Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Лукаша 20 Паводле Лукаша 20 разьдзел

1 І сталася аднаго дня, калі ён навучаў у сьвятыні і абвяшчаў эванэлію, зыйшліся архісьвятары і кніжнікі з старшымі
2 і сказалі да яго, кажучы: Скажы нам, якою ўладай ты гэта робіш, або хто такі, хто даў табе гэтую ўладу?
3 Езус-жа адказваючы сказаў да іх: Спытаюся і я ў вас аднаго слова; адкажэце мне:
4 хрост Яна быў з неба ці з людзей?
5 А яны думалі самі ў сабе, кажучы: Што калі мы скажам «з неба», то ён скажа: «Дык чаму-ж вы яму не паверылі»?
6 Калі-ж скажам «з людзей», то ўвесь народ закамянуе нас, бо яны пэўныя, што Ян ёсьць прарок.
7 І адказалі, што яны ня ведаюць, адкуль ён.
8 А Езус сказаў ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэта раблю.
9 І пачаў гаварыць да народу гэтую прыповесьць: Чалавек засадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду земляробам, а сам ад’ехаў на доўгі час.
10 І ў час паслаў да земляробаў слугу, каб яны далі яму з плоду вінаградніка. Яны, пабіўшы, адправілі яго з нічым.
11 І ізноў паслаў другога слугу, але яны і гэтага пабіўшы і зьняважыўшы, адправілі з нічым.
12 І паслаў яшчэ трэцяга, і гэтага яны параніўшы выкінулі.
13 І сказаў гаспадар вінаградніка: Што я зраблю? Пашлю сына майго дарагога, можа, угледзеўшы яго, пабаяцца.
14 Калі ўгледзелі яго земляробы, думалі самі ў сабе, кажучы: Гэта-ж насьледнік, заб’ём яго, каб нашай была спадчына.
15 І выкінуўшы яго за вінаграднік, забілі. Дык што зробіць ім гаспадар вінаградніка?
16 Прыйдзе і выгубіць тых земляробаў, а вінаграднік здасьць іншым. Пачуўшы гэтае, сказалі яму: Няхай Бог крые!
17 А ён спаглянуўшы на іх, сказаў: Дык што значыць гэтае, што напісана ёсьць: «Той камень, каторы адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла»? (Пс. 117:22).
18 Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго-б ён упаў, сатрэ яго.
19 І стараліся архісьвятары і кніжнікі налажыць на яго рукі ў тую часіну, але баяліся народу; бо пазналі, што на іх сказаў гэтае падабенства.
20 І сьледзячы паслалі здраднікаў, каб яны, удаючы справядлівых, падлавілі яго ў мове, каб выдаць яго старшынству і ўладзе начальніка.
21 І спыталіся ў яго, кажучы: Вучыцель, мы ведаем, што ты правільна гаворыш і вучыш і не ўглядаесься на асобу, але дарогі Божай папраўдзе навучаеш.
22 Ці можна нам даваць падатак цэзару, ці не?
23 Ён-жа, пазнаўшы іхную хітрасьць, сказаў да іх: Што вы мяне спакушваеце?
24 Пакажэце мне дынара. Чый мае ён воблік і надпіс? Адказваючы сказалі яму: Цэзараў.
25 І сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу.
26 І не маглі слова ягонага зганіць перад народам, і зьдзіўленыя з ягонага адказу, замоўклі.
27 І падыйшлі некаторыя з садукеяў, якія цьвярдзяць, што няма ўскрашэньня і спыталіся ў яго,
28 кажучы: Вучыцель, Майсей напісаў нам: «Калі-б у каго брат, маючы жонку, памёр і ня было ў яго дзяцей, то каб брат ягоны ўзяў жонку яго і ўскрасіў патомства брату свайму» (Паўл. Пр. 25:5).
29 Дык было сем братоў. І першы ўзяў жонку і памёр без дзяцей;
30 і ўзяў яе другі, і гэты памёр бяз сына;
31 і трэці ўзяў яе; гэтаксама і ўсё сямёх, і не аставіўшы патомства, паўміралі.
32 Наканец па ўсіх памярла і жанчына.
33 Дык ва ўскрашэньні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо-ж сямёх яе мелі за жонку.
34 І сказаў ім Езус: Сыны гэтага сьвету жэняцца і выходзяць замуж.
35 Але тыя, каторыя будуць прызнаны годнымі таго сьвету і ўскрашэньня з умерлых, ані замуж ня пойдуць, ані жанок браць ня будуць,
36 бо яны ня будуць магчы болей уміраць, таму што яны ёсьць роўныя з анёламі і ёсьць сынамі Божымі, будучы сынамі ўскрашэньня.
37 А што ўмерлыя ўваскрэснуць, то і Майсей паказаў «каля куста», называючы Пана «Богам Абрагама, і Богам Ізаака, І Богам Якуба» (Вых. 3:6).
38 Бог-жа ня ёсьць умерлых, але жывых; бо для яго ўсе жывуць.
39 А некаторыя з кніжнікаў адказваючы, сказалі яму: Вучыцель, добра ты сказаў.
40 І болей ня сьмелі аб чым-колечы пытацца ў яго.
41 І сказаў да іх: Як-жа кажуць, што Хрысус ёсьць сынам Давіда?
42 А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў (Пс. 109:1): «Сказаў Пан Пану майму, сядзь праваруч мяне,
43 пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх»?
44 Дык Давід заве яго Панам, то як-жа ёсьць сынам ягоным?
45 Калі-ж слухаў увесь народ, сказаў сваім вучням:
46 Сьцеражэцеся кніжнікаў, каторыя хочуць хадзіць у доўгім адзеньні, і любяць прывітаньні на рынку, і першыя лаўкі ў бажніцах, і першыя мясцы на бяседах;
47 каторыя аб’ядаюць дамы ўдоваў, прыкрываючыся доўгай малітвай, яны атрымаюць большае асуджэньне.

Каментары ці зноскі:

1 Гэна было ў аўторак па Вербнай нядзелі.

5 Гл. Мт. 21:25.

17 Гл. Мт. 21:42.

27 Гл. Мт. 22:28.

42 Гл. Мт. 22:44.

46 Гл. Мк. 12:38.

47 Гл. Мт. 23:14.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.