Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Лукаша 1 Паводле Лукаша 1 разьдзел

1 Бо як многія браліся ўлажыць расказ аб падзеях, якія ў нас адбыліся,
2 так як перадалі нам тыя, каторыя ад пачатку самі бачылі і былі слугамі слова,
3 то прыйшло на думку і мне, пільна ад пачатку ўсяго дайшоўшы, апісаць папарадку табе, дастойны Тэафілю,
4 каб ты пазнаў праўду тых слоў, якіх цябе навучылі.
5 Быў у дні Гэрада, караля Юдэі, адзін сьвятар са зьмены Абія, на імя Захар, і жонка яго з дачок Ааронавых і імя яе Альжбета.
6 Былі-ж яны абое справядлівыя перад Богам, паступаючы без заганаў ва ўсіх прыказаньнях і законах Пана,
7 і ня было ў іх сына, таму што Альжбета была няплодная, і былі яны абое пажылыя ў днях сваіх.
8 Сталася-ж, калі ён у парадку сваей зьмены адбываў сьвятарскую службу перад Богам,
9 паводле звычаю сьвятарскай службы выпала лёсам, каб увайшоўшы ў сьвятыню Пана, ахвяраваў кадзіла;
10 а ўсё мноства народу было на дварэ, молячыся ў часе каджэньня.
11 І зьявіўся яму анёл Панскі, стоячы па правай старане кадзільнага аўтара.
12 І ўгледзеўшы Захар стрывожыўся і напаў на яго страх.
13 Анёл-жа сказаў да яго: Ня бойся Захар, бо выслухана просьба твая і жонка твая Альжбета родзіць табе сына і назавеш імя яго Ян.
14 І будзе табе радасьць і ўцеха і многія будуць радавацца з нараджэньня яго.
15 Бо ён будзе вялікі перад Панам, ня будзе піць віна і сіцэры і будзе напоўнены Духам сьвятым яшчэ ў лоне маткі сваей.
16 І наверне многіх сыноў Ізраіля да Пана Бога іх,
17 і сам ён пойдзе перад ім у духу і сіле Гальяша, каб зьвярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей і няверуючых да разважнасьці справядлівых, каб прыгатовіць Пану народ дасканальны.
18 І сказаў Захар да анёла: Адкуль я пазнаю гэтае? Бо я стары і жонка мая пажылая ў днях сваіх.
19 І адказваючы анёл сказаў яму: Я ёсьць Габрыель, што перад Богам стаў і пасланы ёсьць гаварыць да цябе і абвясьціць табе гэтую добрую вестку.
20 І вось будзеш маўчаць і ня будзеш магчы гаварыць аж да дня, у каторым гэтае станецца, за тое што не паверыў славам маім, якія збудуцца ў сваім часе.
21 А народ чакаў на Захара, і дзівіліся, што ён марудзіў у сьвятыні.
22 Калі-ж выйшаў, ня мог да іх гаварыць; і пазналі, што бачыў зьяву ў сьвятыні; а ён ківаў ім і астаўся нямы.
23 І сталася, калі скончыліся дні ягонай службы, адыйшоў у свой дом.
24 Пасьля-ж гэтых дзён зачала Альжбета, жонка яго, і таілася праз пяць месяцаў, кажучы:
25 Што гэтак учыніў мне Пан у днях, у каторых узглянуў, каб зьняць ганьбу маю паміж людзей.
26 А ў шосты месяц пасланы быў анёл Габрыель ад Бога ў Галілейскае места, катораму імя Назарэт,
27 да дзевы, пашлюбаванай з мужам, катораму было імя Язэп, з дому Давіда, а імя дзевы Марыя.
28 І ўвайшоўшы да яе анёл, сказаў: Прывітана будзь, поўная ласкі, Пан з табою, багаслаўлена ты між жанчынаў.
29 Яна, як пачула, стрывожылася ад мовы ягонай і думала, якое-б гэта было прывітаньне.
30 І сказаў ёй анёл: Ня бойся, Марыя, бо ты знайшла ласку ў Бога;
31 вось зачнеш у лоне і родзіш сына і назавеш імя яго Езус.
32 Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага; і дасьць яму Пан Бог пасад Давіда, бацькі яго; і будзе валадарыць у доме Якуба навекі
33 і валадарству яго ня будзе канца.
34 А Марыя сказала да анёла: Як-жа гэта станецца, калі я мужа ня знаю?
35 І адказваючы анёл сказаў ей: Дух сьвяты найдзе на цябе і сіла Найвышэйшая ацяніць цябе, затым і што народзіцца з цябе Сьвятое, будзе названае Сынам Божым.
