8; 21:24).
Гэтакая асноўная ідэя эванэліі сьв. Лукаша. У спосабе перадаваньня розных падзеяў, сьв. Лукаш згодны з сваім вучыцелем сьв. Паўлам.
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, уступ