1 Ня судзеце, каб вас ня судзілі;
2 бо якім судом судзіце, такім і вас будуць судзіць; і якою мераю мераеце, гэткаю і вам адмераць.
3 І чаму ты глядзіш на цярушынку ў воку твайго брата, а калоды ў сваім воку не заўважваеш?
4 Або як ты можаш сказаць твайму брату: дай я выму цярушынку з твайго вока, а вось у сваім воку калода?
5 Крывадушнік! Выкінь перш калоду з свайго вока і тады ўбачыш, як дастаць цярушынку з вока твайго брата.
6 Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце сваіх пэрлаў перад сьвіньнямі, каб іх не патапталі сваімі нагамі і, адвярнуўшыся не разарвалі вас.
7 Прасеце і дасца вам; шукайце і знойдзеце; стукайце і адчыняць вам.
8 Бо кожны, хто просіць, атрымоўвае; і хто шукае, знайходзіць; і хто стукаецца, таму адчыняць.
9 Ці ёсьць між вамі чалавек, у якога калі сын папросіць хлеба, ён даў-бы яму камень?
10 Ці калі папросіць рыбы, даў-бы яму зьмяю?
11 Дык калі вы будучы кепскімі, умееце даваць добрыя дары вашым дзецям, дык на колькі больш ваш Айцец што ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго.
12 Вось-жа ўсё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, дык тое рабеце і вы ім; бо ў гэтым закон і прарокі.
13 Уваходзьдзе праз цесныя вароты, бо шырокія вароты і прасторны той шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўвайходзіць імі;
14 бо цесныя вароты і вузкі той шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала такіх, што знайходзяць яго.
15 Сьцеражэцеся манлівых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай скуры, а ўсярэдзіне яны драпежныя ваўкі.
16 Па іхных пладох пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з цярноўніка вінаград, або з асоту фігі?
17 Гэтак усякае добрае дрэва дае і плады добрыя, а дрэннае дрэва і плады дае дрэнныя.
18 Ня можа добрае дрэва даваць дрэнных пладоў, ані дрэннае дрэва даваць добрых пладоў.
19 Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
20 Дык па іхных пладох пазнаюць іх.
21 Ня ўсякі, што кажа Мне: Госпадзе! Госпадзе! увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю майго Айца, што ёсьць у небе.
22 Многія скажуць Мне ў той дзень: "Госпадзе, Госпадзе! Ці-ж не Тваім іменем мы прарочылі? Ці-ж не Тваімі іменем выганялі чартоў? і ці-ж не Тваім іменем чынілі многія цуды?"
23 І тады скажу ім: "Я ніколі ня ведаў вас; адыдзеце ад Мяне вы, што чыніце бясчынствы".
24 Вось-жа кожны, хто слухае гэтыя Мае словы і выконвае іх, прыраўноўваецца да мудрага чалавека, які пабудаваў свой дом на камені.
25 І лінуў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вярты і паімчаліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на камені.
26 А ўсякі, хто слухае Мае словы і ня выконвае іх, падобны да неразумнега чалавека, які пабудаваў свой дом на пяску.
27 І лінуў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і наляглі на той дом, і ён заваліўся, і ягоная руіна была вялікая.
28 І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, народ дзівіўся з Ягонае навукі,
29 бо Ён вучыў, як той, хто мае ўладу, а не так, як іхныя кніжнікі і фарысэі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле паводле Матэя, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.