1 Пасьля гэтага Езус адыйшоў на той бок Галілейскага мора, або Тыбэрыядзкага.
2 І ішло за ім вялікае мноства, бо відзелі знакі, якія чыніў над тымі, што хварэлі.
3 Дык узыйшоў Езус на гару і сядзеў там з сваімі вучнямі.
4 Была-ж блізка Пасха, дзень сьвяточны жыдоўскі.
5 Дык калі Езус падняў вочы і ўбачыў, што вялізарнае мноства ідзе да яго, сказаў да Філіпа: Адкуль мы купім хлеба, каб яны мелі есьці?
6 А гэта казаў, прабуючы яго, бо сам ведаў, што меў зрабіць.
7 Адказаў яму Філіп: За дзьвесьце дынараў ня хваціць ім хлеба, каб кожны атрымаў па троху.
8 Сказаў яму адзін з вучняў ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра:
9 Ёсьць тут адзін хлапец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзьве рыбы, але што гэта на гэтулькіх?
10 І сказаў Езус: Загадайце людзям сесьці. Было-ж многа травы на месцы. Дык паселі мужчыны лікам каля пяці тысяч.
11 І ўзяў Езус хлябы і ўчыніўшы падзяку, раздаў сядзячым; таксама і з рыбаў, сколькі хацелі.
12 А калі наеліся, сказаў вучням сваім: Зьбярэце кавалкі, што асталіся, каб ня згінулі.
13 Дык сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкаў з пяцёх ячменных хлябоў, якія асталісяў тых, што елі.
14 Дык тыя людзі, убачыўшы цуд, які ўчыніў Езус, казалі: Што гэта ёсьць сапраўды прарок, каторы мае прыйсьці на сьвет.
15 Езус-жа пазнаўшы, што маюць прыйсьці, каб узяць яго і зрабіць яго каралём, аддаліўся ізноў сам адзін на гару.
16 Калі-ж настаў вечар, прыйшлі вучні ягоны да мора
17 і ўвайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капарнаум. І было ўжо сьцямнеўшы, а Езус да іх ня прыходзіў.
18 А мора, ад дуючага вялікага ветру, уздымалася.
19 Дык калі праплылі нешта дваццаць ці трыццаць стадыяў, убачылі Езуса ходзячага па моры і прбліжаючагася да лодкі — і спалохаліся.
20 Ён-жа сказаў ім: Гэта я, ня бойцеся.
21 Дык захацелі ўзяць яго ў лодку, і зараз лодка была пры зямлі, да каторай плылі.
22 На другі дзень грамада, якая стаяла на тым баку мора, убачыла, што там ня было другой лодкі, толькі адна, і што Езус не ўвайшоўшы быў са сваімі вучнямі ў лодку, але вучні ягоны адны адплылі;
23 а другія лодкі надплылі з Тэбэрыяды, блізка месца, дзе елі хлеб за падзякай Панскай.
24 Дык калі ўбачыла грамада, што там ня было Езуса ані вучняў ягоных, увайшлі ў лодку і прыплылі ў Капарнаум, шукаючы Езуса.
25 І калі знайшлі яго на тым баку мора, сказалі яму: Вучыцель, калі ты сюды прыбыў?
26 Адказаў ім Езус і сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам, вы шукаеце мяне не затым што відзелі цуды, але затым што елі хлеб і наеліся.
27 Здабывайце ня ежу, каторая гіне, але каторая трывае на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын чалавечы, бо яго Айцец азначыў, Бог.
28 Дык сказалі яму: Што мы маем рабіць, каб чыніць справы Божыя?
29 Адказаў Езус і сказаў ім: Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго ён паслаў.
30 Дык сказалі яму: Які-ж ты знак чыніш, каб мы ўбачылі і верылі табе? Што ты дзеіш?
31 Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як ёсьць напісана: «Хлеб з неба даў есьці» (Пс. 77:24).
32 Дык сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец мой дае вам праўдзівы хлеб з неба.
33 Бо хлеб ёсьць Божы, каторы з неба зыходзіць і дае жыцьцё сьвету.
34 Дык сказалі яму: Пане, дай нам заўсёды гэтага хлеба.
35 А Езус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да мяне, той не захоча есьці, а хто верыць у мяне, не захоча піць ніколі.
