Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Лукаша 19 Паводле Лукаша 19 разьдзел

1 І ўвайшоўшы, паходзіў праз Ерыхон.
2 І вось чалавек, на імя Захей, каторы быў старшым над мытнікамі і быў багаты.
3 І стараўся ўбачыць Езуса, хто ён такі, але ня мог за грамадою, бо быў малога росту.
4 І забегшы наперад, улез на дрэва дзікай фігі, каб убачыць яго, бо тудою меў прахадзіць.
5 І калі Езус прыйшоў да месца, узглянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: Захей, зыйдзі пасьпешна, бо сягоньня трэба мне быць у тваім доме.
6 І пасьпешна зыйшоў і прыняў яго з радасьцяй.
7 А як убачылі ўсе, наракалі, кажучы, што зайшоў да грэшнага чалавека.
8 А Захей стаўшы, сказаў да Пана: Вось, Пане, палавіну маей маемасьці даю на ўбогіх, а калі каго ў чым ашукаў, аддаю ўчэцьвера.
9 Сказаў да яго Езус: Што сягоньня для гэтага дому сталася збаўленьне, бо і ён ёсьць сын Абрагама.
10 Бо Сын чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было згінула.
11 Калі яны гэтае слухалі, дадаючы сказаў прыповесьць: бо быў ён блізка Ерузаліму, і яны думалі, што зараз мела зьявіцца каралеўства Божае.
12 Дык сказаў: Адзін чалавек высокага роду ад’яжджаў у далёкі край, каб атрымаць для сябе каралеўства і вярнуцца.
13 І паклікаўшы дзесяцёх сваіх слугаў, даў ім дзесяць грыўняў і сказаў да іх: Гандлюйце, пакуль ня прыеду.
14 Але ягоныя грамадзяне ненавідзелі яго і выслалі за ім пасольства, кажучы: Ня хочам, каб гэты панаваў над намі.
15 І сталася, што ён вярнуўся, атрымаўшы каралеўства, і загадаў паклікаць слуг, каторым даў грошы, каб ведаць, сколькі кожны зарабіў.
16 І прыйшоў першы, кажучы: Пане, твая грыўня прынясла дзесяць грыўняў.
17 І сказаў гэтаму: Добра, слуга добры, таму што ты быў верны ў малым, будзеш мець уладу над дзесяцьма гарадамі.
18 Прыйшоў і другі, кажучы: Пане, твая грыўня прынясла пяць грыўняў.
19 І сказаў гэтаму: І ты будзь над пяцьма гарадамі.
20 Прыйшоў і іншы, кажучы: Пане, вось твая грыўня, якую я меў схаваную ў хустцы;
21 бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек срогі: бярэш, чаго не палажыў, і жнеш, чаго ня сеяў.
22 Сказаў яму: Вуснамі тваімі суджу цябе, нягодны слуга. Ты ведаў, што я чалавек срогі, бяру, чаго не палажыў і жну, чаго ня сеяў;
23 чаму-ж ты не аддаў маіх грашэй у банк, каб я, прыхаўшы, дастаў іх з працэнтам?
24 І сказаў тым, што там стаялі: Вазьмеце ад яго грыўню і дайце таму, каторы мае дзесяць грыўняў.
25 І сказалі яму: Пане, ён мае дзесяць грыўняў.
26 А я вам кажу, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена і будзе мець дастатак, а ад таго, хто ня мае, будзе аднята ад яго і тое, што ён мае.
27 Аднак-жа ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я панаваў над імі, прывядзеце сюды пазабівайце перада мною.
28 І сказаўшы гэтае, ішоў наперад, ідучы ў Ерузалім.
29 І сталася, калі прыбліжаўся да Бэтфагі і Бэтаніі пры гары, якая завецца Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх,
30 кажучы: Ідзеце ў сяло, якое наўпроць; уваходзячы ў яго знойдзеце прывязанае жэрабё асьліцы, на каторым ніхто з людзей ніколі не сядзеў; адвяжэце яго і прывядзеце.
31 І калі-б у вас хто спытаўся: «Нашто адвязваеце»? так таму скажэце: «што Пан жадае ягонай паслугі».
32 І пайшлі тыя, што былі пасланы, і знайшлі, так як сказаў ім, стаячае асьлянё.
33 Калі-ж яны адвязалі асьлянё, сказалі да іх гаспадары яго: Нашто адвязваеце асьлянё?
34 А яны сказалі: Што Пану яго патрэба.
35 І прывялі яго да Езуса, і ўскінуўшы адзеньне сваё на асьлянё, пасадзілі Езуса.
36 Калі-ж ён ехаў, слалі адзеньне сваё на дарозе.
37 І калі ўжо прыбліжаўся да спуску з Аліўнай гары, пачалі ўсе грамады вучняў, радуючыся, хваліць Бога вялікім голасам за ўсе цуды, якія яны бачылі,
38 кажучы: Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана; супакой на небе, і слава на вышынах!
39 А некаторыя фарызэі з грамадаў сказалі да яго: Вучыцель, насварыся на сваіх вучняў!
40 Ён сказаў ім: Кажу вам, што калі-б яны маўчалі, каменьні будуць галасіць.
41 І калі прыбліжыўся, убачыўшы горад, заплакаў над ім, кажучы:
42 Што каб пазнаў і ты, і ў гэты дзень твой, што для супакою твайго! Цяпер-жа закрыта ад вачэй тваіх.
43 Бо прыйдуць на цябе дні, і абвядуць цябе ворагі твае акопам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
44 і паваляць цябе на зямлю і сыноў тваіх, каторыя ў табе; і не пакінуць у табе каменя на камені, таму што ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх.
45 І ўвайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых у ёй і купляючых,
46 кажучы ім: Напісана ёсьць, што «дом мой ёсьць домам малітвы» (Із. 56:7), а вы зрабілі яго пячэрай разбойнікаў (Яр. 7:11).
47 І вучыў штодня ў сьвятыні. А архісьвятары і кніжнікі і старшыя з народу шукалі загубіць яго,
48 і не знаходзілі, што-б зрабіць яму, бо ўвесь народ быў прывязаўшыся, слухаючы яго.

