1 У той час Ісус прайходзіў у суботу паміж збожжа. Ягоныя-ж вучні пачулі голад і пачалі зрываць каласы да есьці.
2 Фарысэі-ж угледзеўшы гэтае, сказалі Яму: "Вось Твае вучні робяць тое, чаго ня можна рабіць у суботу."
3 Ён-жа сказаў ім: "Ці-ж вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны і тыя, што былі з ім?
4 Як ён увайшоў у Божы дом і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці ні яму, ні тым, што былі з ім, а толькі адным сьвятаром?
5 Або ці-ж вы ня чыталі ў законе, што ў суботы сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, аднак бязьвінныя?
6 А Я кажу вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню.
7 Калі-б вы зразумелі, што значыць: хачу міласэрнасьці, а не ахвяры, дык ня судзілі-б бязвінных.
8 Бо Сын Чалавечы ёсьць Госпадам і суботы".
9 І адыйшоўшы адтуль, Ён увайшоў у іхнюю бажніцу.
10 І вось там быў сухарукі чалавек. І спыталіся ў Ісуса, каб абвінаваціць Яго: "Ці дазволена аздараўляць у суботу?"
11 Ён-жа сказаў ім: "Хто з вас, маючы адну авечку, калі яна ў суботу ўваліцца ў яму, ня возьме яе і ня выцягне?
12 На колькі-ж важнейшы чалавек за авечку? Значыць можна рабіць дабро і ў суботу".
13 Тады кажа гэнаму чалавеку: "Выцягні тваю руку!" І той выцягнуў і яна сталася здароваю, як і другая.
14 Фарысэі-ж, выйшаўшы змаўляліся, як-бы загубіць Яго.
15 Даведаўшыся аб гэтым, Ісус пайшоў адтуль. І пайшло за Ім мноства народу. І Ён аздаравіў іх усіх.
16 І забараніў ім, каб ня выяўлялі Яго,
17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
18 "Вось мой слуга, якога я выбраў. Улюблены мой, якому спагадае Мая душа. Узлажу Мой Дух на Яго і абвесьціць народам суд.
19 Ня будзе спрачацца, ані галасіць, і ніхто не пачуе на плошчы ягонага голасу.
20 Надломанае трасьціны не даломіць і тлеючага кноту не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі.
21 І на ягонае імя будуць спадзявацца народы".
22 Тады прывялі да Яго апанжаванага нячысьцікам сьляпога і нямога, і аздаравіў яго так, што сьляпы і нямы стаў гаварыць і бачыць.
23 І дзіву даваўся ўвесь народ і гаварыў: "Ці ня гэта сын Давідаў?"
24 А фарысэі, пачуўшы гэтае, сказалі: "Ён выганяе нячысьцікаў ня йначай, як сілаю Бэльзэбуба чартоўскага князя".
25 Але Ісус, ведаючы іхныя думкі, сказаў ім: "Усякае валадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, апусьцее; і ўсякае места, ці дом, разьдзяліўшыся само ў сабе, ня ўстоіць.
26 І калі нячысьцік выганяе нячысьціка, то ён разьдзяліўся сам у сабе; як-жа ўстаіцца ягонае валадарства?
27 І калі Я сілаю Бэльзэбуба выганяю нячысьцікаў, дык чыею сілаю выганяюць іх? Таму яны будуць вам судзьдзямі.
28 А калі Я Божым Духам выганяю нячыстых духаў, дык прыйшло да вас Божае Валадарства.
29 Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць ягоныя рэчы, калі перш ня зьвяжа асілка? і тады абрабуе ягоны дом.
30 Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
31 Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям, а блюзьнерства супраць Духа не даруецца.
32 Калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; калі-ж скажа на Сьвятога Духа, не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
33 Або прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, або прызнайце дрэва дрэнным і плод яго дрэнным, бо дрэва пазнаецца па плоду.
34 Родзе гадавы! як вы можаце гаварыць добрае, калі вы дрэнныя? бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны.
35 Добры чалавек з добрага скарбу выносіць добрае, а дрэнны чалавек з дрэннага скарбу выносіць дрэннае.
36 Кажу-ж вам, што за ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у дзень суду.
37 Бо паводле сваіх слоў будзеш апраўданы і паводле сваіх слоў будзеш засуджаны".
38 Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў азваліся, кажучы: "Настаўнік! мы хочам бачыць ад Цябе якісьці знак".
39 Ён-жа сказаў у адказ: "Род ліхі і чухаложны шукае знаку, і знак ня будзе яму дадзены, апрача знаку Іоны прарока.
40 Бо як Іона быў у нутры кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
41 Нінівейскія мужы ўстануць на суд з гэтым родам і засудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навукі Іоны; і вось тут больш чым Іона.
42 Паўднёвая каралева паўстане на суд з гэтым родам і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць Салямонавае мудрасьці, а вось тут больш чым Салямон.
43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавеке, дык блукаецца па бязводзьдзі, шукаючы супакою і не знайходзіць.
44 Тады кажа: вярнуся ў мой дом, адмуль я выйшаў. І прыйшоўшы, знайходзіць яго незанятым, замеценым і прыбраным.
45 Тады йдзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, горшых за сябе і, увайшоўшы, жывуць тамі і для таго чалавека апошняе бывае горшае, чым першае. Так будзе і з гэтым ліхім родам".
46 Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да грамадаў, вось Ягоная маці і Ягоныя браты стаялі на дварэ, хочучы гаварыць з Ім.
47 І нехта сказаў Яму: "Вось Твая маці і Твае браты стаяцё вонках, хочучы гаварыць з Табою".
48 Ён-жа сказаў у адказ гаварыўшаму: "Хто маці Мая? Хто Мае браты?"
49 І паказаўшы сваею рукою на Сваіх вучнаў, сказаў: "Вось Мая маці і Мае браты;
50 бо хто будзе выконваць волю Майго Айца, што ў небе, той Мой брат і сястра і маці".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле паводле Матэя, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.