36 І вось Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваей і гэты шосты месяц у тае, каторую завуць няплоднай.
37 Бо ў Бога ня будзе немагчымым ніводнае слова.
38 І сказала Марыя: Вось слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова І адыйшоў ад яе анёл.
39 А ўстаўшы Марыя ў гэныя дні, пайшла з пасьпехам у горы, у юдэйскае места,
40 і ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету.
41 І сталася, як пачула Альжбета прывітаньне Марыі, ускочыла дзіця ў яе лоне і была напоўнена Духам сьвятым Альжбета,
42 і ўскрыкнула вялікім голасам і сказала: Багаслаўлена ты між жанчынаў і багаслаўлены плод улоньня твайго.
43 І скуль-жаж мне гэта, што матка Пана майго прыходзіць да мяне?
44 Бо вось, як голас прывітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, ускочыла з радасьці дзіця ў лоне маім.
45 І багаслаўлена ты, каторая паверыла, бо споўніцца тое, што было табе сказана ад Бога.
46 І сказала Марыя: Вялічае душа мая Пана
47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім,
48 што ўзглянуў на нізкасьць служкі сваей. Бо вось адгэтуль багаслаўленай будуць называць мяне усе народы:
49 бо ўчыніў мне вялікія рэчы, каторы магутны ёсьць, і сьвятое імя яго;
50 і міласэрдзе ягона з пакаленьня ў пакаленьні для тых, што баяцца яго.
51 Учыніў магутнасьць рукою сваею, разсеяў гордых думкай сэрца іхнага;
52 Скінуў магутных з пасаду, а ўзвысіў нізкіх.
53 Галодных здаволіў дабром, а багатых з нічым адправіў.
54 Прыняў Ізраіля, слугу свайго, успомніўшы аб міласэрдзі сваім.
55 Як гаварыў да айцоў нашых, да Абрагама і патомства яго на векі.
56 І правяла Марыя з ею каля трох месяцаў і вярнулася ў свой дом.
57 Альжбеце-ж настаў час радзіць і радзіла сына.
58 І пачулі суседзі і сваякі яе, што ўзвялічыў Пан міласэрдзе сваё над ёю — і цешыліся з ёю.
59 І сталася ў восьмы дзень, прыйшлі абрэзаць дзіця і называлі яго іменем бацькі яго Захар.
60 І адказваючы маці ягона сказала: Ня так, але будзе называцца Ян.
61 І сказалі да яе: Што няма нікога ў тваей радні, хто-б называўся гэтым іменем.
62 І давалі знакі бацьку яго, як-бы хацеў назваць яго.
63 І зажадаўшы таблічку, напісаў кажучы: Ян ёсьць імя ягонае. І дзівіліся ўсе.
64 І адчыніліся зараз-жа вусны яго і язык ягоны, і гаварыў, багаславячы Бога.
65 І зьняў страх усіх суседзяў іхных і разыходзіліся ўсе гэтыя словы па ўсіх горах Юдэі;
66 а ўсе, што чулі, бралі да сэрца свайго, кажучы: Што, думаеш, будзе з гэтага дзіцяці? Бо рука Пана была з ім.
67 А Захар, бацька яго, напоўнены быў Духам сьвятым, і прарочыў, кажучы:
68 Багаслаўлены Пан, Бог Ізраіляў, што адведаў і ўчыніў адкупленьне народу свайго;
69 і падняў для нас рог збаўленьня у доме Давіда, слугі свайго.
70 Як гаварыў праз вусны сьвятых, каторыя ад веку ёсьць, прарокаў сваіх:
71 Выбаўленьне ад ворагаў нашых і з рукі ўсіх, што нас ненавідзяць,
72 каб учыніць міласэрдзе з айцамі нашымі і ўспомніць свой сьвяты тэстамэнт,
73 што прысягу, якую прысягаў Абрагаму, айцу нашаму, дасьць нам,
74 каб выбаўленыя з рукі ворагаў нашых мы бяз страху служылі яму
75 у сьвятасьці і справядлівасьці перад ім праз усе дні нашыя.
76 А ты, дзіця, будзеш названае прарокам Найвышэйшага, бо пойдзеш перад воблікам Пана правіць дарогі ягоны,
77 каб даць народу яго пазнаньне збаўленьня на адпушчэньне грахоў іх,
78 дзеля нутранога міласэрдзя Бога нашага, праз якое адведаў нас усход з вышыні,
79 каб сьвяціць тым, каторыя сядзяць у цемры і ў ценю сьмерці, каб пакіраваць ногі нашыя на дарогу супакою.
80 А дзіця расло і ўмацоўвалася духам і было ў пустынях аж да дня свайго зьяўленьня перад Ізраілям.

