Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Матэя 5 Эвангельле Матэя 5 разьдзел

1 Калі Ісус убачыў грамаду народу, Ён узыйшоў на гару і, калі сеў, падыйшлі да Яго ягоныя вучні і
2 Ён, адчыніўшы свае вусны, навучаў іх, кажучы:
3 Шчасьлівыя ўбогіх духам, бо іх ёсьць Нябеснае Валадарства.
4 Шчасьлівыя ціхія, бо яны завалодзюць зямлёю.
5 Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны ўцешацца.
6 Шчасьлівыя галодныя і смагнучыя справядлівасьці, бо яны насыцяцца.
7 Шчасьлівыя міласэрныя, бо ян будуць памілаваныя.
8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9 Шчасьлівыя, што чыняць згоду, бо яны будуць названыя Божымі сынамі.
10 Шчасьлівыя тыя, каго прасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць Нябеснае Валадарства.
11 Шчасьлівыя вы, калі вас будуць зьневажаць, прасьледаваць і ўсяк несправядліва абмаўляць дзела Мяне,
12 радуйцеся і цешцеся, бо вялікая ваша нагарода на небе.
13 Вы соль зямлі; калі-ж соль зьвятрэе, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні навошта не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон, каб тапталі людзі.
14 Вы сьвятло сьвету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары.
15 І запаліўшы сьвечку, не стаўляюць яе пад бочкў, але на сьвечнік, і сьвеціць усім, хто ёсьць у хаце.
16 Гэтак няхай вашае сьвятло сьвеціць перад людзьмі, каб яны, бачучы вашыя добрыя ўчынкі, уславілі вашага Айца, што ў небе.
17 Ня думайце, што Я прыйшоў скасаваць закон, ці прарокаў; не скасаваць Я прыйшоў, але выканаць.
18 Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ці рыса з закону не адменіцца, пакуль ня выпаўніцца ўсё.
19 Вось-жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньнаў і навучыць таго людзей, той будзе названы найменшым у Нябесным Валадарстве.
20 Бо кажу вам, калі вашая праведнасьць ня будзе большаю чым у кніжнікаў і фарысэяў, той ня ўвойдзе ў Нябеснае Валадарства.
21 Вы чулі, што сказана старадаўным: не забівай; хто-ж заб’е, падлягае суду.
22 А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на свайго брата, падлягае суду; а хто скажа свайму брату: нікчэмны, падлягае вярхоўнаму суду; а хто скажа: шалёны, падлягае вогненней гэеньне.
23 І калі ты прынясеш тваю ахвяру на ахвярнік і там прыпомніш, што твой брат мае нешта супраць цябе,
24 пакінь там ахвяру перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з тваім братам, а тады ўжо прыйдзі і прынясі тваю ахвяру.
25 Гадзіся з тваім супернікам хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб часам супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе і ня ўкінулі-б цябе ў астрог.
26 Сапраўды кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэляга.
27 Вы чулі, што сказана старадаўным: Ня блудзі.
28 А я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну і пажадлівыму думкамі, ужо блудзіць з ёю ў сваім сэрцы.
29 Калі-ж тваё правае вока вядзе цябе да граху; вырві яго і кінь ад сябе, бо ляпей табе, каб загінуў адзін член твайго цела, чымся ўсё цела тваё будзе ўкінена ў гэенну.
30 І калі твая правая рука спакушае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо ляпей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, чымся ўсё цела тваё мела йсьці ў гэенну.
31 Сказана таксама: Хто разлучыцца з сваею жонкаю, няхай ёй дасьць разводны ліст.
32 А Я кажу вам: хто разводзіцца з сваею жонкаю, апрача віны чужаложства, той робіць яе распусьніцаю, а хто жэніцца з разьведзенаю — чужаложыць,
33 Яшчэ вы чулі, што сказана старадаўным: Не ламай прысягі, але выконвай перад Богам твае прысягі.
34 А Я кажу вам: не прысягайце зусім; ні небам, бо яно Божы пасад,
35 ні зямлёю, бо яна Ягоны падножак, ні Ерузалімам, бо гэта места вялікага валадара;
36 ні сваею галавою ня прысягай, бо ня можаш ніводнага воласу зрабіць белым, ці чорным.
37 Але няхай вашае слова будзе: так, так; не, не, а што больш таго, тое ад злога.
38 Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб.
39 А Я кажу вам: не супраціўляйцеся злому, але хто вытне цябе ў правую шчаку, павярні да яго і другую,
40 і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;
41 і хто прымусіць цябе йсьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве.
42 Таму, хто ў цябе просіць — дай і ня ўхіляйся ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць.
43 Вы чулі, што сказана: любі твайго бліжняга і ненавідзь твайго ворага.
44 А Я кажу вам: любеце вашых ворагаў, рабеце дабро тым, што вас ненавідзяць і малецеся за тых, што вас прасьледуюць і крыўдзяць,
45 каб вы сталіся сынамі вашага нябеснага Айца, Які загадвае свайму сонцу ўсходзіць над дрэннымі і добрымі, і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
46 Бо калі вы будзеце любіць тых, што вас любяць, якую-ж будзеце мець нагароду? Ці-ж ня тое самае робяць і мытнікі?
47 І калі вы вітаеце толькі вашых братоў, што асаблівае робіце? Ці-ж ня так робяць і пагане?
48 Будзьце-ж дасканалымі, як ваш нябесны Айцец ёсьць дасканалы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле паводле Матэя, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.