1 У той-жа дзень Ісус выйшаў з дому і сеў на беразе мора.
2 І сабралася каля Яго вялікая грамада народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім, а ўвесь народ стаяў на беразе.
3 І шмат гаварыў ім у прыповесьцях, кажучы: "Вось выйшаў сейбіт сеяць.
4 І калі ён сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі і пакляваді іх;
5 іншыя ўпалі на камяністае мейсца, дзе было ня шмат зямлі, і зараз узыйшлі, бо ральля была няглыбокая.
6 Калі-ж узыйшло сонца, дык завялі, і ня меўшы кораня, высахлі.
7 Іншыя ўпалі ў цярніну, і вырасла цярніна ды заглушыла іх.
8 Іншыя ўпалі на добрую зямлю і далі плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзесят, іншае-ж у трыццаць?
9 Хто мае вучы, каб чуць, хай чуе!
10 І прыступіўшыся вучні сказалі Яму: "Чаму, гаворыш ім прыповесьцямі?"
11 Ён-жа сказаў ім у адказ: "Таму, што вам дадзена ведаць тайны Нябеснага Валадарства, а ім ня дадзена.
12 Бо хто мае, таму будзе дадана і ён будзе мець лішняе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.
13 Дзеля таго гавару ім прыповесьцямі, што яны гледзячы ня бачаць і слухаючы, ня чуюць і не разумеюць.
14 І збываецца над імі прароцтва Ісаіі, якое кажа: Слухам будзеце слухаць і не зразумееце; будзеце глядзець і ня ўгледзіце.
15 Бо агрубела сэрца гэтага народу, і вушыма цяжка чуюць, і заплюшчваюць вочы, каб ня бачыць вачыма і не пачуць вушыма і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца, каб я не аздаравіў іх.
16 Вашыя-ж шчасьлівыя вочы, бо бачаць, і вашыя вушы, бо чуюць.
17 Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі хацелі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
18 Вось-жа паслухайце значэньне прыповесьці аб сейбіце.
19 Да ўсякага, хто слухае слова аб Валадарстве і не разумее, прыходзіць ліхі і выхоплівае пасеянае ў ягоным серцыў гэта ёсьць пасеянае пры дарозе.
20 А пасеянае на камяністых мясцох азначае таго, хто слухае слова і зараз-жа з радасьцю прыймае яго;
21 але ня мае ў сабе кораня і нясталы; калі надыходзіць бяда ці прасьледаваньне дзеля слова, зараз-жа згоршваецца.
22 А пасеянае ў цярніне гэта той, хто слухае слова, але клопаты гэтага сьвету і зводнасьць багацьця заглушаюць слова, і яно астаецца бясплодным.
23 Пасеянае-ж на добрай ральлі гэта той, хто слухае слова і разумее: гэткі дае плод — і адзін дае сто, іншы шэсьцьдзесят, а іншы трыццаць".
24 Іншую прыповесьць даў ім, кажучы: "Нябеснае Валадарства падобнае да чалавека, што пасеяў добрае насеньне на сваім полі.
25 Калі-ж людзі спалі, прыйшоў ягоны вораг і пасеяў куколь між пшаніцаю і пайшоў.
26 Калі-ж узрасло збожжа і дало плод, тады паказаўся і куколь.
27 Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара дому, сказалі яму: Гаспадар, хіба ты нядобрае насеньне пасеяў на сваім полі? Адкуль-же ўзяўся куколь?
28 Ён сказаў ім: Вораг-чалавек зрабіў гэтае. А слугі сказалі яму: Хочаш, мы пойдзем выпалем яго.
29 Але ён сказаў: Не, каб часам выбіраючы куколь, вы не павырывалі і пшаніцу.
30 Пакіньце расьці абое разам да жніва. А ў часе жніва я скажу жанцом: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце ў вязкі, каб спаліць, а пшаніцу зьбярэце ў маё гумно."
31 Другую прыповесьць Ён падаў ім, кажучы: "Нябеснае Валадарства падобнае да гарчычнага зярняці, якое чалавек узяў і пасеяў на сваім полі.
32 Яно сапраўды найменшае з усяго насеньня, але калі вырасьце, бывае большым за ўсе агародзіны і становіцца дрэвам так, што нябесныя птушкі прылятаюць і гнязьдзяцце ў ягоным гальлі."
33 Іншую прыповесьць Ён сказаў ім: "Нябеснае Валадарства падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяўшы палажыла ў тры меркі мукі, пакуль ня скісьне ўсё".
34 Усё гэтае Ісус гаварыў да грамадаў прыповесьцямі і бяз прыповесьці не гаварыў ім;
35 каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: "Адчыню ў прыповесьцях мае вусны, выкажу ўтоенае ад заснаваньня сьвету".
36 Тады, адпусьціўшы народ, увайшоў у дом. І прыступіліся да Яго ягоныя вучні, кажучы: "Паясьні нам прыповесьць аб куколі ў полі".
37 Ён-жа сказаў ім у адказ: "Сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы.
38 А поле — гэта сьвет; добрае зерня — гэта сыны Валадарства, а куколь — сыны ліхога;
39 вораг, які сеяў яго, ёсьць д’ябал; жніва — гэта канец сьвету, а жанцы — гэта анёлы.
40 Вось-жа, як зьбіраюць куколь і паляць агнём, так будзе пры сканчэньні сьвету.
41 Сын Чалавечы пашле Сваіх анёлаў і зьбяруць з Ягонага Валадарства ўсё згоршеньне і тых, што робяць бясчынствы.
42 І ўкінуць іх у вогністую печ; там будзе плач і скрыгат зубоў.
43 Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца ў валадарстве іхняга Айца. Хто мае вушы слухаць, няхай чуе.
44 Яшчэ Нябеснае Валадарства падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоўшы, чалавек прыкрывае і ў радасьці ад гэтага, ідзе і прадае ўсё, што мае і купляе тое поле.
45 Зноў-жа падобнае Нябеснае Валадарства да чалавека купца, які шукае добрых пэрлаў.
46 І знайшоўшы адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
47 Зноў-жа падабнае Нябеснае Валадарства да неваду, які закінены ў мора, набірае ўсякага роду рыбы.
48 Калі-ж ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае сабралі ў судзіны, а дрэннае выкінулі вон.
49 Так будзе пры сканчэньні сьвету: выйдуць анёлы і выдзеляць дрэнных спасярод праведных
50 і ўкінуць іх у вогністую печ; там будзе плач і скрыгат зубоў.
51 Ці вы зразумелі ўсё гэтае?" Яны кажуць: "Так!"
52 Ён-жа сказаў ім: "Вось чаму кожны кніжнік, навучаны аб Нябесным Валадарстве, падобны да гаспадара, які выносіць з свае скарбніцы новае і старое.
53 І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя прыповесьці, пайшоў адтуль.
54 І прыйшоўшы ў сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у іхняй бажніцы, так што яны дзівіліся і гаварылі: "Адкуль у Яго гэткая мудрасьць і сіла?
55 Ці-ж ня цесьляў Ён сын? Ці не Ягоная маці завецца Марыя і Ягоныя браты Якаў, Язэп, Сымон і Юда?
56 і Ягоныя сёстры ці-ж ня ўсе між намі? Дык адкуль у Яго ўсё гэтае?"
57 І спакушаліся дзеля Яго. Ісус-жа сказаў ім: "Ня бывае прарока без пашаны, хіба толькі ў сваёй бацькаўшчыне і ў сваім доме".
58 І ня ўчыніў там многіх цудаў дзеля іхняга няверства.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле паводле Матэя, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.