Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Лукаша 14 Паводле Лукаша 14 разьдзел

1 І сталася, калі Езус увайшоў у дом нейкага старшага фарызэя ў суботу есьці хлеб, а яны наглядалі за ім.
2 І вось нейкі апухлы чалавек быў перад ім:
3 І адказваючы Езус сказаў да вучоных у законе і фарызэяў, кажучы: Ці дазволена аздараўляць у суботу?
4 А яны маўчалі. Ён-жа ўзяўшы аздаравіў яго і адправіў.
5 І адказваючы сказаў да іх: У каго з вас асёл або вол уваліцца ў студню, то ці ня зараз-жа выцягне яго ў дзень суботні?
6 І не маглі яму на гэтае адказаць.
7 Казаў-жа прыповесьць і да запрошаных, угледаючыся, як яны выбіралі першыя мясцы, кажучы да іх:
8 Калі ты будзеш запрошаны на вясельле, не садзіся на першым месцы, каб часам ня быў запрошаны ім паважнейшы за цябе,
9 і каб прыйшоўшы той, каторы цябе і яго паклікаў, сказаў табе: Дай гэтаму месца, і тады са стыдам пачаў-бы ты займаць апошняе месца.
10 Але калі ты будзеш пакліканы, ідзі, сядзь на апошнім месцы, каб прыйшоўшы той, каторы паклікаў цябе, сказаў табе: Дружа, узыйдзі вышэй. Тады будзе табе слава перад разам сядзячымі.
11 Бо кожны, хто сябе павышае, будзе паніжаны; а хто сябе паніжае, будзе павышаны.
12 Казаў і да таго, хто яго паклікаў: Калі ты даеш абед або вячэру, ня кліч прыяцеляў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб часам і яны цябе не паклікалі, і каб ня было для цябе нагароды.
13 Але калі робіш пачастунак, пакліч убогіх, калекіх, кульгавых і сьляпых,
14 і будзеў багаслаўлены затым што ня могуць нагарадзіць табе. Бо будзе нагароджана табе ва ўскрашэньні справядлівых.
15 Калі пачуў гэтае нехта з тых, што разам сядзелі, сказаў яму: Багаслаўлены, хто будзе есьці хлеб у каралеўстве Божым.
16 А ён сказаў яму: Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многіх.
17 І паслаў слугу свайго ў гадзіну вячэры сказаць запрошаным, каб прыходзілі, бо ўсё ўжо гатова.
18 І пачалі ўсе разам апраўдывацца. Першы сказаў яму: Я купіў сялібу і трэба мне пайсьці і паглядзець яе, прашу цябе, мей мяне за апраўданага.
19 А другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду пробаваць іх, прашу цябе, мей мяне за апраўданага.
20 А іншы сказаў: Я жонку ўзяў, і дзеля гэтага не магу прыйсьці.
21 І вярнуўшыся слуга паведаміў аб гэтым пана свайго. Тады пан, загневаўшыся, сказаў слузе свайму: Выйдзі скора на вуліцы і вулачкі гораду, і прывядзі сюды ўбогіх і калекіх і сьляпых і кульгавых.
22 І сказаў слуга: Пане, сталася, як ты загадаў, але яшчэ ёсьць месца.
23 І сказаў пан слузе: Выйдзі на дарогі і засьценкі і прымусь увайсьці, каб дом мой быў поўны.
24 А кажу вам, што ніводзен з тых мужоў, якія былі пакліканы, не пакаштуе вячэры маей.
25 І ішлі вялікія грамады. І абярнуўшыся, сказаў ім:
26 Калі хто ідзе да мяне і ня мае ў ненавісьці бацькі свайго, і маткі, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясьцёр, а яшчэ і жыцьця свайго, ня можа быць маім вучнем.
27 І хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за мною, ня можа быць маім вучнем.
28 Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ці-ж уперад сеўшы не аблічыць коштаў, якіх патрэба, ці мае, каб скончыць?
29 Каб пасьля, як залажыў фундамэнт і ня мог скончыць, усе гледзячы не пачалі сьмяяцца з яго,
30 кажучы: Што гэты чалавек пачаў будуваць і ня мог скончыць?
31 Або які кароль, каторы мае ісьці проціў другога караля, сеўшы ўперад не падумае, ці зможа з дзесяцьма тысячамі пераняць таго, каторы ідзе на яго з дваццацьма тысячамі?
32 Бо інакш, пакуль той яшчэ далёка, вышле пасольства, просячы адносна міру.
33 Так-то кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць маім вучнем.
34 соль добрая, але калі соль зьвятрэе, то чым яе прыправіць?
35 Яна не надаецца ані ў зямлю, ані ў гной, але вон будзе выкінута. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае!

Каментары ці зноскі:

1 «Есьці хлеб» азначала ў жыдоў усякую яду ці пачастунак, а «есьці ў суботу» — урачыстае прыняцьце.

5 Гл. Мт. 12:12.

10 Езус тут не пахваляе крывадушнага і фальшывага паніжаньня самога сябе, але пахваляе шчырае і сапраўднае. Той чалавек, каторы сябе шчыра паніжае, заўсёды будзе повышаны, калі не на гэтым, то на тым сьвеце.

11 Гл. Мт. 23:11.

12 Езус тут не забараняе склікаць сваякоў або прыяцеляў на пачастунак, але кажа, што толькі такое скліканьне будзе мець нагароду ў Бога, якое было роблена ня дзеля людзкога вырахаваньня, але дзеля Бога.

14 На судзе Божым, па ўскрашэньні цела, Бог нагародзіць за ўсе добрыя чыны, дакананыя дзеля Бога.

15 Валадарства Божае (неба) жыды прадстаўлялі як вялікі пачастунак — вячэру.

24 Значэньне гэтай прыповесьці такое: Вячэра — гэта валадарства нябеснае, куды можна ўвайсьці праз Касьцёл Хрыстовы; гаспадар — гэта Бог: запрошаныя наўперад — гэта сьвятары і кніжнікі, якія ад вячэры адказаліся; убогія, калекія, сьляпыя і кульгавыя — гэта ўвесь Ізраільскі народ; запрошаныя ўканцы з дарог і засьценкаў — гэта пагане, а слугі — гэта анёлы.

26 «Мець у ненавісьці» значыць тут: не цаніць гэтых асоб і сябе самога вышэй за Бога. Нашая любоў да Бога павінна перавышаць любоў да стварэньня (Мат. 10:37), а калі хто цэніць сябе або бліжніх болей за Бога, той ня можа быць вучнем Хрыстовым.

28 Вежы будаваліся даўней ня толькі на гарадзкіх сьценах, дзеля абароны ад ворага, але так-жа ў вінаградніках, каб пільнаваць ураджаю ад зладзеяў.

32 Думка тут такая, што перад кожнай паважнай справай трэба добра прызадумацца, ці чалавек даканае яе, асабліва калі хто хоча пасьвяціць сябе на службу Божую і пайсьці за Хрыстом.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.