1 Тады прыйшлі да Ісуса Ерузалімскія кніжнікі і фарысэі, кажучы:
2 "Чаму Твае вучні парушаюць пераказы старшых? Бо ня ўмываюць рук, калі ядуць хлеб".
3 Ён-жа сказаў ім у адказ: "Чаму і вы парушаеце Божае прыказаньне дзеля вашага пераказу?
4 Бо Бог загадаў: Шануй бацьку і матку; і хто зласловіць бацьку ці матку, няхай сьмерцю памрэ.
5 А вы кажаце: калі хто скажа бацьку або матцы: ахвяраю ёсьць тое, чым-бы ты ад мяне карыстаўся,
6 той можа не шанаваць свайго бацьку і сваю матку. Так вы парушылі Божае прыказаньне дзеля вашага пераказу.
7 Крывадушныя! добра прарочыў аб вас Ісаія, кажучы:
8 "Гэты народ паважае Мяне сваімі вуснамі; сэрце-ж іх далёка ад Мяне.
9 Але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы людзкіх навукаў і прыказаньнаў".
10 І прыклікаўшы людзей, сказаў ім: "Слухайце і разумейце:
11 Ня тое, што ўвайходзіць у вусны апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека".
12 Тады прыступіліся да Яго вучні і сказалі Яму: "Ці ведаеш, што фарысэі пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?"
13 Ён-жа сказаў у адказ: "Усякая расліна, каторую не насадзіў Мой нябесны Айцец, будзе выкаранена.
14 Пакіньце іх; яны сьляпыя правадыры сьляпых. А калі сьляпы вядзе сьляпога, дык абодва ўваляцца ў яму".
15 Пятро-ж адказваючы сказаў Яму: "Растлумач нам гэтую прыповесьць".
16 Ён сказаў: "Няўжо-ж і вы яшчэ нецямушчыя?
17 Ці-ж яшчэ не разумееце, што ўсё, увайходзячае ў вусны, праходзіць у жывот і выкідаецца вон?
18 А што выходзіць з вуснаў — з сэрца паходзіць; гэтае апаганьвае чалавека;
19 бо з сэрца выходзяць дрэнныя думкі, забойствы, чужаложствы, распуста, зладзейства, крывапрысяга, пракляцьці;
20 гэтае апаганьвае чалавека. А есьці непамытымі рукамі — гэта не апаганьвае чалавека."
21 І выйшаўшы адтуль, Ісус пайшоў у ваколіцы Тыру і Сыдону.
22 І вось хананэйская жанчына, выйшаўшая з тых ваколіц, крычала Яму, кажучы: "Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, сыне Давідаў, дачку маю вельмі мучыць нячысты!"
23 Але Ён не адказваў ёй ні слова. І Ягоныя вучні, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: "Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі".
24 Ён-жа сказаў у адказ: "Я пасланы толькі да гінучых авец дому Ізраілявага".
25 А яна, прыйшоўшы, кланялася Яму і гаварыла: "Госпадзе, памажы мне!"
26 Ён-жа сказаў у адказ: "Нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам".
27 Яна-ж сказала: "Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала іхных гаспадароў".
28 Тады Ісус сказаў ёй у адказ: "О жанчына! вялікая твая вера, няхай станецца табе, як жадаеш". І аздаравела яе дачка ў тую гадзіну.
29 І калі перайшоў адтуль, Ісус прыйшоў да Галілейскага мора і, узыйшоўны на гару, сеў там.
30 І прыйшла да Яго вялікая грамада, маючы з сабою калекаў кульгавых, сьляпых, нямых, калек і многа іншых, і клалі іх каля Ісусавых ног; і Ён аздараўляў іх.
31 Дык грамады дзівіліся, бачучы нямых як яны гаварылі, калекаў аздароўляных, кульгавых ходзячых і сьляпых відзячых, і славілі Ізраілявага Бога.
32 Ісус-жа, прыклікаўшы Сваіх вучняў, сказаў ім: "Шкада Мне грамады, што ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне, і нечага ім есьці; адпусьціць-жа іх галоднымі не хачу, каб не аслабелі ў дарозе.
33 І кажуць Яму вучні: "Адкуль нам у пустыні ўзяць гэтулькі хлеба, каб накарміць такую грамаду?"
34 І сказаў ім Ісус: "Колькі маеце хлябоў?" Яны сказалі: "Сем і некалькі рыбак."
35 Тады згадаў народу пасесьць на зямлі.
36 Узяўшы сем хлябоў і рыбы ды аддаўшы хвалу, паламаў і даў Сваім вучням, а вучні народу.
37 І елі ўсе і наеліся; і назбіралі астаткаў сем поўных кашоў.
38 А тых, што елі было чатыры тысячы чалавек, апрача жанчын і дзяцей.
39 І адпусьціўшы народ, увайшоў у човен і прыбыў у ваколіцы Магадану.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле паводле Матэя, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.