Каментары ці зноскі:

1 З гэтых «многіх», якія перад Лукашам браліся ўлажыць расказ аб жыцьці і дзейнасьці Е. Хрыста, да нас дайшлі толькі натхнёныя Богам эванэліі Матэуша і Марка.

2 Слугамі «слова», г. зн. слугамі «эванэліі», былі апосталы і вучні Хрыстовы, каторыя бачылі і чулі Хрыста і былі з ім.

3 Няма ведама, хто гэта быў той дастойны Тэафіль, для каторага сьв. Лукаш напісаў сваю эванэлію і Апост. Дзеі. Некаторыя думаюць, што гэта быў адзін выдатны нованавернены хрысьціянін.

5 Гэрад (Вялікі) быў уладаром ня толькі Юдэі, але ўсяе бадай Палестыны.

7 Бяздзетнасьць уважалася ў жыдоў за ганьбу і як бы за кару Божую, дзеля гэтага муж і жонка маліліся да Бога, каб адхіліў ад іх гэту кару і абдарыў іх патомствам.

10 Народ ня мог уваходзіць у самую сьвятыню, але аставаўся на дварышчы (так як у нас на цьвінтары каля касьцёла), а ўваходзіў толькі сьвятар, які адпраўляў службу Божую. Аб парадку службы Божай і аб тым, што дзеялася ў сьвятыні, народ паведамлялі голасам трубы.

11 Кадзільны аўтар стаяў каля самага занавесу, аддзяляючага месца Сьвятое ад Найсьвяцейшага (Сьвятога Сьвятых).

15 «Сіцэра» — гэта быў моцны напітак, які прыгатаўлялі з пладоў, збожа або мёду.

17 Сьв. Ян Хрысьціцель быў папярэднікам першага прыходу Езуса, так як Гальяш будзе папярэднікам другога прыходу — на апошні суд.

21 Штодзённы абрад каджэньня ня трываў доўга, тымчасам народ чакаў на багаславенства, якое па выхадзе з сьвятыні даваў сьвятар, які спаўняў абрад каджэньня. Дзеля гэтага было зьдзіўленьне ў народзе, што Захар гэтак доўга замарудзіў у сьвятыні. Яшчэ большае было зьдзіўленьне, калі аказалася, што ён ня мог гаварыць.

25 Гл. Як вышэй р. 7.

26 «У шосты месяц» лічучы ад зачацьця Яна Хрысьціцеля. Назарэт — сяньня горад, які лічыць каля 20 тысяч насельніцтва, а даўней, за часоў Хрыста, гэта было малое мястэчка.

28 Паўнату ўсьвячаючай ласкі Божай атрымала Марыя ўжо ў першай хвіліне свайго Непавіннага Зачацьця, а гэта дзеля таго, што мела стацца маткай Сына Божага. Затым і названа «ласкі поўнай».

31 Імя Езус (ад гэбрайскага слова Егошуа або Ешуа) значыць збаўленьне ад Ягвы, Збаўца, (Гл. Мт. 1:21)

32 Давід быў бацькам г. зн. продкам Езуса паводле цела, бо Езус выходзіў з роду Давіда. «Сын Давіда» ў сьв. Пісаньні азначае Мэсыяша.

34 Марыя шлюбавла Богу дзявоцтва і берагла яго нават у жанімстве, затым і кажа, што мужа ня знае.

35 Анёл кажа, што Марыя станецца маткай бяз учасьніцтва мужа, а гэта такім спосабам, што моц Божая зыйдзе як воблак на Марыю і як ценем яе акрые, гэта моц пройме яе і з яе цела і крыві створыць цела Хрыстова. Гэта ўсё станецца без нарушэньня яе дзявоцтва.

38 Марыя заве сябе служкай Пана і згаджаецца быць маткай Сына Божага. У тую хвіліну даканалася вялікая тайніца ўчалавечаньня Сына Божага. Дух сьв. у лоне Дзевы Марыі ўтварыў цела Хрыста, злучыў яго з створанаю тады-ж людзкою душою і гэтая натура людзкая была злучана з Божай Асобай Слова. Бог чалавек пачаў існаваць, а Марыя сталася маткай Бога.

40 Марыя, даведаўшыся ад анёла, што яе сваячка сьв. Альжбета будзе маткай, пасьпяшыла ў Юдэю, каб яе адведаць. Дарога з Назарэту ў Юдэю магла трываць 3-4 дні.

46 Натхнёная Духам сьв. Марыя выказала ў прыгожай песьні «Вялічае душа мая Пана» (Магніфікат) ня толькі ўсю сваю радасьць, але хвалу і падзяку Богу за такую вялікую ласку.

56 Марыя была ў Альжбеты да нарадзінаў Яна, а па нарадзінах вярнулася ў Назарэт.

59 Абразаньне адбывалася ў Ст. Законе на восьмы дзень па нарадзінах і мела вялікае значэньне. Праз абразаньне дзіця атрымлівала ачышчэньне ад первароднага грэху і станавілася ўчасьнікам багаславенстваў і абяцаньняў, дадзеных Богам патрыярхам. Пры абразаньні давалі дзіцяці імя.

61 Імёны ў сем'ях жыдоўскіх часта пераходзілі з пакаленьня ў пакаленьне.

69 «Рог» у гэбрайскай паэзіі азначае сілу і магутнасьць. Тут «рог збаўленьня» азначае тое самае, што «магутнасьць Збаўцы».

78 Усходам у вышыні або сьвятлом сьв. Пісаньне часта заве Мэсыяша, ад каторага ўвесь духовы сьвет бярэ сьвятло, цяплыню і жыцьцё.

80 Ян ад маладых гадоў быў у пустыні (каля ўтокаў Ярдану ў Мертвае мора), дзе праз пост і малітву прыгатаўляўся да свайго высокага пазваньня.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.