Каментары ці зноскі:

11 Народ і вучні думалі, што Хрыстус адбудуе зямное жыдоўскае валадарства, і зараз пасьля свайго прыходу ў Ерузалім абвесьціць сябе валадаром. Хрыстус ведаючы аб гэтым пракананьні, сказаў прыповесьць, у якой павучае не аб закладзінах зямнога валадарства, але аб павіннасьцях і абавязках кожнага чалавека перад Богам.

12 Людзі высокага роду (князі і каралі), хочучы здабыць для сябе каралеўствы ад рымскага ўраду, езьдзілі тады ў Рым. Туды-ж часта езьділі і прадстаўнікі грамадзянства з пратэстам, каб нявыгоднага для сябе кандыдата не дапусьціць да ўлады. Сваю прыповесьць Езус апірае на гэтых ведамых фактах.

13 «Грыўня» серабра (пагрэцку «мна») — гэта каля 185 зл.

26 Гл. Мт. 13:12.

27 Чалавек, які адяжджае ў далёкі край — гэта Хрыстус; слугі — гэта людзі, якія атрымалі ад Хрыста розныя дары, каб зарабіць імі на неба; варожыя грамадзяне — гэта тыя, што ня хочуць валадарства Хрыстовага; час парахунку з слугамі — гэта час сьмерці; тады верныя і працавітыя слугі атрымаюць нагароду, а нягодныя і ворагі Хрыста будуць асуджаны на вечную сьмерць (кару ў пекле).

30 Гл. Мк. 11:12.

44 Гэта споўнілася ў 70 годзе па Нар. Хрыста, калі рымляне абляглі Ерузалім і здабылі яго.

46 Гл. Мт. 21:12 і наст.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.