1 Пасьля-ж гэтага вызначыў Пан і другіх семдзесяцёх двух, і паслаў па двух перад воблікам сваім і ўсякі горад і месца, куды сам меўся прыйсьці.
2 І казаў ім: Жніво-то вялікае, але работнікаў мала; дык прасеце пана жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.
3 Ідзеце! Вось я пасылаю вас як ягнят паміж ваўкоў.
4 Не нясеце мяшка, ані торбы, ані абутку, і нікога ў дарозе ня вітайце.
5 У які-колечы дом увойдзеце, перш скажэце: Супакой гэтаму дому.
6 І калі там будзе сын супакою, супачыне на ім супакой ваш; калі-ж не, да вас вернецца.
7 У тым-жа доме аставайцеся, ядучы і п’ючы тое, што ў іх ёсьць; бо варт работнік нагароды сваей. Не пераходзьце з дому ў дом.
8 І ў які-колечы горад увойдзеце, і прыймуць вас, ешце, што паложаць перад вамі;
9 і аздараўляйце хворых, якія ў ім ёсьць і кажэце ім: Прыблізілася да вас каралеўства Божае.
10 І ў які-колечы горад увойдзеце і ня прыймуць вас, выйшаўшы на вуліцы яго, скажэце:
11 «Нават пыл, які прыстаў да нас з вашага гораду, абтрасаем на вас. Аднак ведайце тое, што прыблізілася каралеўства Божае».
12 Кажу вам, што Садоме ў той дзень будзе лягчэй, чым гэнаму гораду.
13 Гора табе, Корозаін, гора табе, Бэтсайда! Бо каб у Тыры і Сыдоне дзеяліся такія цуды, якія дзеяліся ў вас, даўно-бы, седзячы ў валасяніцы і попелі, пакутавалі.
14 Аднака-ж Тыру і Сыдону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
15 І ты, Капарнауме, аж да неба ўзьнесенае, аж да пекла будзеш апушчана.
16 Хто вас слухае, мяне слухае; і хто вамі пагарджае, мною пагарджае. А хто мною пагарджае, пагарджае тым, каторы паслаў мяне.
17 І вярнуліся семдзесяцёх двух з радасьцяй, кажучы: Пане, нават д’яблы паддаюцца нам у імя тваё.
18 І сказаў ім: Я відзеў д’ябла, падаючага з неба як маланка.
19 Вось я даў вам уладу ступаць па зьмеях і скарпіёнах, і па ўсей сіле ворага, і нічога вам не пашкодзіць.
20 Аднака-ж не радуйцеся з таго, што духі вам паддаюцца, але радуйцеся, што імёны вашыя запісаны ў небе.
21 У тую часіну ўзрадаваўся Духам сьвятым і сказаў: Слаўлю цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што закрыў гэтае перад мудрымі і разумнымі, а аб’явіў гэтае маленькім. Так, Ойча, бо гэтак спадабалася табе.
22 Усё мне ададана Айцом маім. І ніхто ня ведае, хто ёсьць Сын, толькі Айцец; і хто ёсьць Айцец, толькі Сын і каму-б Сын захацеў аб’явіць.
23 І звярнуўшыся да вучняў сваіх, сказаў: Багаслаўленыя вочы, каторыя бачаць, што вы бачыце!
24 Бо кажу вам, што многа прарокаў і каралёў хацела бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
25 І вось нейкі вучоны ў законе ўстаў, прабуючы яго і кажучы: Вучыцель, што робячы здабуду я жыцьцё вечнае?
26 А ён сказаў да яго: У законе што напісана, як чытаеш?
27 Ён адказваючы сказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваею, і ўсімі сіламі тваімі, і ўсей мысьляй тваею, а бліжняга твайго як самога сябе» (Паўл. Пр. 6:5; Лев. 19:18).
28 І сказаў яму: Добра ты адказаў, гэтае рабі і будзеш жыць.
29 А ён, хочучы сам сябе апраўдаць, сказаў да Езуса: А хто мой бліжні?
30 Езус-жа адказваючы сказаў: Нейкі чалавек ішоў з Ерузаліму ў Ерыхон і трапіў на разбойнікаў, якія яго і аграбілі, і нарабіўшы ранаў адыйшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
31 І здарылася, што гэтай самай дарогай ішоў нейкі сьвятар і, угледзеўшы яго, прайшоў міма.
32 Таксама і левіт, будучы каля месца і бачачы яго, прайшоў.
33 Нейкі-ж самаранін, адбываючы падарожу, праходзіў каля яго, і ўгледзеўшы яго, зьлітаваўся.
34 І прыблізіўшыся, абвязаў раны яго, наліўшы алівы і віна; і ўзлажыўшы яго на жывёлу сваю, завёз у заезд і заапекаваўся ім.
35 А надругі дзень выняў два дынары і даў гаспадару заезду і сказаў: Мей яго ў апецы, і што-толькі выдасі болей, я, калі вярнуся, аддам табе.
36 Каторы з гэтых трох, здаецца табе, быў бліжнім таму, хто трапіў на разбойнікаў?
37 А ён сказаў: Той, хто ўчыніў над ім міласэрдзе. І сказаў яму Езус: Ідзі, і ты рабі таксама.
38 Сталася-ж, калі яны ішлі, і ён увайшоў у вадно мястэчка, і адна жанчына, на імя Марта, прыняла яго ў свой дом.
39 А ў яе была сястра на імя Марыя, і яна седзячы каля ног Пана, слухала слова яго.
40 А Марта старалася каля рознай паслугі. Яна стала і сказала: Пане, ці ты ня дбаеш, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ей, каб мне памагла.
41 І адказваючы сказаў ей Пан: Марта, Марта, ты клапоцісься аб вельмі многім,
42 а адно патрэбнае.
43 Марыя найлепшую часьць выбрала, якая ня будзе аднята ад яе.
Каментары ці зноскі:
4 Гэтымі славамі Хрыстус загадывае сваім вучням весьці жыцьцё ўбогае і ў дарозе не марнаваць часу на прывітаньні, якія па ўсходняму абычаю былі вельмі даўгія і не займацца ў бескарысныя гутаркі.
6 «Сын супакою» — гэта значыць: чалавек, які варт супакою, чалавек з добраю воляю, спакойны і згодны. З далейшых слоў Хрыста відаць, што ня ўсюды словы вучняў будуць прыняты, гэтыя словы часам вернуцца да іх без пажаданага рэзультату.
8 Хрыстус загадывае тут сваім вучням ня быць вымагаючымі і капрызнымі ў ядзе.
30 Дарога паміж Ерузалімам і Ерыхонам была пустынная і там часта нападалі разбойнікі.
34 Старадаўныя ўжывалі часта алівы і віна пры лекаваньні ранаў.
35 Два дынары — гэта плата за два дні наперад, бо штодзеннае ўтрыманьне каштавала дынара.
37 Хрыстус загадывае тут памагаць з любові усім людзям, бяз розьніцы веры і народнасьці, бо ўсе людзі — нашы бліжнія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 10 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.