36 Але я вам кажу, што вы і бачылі мяне і ня верыце.
37 Усё, што дае мне Айцец, да мяне прыйдзе, і таго, хто да мяне прыходзіць, ня выкіну проч;
38 бо я зыйшоў з неба ня дзеля таго, каб чыніць маю волю, але волю таго, каторы паслаў мяне.
39 А гэтая ёсць воля таго, каторы паслащ мяне, Айца, каб нічога ня згубіў з усяго таго, што ён мне даў, але каб ускрасіў тое ў апошні дзень.
40 Гэтая-ж ёсьць воля Айца майго, каторы паслаў мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у яго, меў жыцьцё вечнае і я яго ўскрашу ў апошні дзень.
41 Дык жыды наракалі на яго, што быў сказаўшы: «Я ёсьць жывы хлеб, што з неба зыйшоў»
42 і казалі: Ці-ж гэта ня Езус, сын Язэпа, каторага мы знаем бацьку і матку? Дык як-жа ён гаворыць: «Што я з неба зыйшоў»?
43 Дык адказаў Езус і сказаў ім: Не наракайце паміж сабою.
44 Ніхто ня можа прыйсьці да мяне, калі Айцец, каторы паслаў мяне, не пацягне яго, і я яго ўскрашу ў апошні дзень.
45 Ёсьць напісана ў прароках: «І будуць усе вучнямі Бога» (Із. 54:13). Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да мяне.
46 Не затым што Айца хто-колечы відзеў, адно той, хто ад Бога ёсьць, той відзеў Айца.
47 Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто верыць у мяне, мае жыцьцё вечнае.
48 Я ёсьць хлеб жыцьця.
49 Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі.
50 Гэты ёсьць хлеб, што з неба зыходзіць, каб той, хто спажываў-бы яго, не памёр.
51 Я ёсьць хлеб жывы, каторы з неба зыйшоў. Калі-б хто еў гэты хлеб, будзе жыць на векі; а хлеб, каторы я дам, ёсьць цела маё за жыцьцё сьвету.
52 Дык спрачаліся жыды паміж сабою, кажучы: Як-жа ён можа даць сваё цела да яды?
53 І сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі-б вы ня елі цела Сына чалавечага і ня пілі крыві ягонай, ня будзеце мець жыцьця ў сабе.
54 Хто есць цела маё і п’е кроў маю, мае жыццё вечнае і я яго ўскрашу ў апошні дзень.
55 Бо цела маё ёсць сапраўды ежа, а кроў мая ёсць сапраўды пітво.
56 Хто есьць цела маё і п’е кроў маю, ува мне прабывае, а я ў ім.
57 Як паслаў мяне жывы Айцец, і я жыву праз Айца, а хто мяне спажывае, і той будзе жыць праз мяне.
58 Гэты ёсьць хлеб, каторы з неба зыйшоў. Ня так як бацькі вашыя елі манну і паўміралі; хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на векі.
59 Гэтае гаварыў вучачы ў бажніцы, у Капарнаум.
60 Дык многія з вучняў ягоных чуючы казалі: Жорсткая гэта мова, і хто яе можа слухаць?
61 Езус-жа, ведаючы сам у сабе, што на гэта нараклі вучні ягоны, сказаў ім: Гэта вас горшыць?
62 А калі ўбачыце Сына чалавечага, узыходзячага туды, дзе быў раней?
63 Гэта дух, што ажыўляе; цела не памагае нічога. Словы, якія я вам сказаў, ёсьць дух і жыцьцё.
64 Але ёсьць неекаторыя з вас, што ня вераць. Бо Езус ад пачатку ведаў, каторыя былі няверуючыя, і хто яго меў выдаць.
65 І казаў: Дзеля таго я вам сказаў, што ніхто ня можа прыйсьці да мяне, калі-б яму ня было дадзена Айцом маім.
66 Ад гэтага часу многія з вучняў ягоных пайшлі назад і ўжо з ім не хадзілі.
67 Дык сказаў Езус да дванаццацёх: Ці і вы хочаце адыйсьці?
68 І адказаў яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты мае словы жыцьця вечнага;
69 і мы ўверылі і пазналі, што ты ёсьць Хрыстус, Сын Божы.
