Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Яна 15 Паводле Яна 15 разьдзел

1 Я ёсьць праўдзівы вінаградны ўшчэп, а Айцец мой земляроб.
2 Усякую галінку, якая не прыносіць у мне плоду, ён адсячэ яе; усякую, якая прыносіць плод, ён ачысьціць яе, каб больш прынясла плоду.
3 Вы ўжо чыстыя дзеля мовы, якую я гаварыў вам.
4 Прабывайце ў мне, а я ў вас. Як галінка ня можа прынесьці плоду сама з сябе, калі ня будзе прабываць у вінаградным ушчэпе, так і вы, калі ня будзеце прабываць у мне.
5 Я ёсьць вінаградны ўшчэп, а вы галінкі. Хто прабывае ў мне, а я ў ім, той прыносіць многа плоду, бо без мяне нічога ня можаце чыніць.
6 Калі-б хто не прабываў у мне, будзе выкінуты проч як галінка; і зсохне, і падбяруць яе, і кінуць у вагонь, і згарыць.
7 Калі будзеце прабываць у мне і словы мае будуць у вас прабываць, чаго-колечы захочаце, папросіце, і станецца вам.
8 У гэтым ёсьць праслаўлены Айцец мой, каб вы прыносілі найболей плоду і сталіся маімі вучнямі.
9 Як мяне ўзлюбіў Айцец, і я вас узлюбіў. Прабывайце ў любові маей.
10 Калі будзеце захоўваць мае прыказаньні, будзеце прабываць у маей любові; так як і я захаваў прыказаньні Айца майго і прабываю ў яго любові.
11 гэтае я вам сказаў, каб радасьць мая была ў вас і радасьць вашая была поўная.
12 Гэтае ёсьць маё прыказаньне, каб вы любілі адзін другога, так як я вас узлюбіў.
13 Ніхто ня мае большай любові за тую, калі хто кладзе жыцьцё сваё за прыяцеляў сваіх.
14 Вы ёсьць мае прыяцелі, калі будзеце чыніць тое, што я вам загадываю.
15 Я ўжо ня буду называць вас слугамі, бо слуга ня ведае, што чыніць пан ягоны; а я назваў вас прыяцелямі, бо ўсё, што-колечы чуў ад Айца майго, абвясьціў вам.
16 Ня вы мяне выбралі, але я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыняслі плод, і каб плод ваш прабываў; каб, чаго-колечы вы папросіце Айца ў імя маё, даў вам.
17 гэта загадываю вам, каб вы любілі адзін другога.
18 Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што мяне перш за вас меў у ненавісьці.
19 Калі-б вы былі з сьвету, сьвет любіў-бы, што было ягонае; а як вы ня ёсьць з сьвету, але я вас выбраў з сьвету, дзеля гэтага сьвет вас ненавідзіць.
20 Помніце мову маю, якую я вам сказаў: «Слуга ня ёсьць большы за пана свайго». Калі мяне прасьледавалі, і вас будуць прасьледаваць; калі захавалі маю мову, і вашу будуць захоўваць.
21 Але ўсё гэтае яны будуць рабіць вам дзеля імені майго, бо ня знаюць таго, хто паслаў мяне.
22 Калі-б я ня прыйшоў і не гаварыў ім, яны ня мелі-б граху; але цяпер ня маюць апраўданьня з свайго гарху.
23 Хто мяне ненавідзіць, той і Айца майго ненавідзіць.
24 Калі-б я ў іх ня ўчыніў чынаў, якіх ніхто іншы ня ўчыніў, яны ня мелі-б граху; але цяпер і бачылі і зьненавідзелі і мяне і Айца майго.
25 Але каб споўнілася мова, якая ёсьць напісана ў законе іх: што яны мелі ў ненавісьці мяне бяз прычыны (Пс. 68:5).
26 Калі-ж прыйдзе Пацяшыцель, каторага я пашлю вам ад Айца, Духа праўды, каторы ад Айца паходзіць, ён будзе даваць пасьведчаньне аба мне.
27 І вы будзеце даваць пасьведчаньне, бо вы са мною ёсьць ад пачатку.

Каментары ці зноскі:

1 У гэтай прамове Хрыста можна адрозьніць тры часткі: 1) патрэба цясьнейшай лучнасьці з Хрыстом (р. 1-8); 2) гэта лучнасьць навязваецца праз любоў (р. 9-17); 3) сьвет будзе прасьледаваць вучняў Хрыста (р. 18 і наст.).

Як земляроб кладзе свае стараньні каля расьлін, так Бог каля людзей.

2 Хто ня прыносіць пладоў (добрых чынаў), ад таго за кару Бог аднімае ласку ўсьвячэньня і лучнасьць з Хрыстом; а хто карыстае з ласкаў учынковых, таго Бог ачышчае ад дробных праступкаў, каб прынёс яшчэ большы плод сьвятасьці.

4 Тут і ў далейшых радкох ідзе гутарка аб прабываньні Хрыста ў душы чалавека праз ласку і любоў.

Як вінаградны ўшчэп дае жыцьцё, сок і плоднасьць усім галінкам, так і Хрыстус дае гэтакую моц сваім вучням і насьлядоўнікам.

5 Без супрацоўніцтва Божага чалавек нічога ня можа зрабіць ані ў прыродным парадку жыцьця, ані ў надпрыродным. Уся яго праца і дзейнасьць залежыць ад супрацоўніцтва з ім Бога.

12 Прыказаньне любові ёсьць зьместам усіх іншых прыказаньняў.

26 Дух сьв. паходзіць ад Айца як ад супольнага пачатку (жарала) сьв. Тройцы, але паходзіць ён так-жа і ад Сына, бо Сын пасылае яго ад Айца (Ян 15:26), а Айцец пасылае яго ў імя Сына (Ян 14:26).


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.