1 І праходзячы Езус угледзеў чалавека сьляпога ад нараджэньня.
2 І спыталіся ў яго вучні ягоны: Раббі, хто саграшыў, ён, ці бацькі ягоны, што сьляпым нарадзіўся?
3 Адказаў Езус: Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоны, але каб выявіліся ў ім чыны Божыя.
4 Мне трэба чыніць чыны таго, каторы паслаў мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто ня можа чыніць.
5 Пакуль я на сьвеце, я ёсьць сьвятло сьвету.
6 Сказаўшы гэтае, ён плюнуў на зямлю і зрабіў з сьліны балота і памазаў балотам вочы ягоны
7 і сказаў яму: ідзі, умыйся ў саджалцы Сілоэ (што тлумачыцца «Пасланы»). Дык ён пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відзючы.
8 Дык суседзі і тыя, што яго перад тым бачылі, што быў жабраком, казалі: Ці ня той гэта, што сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Што гэта той;
9 а другія: Не, але да яго падобны. Ён-жа казаў: што гэта я.
10 Дык казалі яму: як-жа адчыніліся табе вочы?
11 Ён адказаў: Той чалавек, каторы завецца Езус, зрабіў балота і памазаў мае вочы і сказаў мне: «ідзі да саджалкі Сілоэ і ўмыйся». І я пайшоў, і ўмыўся, і віджу.
12 І сказалі яму: Дзе ён? Сказаў: ня ведаю.
13 Прывялі таго, што быў сьляпым, да фарызэяў.
14 А была субота, калі Езус зрабіў балота і адчыніў вочы ягоны.
15 Дык ізноў пыталіся ў яго фарызэі, як стаў відзець? Ён-жа сказаў ім: Балота палажыў мне на вочы, і я ўмыўся, і віджу.
16 Дык казалі некаторыя з фарызэяў: Не ад Бога гэты чалавек, што не захоўвае суботы. Другія-ж казалі: Як можа чалавек грэшны чыніць гэтыя знакі? І была спрэчка паміж імі.
17 Дык сказалі ізноў сьляпому: Ты што кажаш аб тым, што адчыніў твае вочы? Ён-жа сказаў: Што гэта прарок.
18 Дык ня верылі жыды аб ім, што ён быў сьляпы і стаў відзець, пакуль не паклікалі бацькоў таго, што стаў відзець,
19 і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, аб каторым вы кажаце, што сьляпым нарадзіўся? Дык як-жа цяпер відзіць?
20 Адказалі ім бацькі ягоны і сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што сьляпым нарадзіўся;
21 але як цяпер відзець, ня ведаем; або хто адчыніў вочы ягоны, мы ня ведаем. У самога пытайце, ён мае гады, няхай сам аб сабе гаворыць.
22 Гэта сказалі бацькі ягоны, бо баяліся жыдоў; бо жыды ўжо былі змовіўшыся, што калі-б хто прызнаў яго за Хрыста, каб быў вылучаны з бажніцы.
23 Дзеля гэтага бацькі ягоны сказалі: што мае гады, у самога пытайце.
24 Дык паклікалі ізноў таго чалавека, што быў сьляпым, і сказалі яму: Дай славу Богу. Мы ведаем, што той чалавек ёсьць грэшны.
25 Ён-жа сказаў ім: Ці ён грэшны, ня ведаю; адно ведаю, што я быў сьляпы, цяпер віджу.
26 Дык сказалі яму: Што ён табе зрабіў? Як адчыніў табе вочы?
27 Адказаў ім: Я вам ужо сказаў і вы чулі, нашто ізноў хочаце чуць? Ці і вы хочаце стацца ягонымі вучнямі?
28 Яны-ж злаялі яго і сказалі: Ты будзь ягоным вучнем, а мы вучні Майсея.
29 Мы ведаем, што да Майсея гаварыў Бог, а гэтага ня ведаем, адкуль ён.
30 Адказаў той чалавек і сказаў ім: Гэта бо дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль ён, а ён адчыніў вочы мае.
31 А мы ведаем, што грэшных Бог ня слухае; але калі хто ёсьць паклоньнікам Божым і чыніць ягону волю, таго выслухоўвае.
32 Ад веку ня чуваць было, каб хто адчыніў вочы сьлепанароджанага.
33 Калі-б ён ня быў ад Бога, ня мог-бы нічога ўчыніць.
34 Яны адказалі і сказалі яму: У грахох ты ўвесь нарадзіўся і ты нас вучыш? І выкінулі яго проч.
35 Пачуў езус, што яго выкінулі проч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: Ты верыш у Сына Божага?
36 адказаў той і сказаў: Хто ён, Пане, каб мне верыць у яго?
37 І сказаў яму Езус: І бачыў ты таго, і той, што гаворыць з табою, гэта ён.
38 Ён-жа сказаў: Веру, Пане. І ўпаўшы, пакланіўся яму.
39 І сказаў Езус: На суд я прыйшоў на гэты сьвет, каб тыя, што ня відзяць, відзелі, а тыя, што відзяць, сталіся сьляпымі.
40 І пачулі некаторыя з фарызэяў, якія былі з ім, і сказалі яму: Няўжо і мы сьляпыя?
41 Сказаў ім Езус: Калі-б вы былі сьляпыя, то ня мелі-б граху, але цяпер вы кажаце: «што відзім». Грэх ваш астаецца.
Каментары ці зноскі:
2 Пракананьні тагачасных жыдоў кожнае няшчасьце спатыкала чалавека за ягоны грахі або за грахі бацькоў.
4 Тут «дзень» Хрыстовага зямнога жыцьця, а «ноч» ягонай мукі і сьмерці.
12 У жыдоў за праступак вылучалі з бажніцы на 30-60 дзён — і гэта быў праклён малы (ніддуй), а калі гэта не памагала, дык на праступніка кідалі праклён вялікі (хэрэм) на цэлае жыцьцё.
24 «Дай славу Богу» значыць: Дзеля Бога скажы праўду. Але жыды тут-жа падсоўваюць думку, што Хрыстус ёсьць грэшнікам, значыць, нягодным чалавекам.
30 Калі адчыніў вочы, значыць, ён ад Бога.
36 Грэшных Бог не выслухоўвае, але ці заўсёды? Вось-жа выслухоўвае тады, калі чалавек грэшны моліцца за свой наварот, але калі Бог прадбачыць, што дадзеная ім ласка пацягне грэшнага да добрага жыцьця.
38 Добры Езус адняў ад яго ня толькі сьлепату цела, але і душы і абдарыў яго верай.
39 Хрыстус прыйшоў «на суд», г. зн. каб падаць людзям дзіўныя суджэньні і пастановы Божыя, якія выяўляюцца ў тым, што сьляпыя (няверныя і пагане) відзяць г. зн. становяцца веруючымі, а веруючыя (жыды) стаюцца сьляпымі і нявернымі.
41 Калі-б жыды ня ведалі нічога аб Хрысьце («былі сьляпымі»), яны ня меліб граху, але калі яны мелі столькі прароцтваў і цудаў, не астаюцца без граху.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 9 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.