70 Адказаў яму Езус: Ці-ж не дванаццацёх вас выбраў? А адзін з вас ёсьць д’ябал.
71 Казаў-жа аб Юдзе Сымонавым, Іскарыёце; бо гэты, будучы адным з дванаццацёх, меў яго выдаць.
Каментары ці зноскі:
4 Гэта Пасха была ўжо трэцяй у публічным навучаньні Езуса.
7 Гл. Мк. 6:37.
11 Гл. Мт. 14:19.
15 Народ жыдоўскі быў пракананы, што Мэсыяш так-жа будзе зямным валадаром і адбудуе валадарства Давіда, а як зямны валадар накорміць жыдоў цудоўным спосабам, як Майсей у пустыні. Хрыстус аднак адыйшоў на гару, каб там памаліцца (Мк. 6:46).
19 25-30 стадыяў — гэта каля 5 клм. Вучні спалохаліся, бо думалі, што гэта нейкая здань (Мт. 14:26; Мк. 6:49).
25 Людзі ня ведалі, што Езус пайшоў па моры.
27 Бог Айцец азначыў свайго Сына як-бы пячацяй цудаў і ласкаў, якія праз яго дзеяліся і гэтым самым паказаў, што ён — Сын Ягоны.
30-31 Тут жыды кажуць так: «Мы паверылі Майсею і ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо Майсей свай пасланства ад Бога даказаў цудамі, а ты цьвярдзіш, што дасі нам хлеб на жыцьцё вечнае, болей абяцаеш, чым Майсей, дык ты павінен нейкім нязвычайным цудам сьцьвердзіць праўдзівасьць сваіх слоў».
36 Жыды бачылі, як Езус чыніў цуды, аднак-жа ня ўверылі.
37 Бог Айцец ласкай сваею сам прыводзіць праўдзівых вучняў да Езуса і такія вучні не адыйдуць ад яго.
42 Што Езус прыйшоў з неба, жыды ніяк не маглі зразумець. У іх пракананьні Езус — гэта сын Язэпа і Марыі.
44 Ніхто ня можа прыйсьці да Езуса, калі яго Бог не пацягне ласкай сваею.
52 Хрыстус выразна абяцае даць хлеб жыцьця вечнага, а гэтым хлебам ёсьць цела яго, выданае за жыцьцё сьвету.
54 Гэты загад Хрыстовы спажываць ягонае цела абавязвае ўсіх хрысьціян-каталікоў, дайшоўшых да розуму. Загад гэты выражаны ў чацьвертым прыказаньні касьцельным.
55 Той мае жыцьцё вечнае, хто годна прымае Цела і Кроў Хрыстову ў сьв. Эўхарыстыі, але хто нягодна прыймае, той есьць і п'е для сябе асуджэньне, бо не адрозьнівае Цела Пана ад звычайнай ежы, як аб гэтым кажа сьв. Павал (1 Кар. 11:29).
61 Гэта ня былі апосталы, але іншыя вучні. Для іх навука аб Эўхарыстыі была жорсткая і незразумелая. Яны думалі, што Хрыстус гаворыць аб сваім целе, пакроеным на кусочкі.
63 Гэтымі славамі Хрыстус як-бы пытаецца: «Штож будзе, калі Сын чалавечы ўзыйдзе ў неба? Ці і тады будзеце думаць аб целе, пакроеным на кусочкі? Калі Сын чалавечы можа сваё цела ўзьняць да неба і праславіць, то ці ня можа даць яго людзям на спажыву»?
64 Цела бяз душы ня можа выканаць ніякай сьцісла-людзкой чыннасьці, бо чалавек складаецца з цела і душы; так і тут Хрыстус дасьць вучням сваё цела, ажыўленае духам і злучанае з боствам.
Словы, сказаныя Хрыстусам, маюць творчую, жыцьцёвую сілу.
67 Хоць многія з вучняў Хрыстовых адыйшлі ад яго, аднак Хрыстус не бярэ назад свайго абяцаньня аб устанаўленьні сьв. Эўхарыстыі.
71 Д'ябал тут азначае грэшніка, паводле слоў: «Хто чыніць грэх, з д'ябла ёсьць» (Ян 3:8).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.